Віталь Портнікаў Чаму Зяленскі – не Лукашэнка

Украінскі публіцыст, пісьменнік і тэлевядучы.

Кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі рэагуе на аб'яву першых экзіт-полаў на прэзідэнцкіх выбарах у сваім выбарчым штабе ў Кіеве, Украіна, 21 красавіка 2019 года. Фота – Forum/REUTERS/Valentyn Ogirenko

Беларускія назіральнікі, якія яшчэ памятаюць прэзідэнцкія выбары 1994 года, цалкам могуць паддацца спакусе параўнаць іх з украінскімі прэзідэнцкімі выбарамі 2019 года, а іх пераможца Уладзіміра Зяленскага з Аляксандрам Лукашэнкам. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у эфіры праграмы «Прасвет» калега Аліна Коўшык так проста і спытала мяне – ці можна параўноўваць Лукашэнку ў 1994 годзе і Зяленскага ў 2019 годзе, і ў нас атрымалася вельмі цікавая размова.

Але, кажучы пра падабенства, важна не забываць пра адрозненні. Таму што гэтыя адрозненні і вызначаюць і лёс Беларусі, і лёс Украіны. І гэтыя адрозненні – не адрозненні паміж Лукашэнкам і Зяленскім. Гэта як раз няважна. Гэта менавіта адрозненні паміж Беларуссю 1994 года і Украінай 2019 года. І яны велізарныя.

Лукашэнка вырашыў закансерваваць СССР на расейскія грошы

Аляксандр Лукашэнка атрымаў у кіраванне былую савецкую рэспубліку, якая ў 1994 годзе не была такой ужо і былой. Захоўвалася савецкая эканоміка, практычна адсутнічалі аўтарытэтныя палітычныя і прадпрымальніцкія кланы. Словам – Савецкі Саюз быў жывы і адчуваўся яшчэ ва ўсім. Лукашэнка вырашыў закансерваваць гэты Савецкі Саюз на расейскія грошы – і можна сказаць, што яму гэта ў поўнай меры ўдалося. Менавіта таму праз 25 гадоў пасля свайго абрання кіраўніком дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўсё яшчэ ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі і ад яго ўсё яшчэ залежыць, хто будзе – калі будзе – прэзідэнтам Беларусі.

Леанід Кучма, які быў у 1994 годзе абраны прэзідэнтам Украіны ў адзін дзень з Лукашэнкам, пайшоў іншым шляхам – шляхам стварэння алігархічнай дзяржавы паводле расейскага ўзору. Так, Лукашэнку хацелася атрымаць грошы Барыса Ельцына, а Кучма імкнуўся стаць такім, як Ельцын – і ў яго атрымалася. А самае галоўнае – атрымалася стварыць алігархічных рэспубліку.

Краіна – ганебшчына, кампанія – анекдот: расейскія СМІ аб выбарах ва Украіне

Без дасведчанага Кучмы, але з неспрактыкаваным Зяленскім

Менавіта такую рэспубліку праз некалькі тыдняў ўзначаліць Уладзімір Зяленскі. Аднаго цэнтру ўлады ў такой дзяржаве няма. Гэта нават не прэзідэнцкая рэспубліка, а парламенцка-прэзідэнцкая: для таго, каб мець у ёй уладу, неабходна кантраляваць парламент. Але і гэтага не дастаткова – без падтрымкі алігархаў ты хутка губляеш ўладу. Менавіта сварка Пятра Парашэнкі з часткай алігархічнага клуба і абумовіла яго паражэнне на выбарах кіраўніка дзяржавы – хай гэта і было аформлена, як грамадскае раздражненне супраць улады.

Каманда Зяленскага «прадказала» вынік выбараў у вядомым роліку пра стадыён

І менавіта тое, што алігархі былі незадаволеныя абсалютнай уладай Віктара Януковіча, не пакінула тагачаснаму прэзідэнту выйсця ў супрацьстаянні з Майданам. Так, пасля Майдана алігархі таксама сталі губляць свой уплыў, але хутка яго аднавілі – не ў апошнюю чаргу дзякуючы вайне і барацьбе ў новай уладзе. І цяпер яны могуць з поўным правам сказаць, што вярнулі Украіну ў пачатак 2000-х, толькі ўжо без дасведчанага Кучмы, але з неспрактыкаваным Зяленскім.

Януковіч павіншаваў Зяленскага і пажадаў «не падвесці» ўкраінскі народ

Кінуць выклік алігархам альбо назіраць, як яны дзеляць краіну

І тут трэба прызнаць, што ў акцёра, які перамог, куды больш выклікаў, чым у беларускага дэпутата, які перамог ў 1994 годзе . Яму трэба альбо кінуць выклік палітычнай эліце і алігархам, альбо назіраць за тым, як яны дзеляць краіну паміж сабой. Можна, вядома, паўдзельнічаць у гэтым піры драпежнікаў, але я не ўпэўнены, што там для Уладзіміра Зяленскага падрыхтавана пачэснае месца. Месца ж гэтае забяспечваецца грашыма, а не пасадай, хай нават самай высокай.

Уладзіміра Зяленскі можна будзе параўнаць з Аляксандрам Лукашэнкам толькі ў тым выпадку, калі ён падамне існуючую сістэму пад сябе, як гэта зрабіў беларускі прэзідэнт. А калі ён пераможа існуючую сістэму і створыць ўмовы для з’яўлення новай, неалігархічнай, то тады яго можна будзе параўноўваць толькі з Уладзімірам Зяленскім, тады гэта будзе беспрэцэдэнтна для постсавецкай прасторы.

Але для таго, каб зразумець, як падмяць або дэмантаваць існуючую сістэму ўлады, Уладзіміру Зяленскам варта для пачатку зразумець, як гэтая сістэма ўладкаваная і якую ролю на самай справе адыгрываюць у ёй людзі, якіх ён так доўга смяшыў.

Чытайце таксама:

Лукашэнка і Зяленскі – што агульнага? Каментуе Віталь Портнікаў

Віталь Портнікаў/АА, для belsat.ue

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары