Чаму з замку Вітаўта робяць «Дыснэйлэнд»?


Кіраўнік таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч параўноўвае рэканструкцыю Старога замку ў Горадні з будоўляй АЭС: эксперты даводзяць, што гэтага рабіць не трэба, але «працэс пайшоў».

Спыніць рэканструкцыю, пакуль не позна

1 чэрвеня ў Менску склікаюць круглы стол, прысвечаны сітуацыі на будаўнічай пляцоўцы ў Старым замку. Запрошаныя ўсе бакі, якія маюць дачыненне да рэканструкцыі. Гэта міністэрства культуры, навуковы кіраўнік праекту Бачкоў, з Горадні – прадстаўнікі ўладаў, «Гроднаграмадзянпраекту», гісторыка-археалагічнага музею. Будзе ўдзельнічаць Мікола Волкаў з інстытуту гісторыі, самы вядомы крытык рэканструкцыі, будуць архітэктары-рэстаўратары. Мэта – абмеркаваць працы, што вядуцца цяпер на Старым замку.
Стары замак у Горадні – адзін з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры ў Беларусі, комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў ХІ-ХІХ стст. З’яўляецца адзіным (за выключэннем размешчанага на суседнім пагорку Новага замка) захаваным каралеўскім замкам на землях Беларусі. Доўгі час замак быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх. Крыніца – wikipedia.org
Прыйдуць або не прадстаўнікі афіцыйных устаноў – гэта будзе дакладна характарызаваць сітуацыю, якая склалася вакол замка. Калі нікога з іх не будзе, значыць тыя працэсы, што адбываюцца на замку, сапраўды негатыўныя, і ніхто не хоча іх абмяркоўваць, мяркуе Антон Астаповіч.

Апошні раз замак рэстаўравалі ў 1950-я гг. Цяпер жа – на падставе макету архітэктара Уладзіміра Бачкова і ў сувязі з дзяржаўнаю праграмаю «Замкі Беларусі» – распачалося аднаўленне Старога замку, у выніку якога знясуць некалькі аднапавярховых будынкаў першай паловы ХХ ст., над палацам Баторыя дабудуюць трэці паверх, зʼявяцца вежа (барбакан), крытая галерэя, брама, мерная хата, камяніца, фрагмент драўлянага мосту XVI ст. і адзін пралёт каменнага мосту XVII–XIX стст.

Новая камяніца з боку Нёмну, надбудовы паверхаў на вежах і галерэях, якіх насамрэч не было, руйнаванне аўтэнтычных элементаў будынку і купал над уязною вежай, які, паводле Бачкова, мае быць буйны і цалкам сферычны (за што аздобу ўжо празвалі «планетарыем»).

Вакол праекту разгарэліся спрэчкі. Гісторыкі сцвярджаюць, што прапановы Бачкова не карэктныя, а запланаваныя аздабленні ды прыбудовы – фантазія, якой не пацвярджае ніводная крыніца.

Чаму баяцца спыніць рэканструкцыю?

«На жаль, працэс запушчаны. А як яго спыніць? Гэта практычна ўжо немагчыма. Як з АЭС. Запусцілі, а потым амаль праз дзесяць гадоў наш «старшы трэнер» гаворыць, што яму так і не растлумачылі, як яна будзе ўбудавана ў эканоміку».
Вядомы сталічны архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік пагаджаецца, што становішча са Старым замкам склалася вельмі сур’ёзнае. Усе ўжо даўно ўсё зразумелі, але баяцца спыніць – інерцыя працэсу ідзе, мяркуе ён. Чаму баяцца спыніць? «Бо нехта тады мусіць адказаць за няправільныя рашэнні, за змарнаваныя дзяржаўныя грошы. Таму ўсе будуць крычаць, што ўсё нармальна, давайце будзем хутчэй рабіць далей. Але ўсім даўно ясна, што памылка была, і што «прахлопалі» замак, можна сказаць», – робіць несуцяшальную выснову спецыяліст.
Паводле Вадзіма Глінніка корань праблемы ў маніякальнай ідэі ўбачыць аб’ект такім, якім хочацца. У абыякавасці да культурных напластаванняў пазнейшых часоў.
«Яны не чуллівыя да аўтэнтычнасці аб’екту. Яны яго хочуць бачыць стылістычна цэласным. А калі гэтай стылістыкі няма, то значыць – давайце дадумаем. Без разумення розніцы паміж аўтэнтычным аб’ектам і выдумкай», – зазначае спадар Гліннік.
У Таварыстве аховы помнікаў усведамляюць, што становішча са Старым замкам нагадвае патавую сітуацыю. Пытанняў вельмі шмат і вельмі вострых. Але з пункту гледжання працэдуры, замацаванай беларускім заканадаўствам, там фармальных парушэнняў няма, шчыра прызнаецца Антон Астаповіч. У гэтым і складанасць, паколькі ў Беларусі няма архітэктурных нормаў, мяркуе ён.

Парушэнні «без парушэнняў»

Праект прайшоў усе ступені ўзгадненняў, дзяржаўную экспертызу. Атрыманы дазвол Дзяржбуднагляду, ёсць дазвол міністэрства культуры. Але як пачаліся працы, пачалі выплываць новыя матэрыялы па замку.
«На жаль, наша заканадаўства, сама сістэма не дазваляе адкаціць працэс назад. Прыпыніць гэта практычна немагчыма. Гэта трэба, каб здарыўся цуд. Аднак правядзенне работ на замку трэба спыняць», – заўважае Астаповіч.
Прычына важкая: Старым замкам трэба працягваць займацца, ён яшчэ не вывучаны. І патрэбны цэлы аўтарскі калектыў. Пошукі ў архівах, затым натурныя. Там нават археалогія не праведзена ў поўным аб’ёме, падкрэслівае Антон Астаповіч. Толькі на падставе гэтых дадатковых даследаванняў можна прымаць пэўныя праектныя рашэнні, перакананы ён. Незвычайнасць таго, што адбываецца са Старым замкам, у тым, што «яны сёння нібы нічога не парушаюць, але вынік – усім відавочны», падсумоўвае кіраўнік таварыства аховы помнікаў.

«Дыснэйлэнд»

Замест таго, каб рупліва захоўваць кожны лапік слядоў розных гістарычных эпох, аўтэнтык знішчаецца. А ён жа з’яўляецца крыніцай для фундаментальных даследаванняў нашай культурнай гісторыі, гаворыць архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік. І ў выніку арыгінал падмяняецца інтэрпрэтацыяй сучаснага чалавека і ў сучасных матэрыялах. А гэткі «твор мастацтва нічога нам не будзе казаць потым пра культурную гісторыю мінулых часоў». У будучыні могуць паявіцца тэхналогіі счытвання інфармацыі, што не будуць прыводзіць да разбурэнняў. А з чаго мы будзем счытваць, калі самога аўтэнтычнага аб’екту ўжо не будзе? Гэтак разважае вядомы спецыяліст, якому не абыякавы лёс Старога замку ў Горадні.
Вадзім Гліннік дадае: «Там памылка за памылкай, выдумка на выдумцы. Чарговы «дыснэйлэнд». Калегі-рэстаўратары ў Менску вельмі занепакоеныя. Шкада, што далёка зайшло, гэтак нельга з такім аб’ектам рабіць. Я думаю, не адзін Бачкоў у гэтым вінаваты, але і тыя, хто разглядаў, узгадняў».
Гэта сведчыць пра неэфектыўнасць дзяржаўнай сістэмы аховы помнікаў, якая дапускае такія сітуацыі, перакананы спадар Гліннік.
Алесь Панятоўскі belsat.eu
Фота аўтара
Стужка навінаў