«Чаму я павінная з'язджаць? Няхай улады з'язджаюць». Размова «Белсату» са Святланай Алексіевіч (відэа)


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGd1dmYVdCY213RVElMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Стакгольмскае інтэрвʼю Святланы Алексіевіч тэлеканалу «Белсат» напярэдадні ўручэння Нобэлеўскай узнагароды па літаратуры за 2015 год.

«Гэты Нобэль – для тых, хто знік у цемры»

Я ўдзячная «Белсату», які, у адрозненні ад нашага афіцыйнага тэлебачання, праявіў салідарнасць з увагай свету да нас, да мяне як да аўтара, да людзей, пра якіх я пісала. Вось так і трэба жыць. Вы даеце прыклад, як трэба ставіцца адзін да аднаго. Я не ўспрымаю гэтую ўзнагароду як асабістую: яна – для шмат пакаленняў людзей, якія бясследна зніклі ў гэтай цемры, у гэтай ідэі. Не схіліць галаву перад імі – немагчыма. Нашая ўлада нават ня ведае, што такое – любіць свой народ.

Яна нават не мысліць такімі катэгорыямі.

Я думаю, што гэта так. У яе няма стратэгічнага, гістарычнага мыслення. У яе – цэлі: сёння – выжыць, заўтра – перамагчы на выбарах, яшчэ штосьці. Гэта і адрознівае вялікіх дзеячаў ад дачаснікаў.

Тым не менш, нашая ўлада трывае ўжо столькі гадоў.

Ёсць такая спайка на постсавецкай прасторы – такія формы самадзяржаўя: беларуская, казахская, цяпер вось расейская. У 90-я гады мы былі наіўныя, калі думалі, што мы ўжо свабодныя. Апынулася, што не. Свабода – гэта доўгі шлях.

Ці лічыце, што мы наблізіліся да яе на гэтым шляху?

Канешне. Па-першае, мы зразумелі гэта – што нельга быць свабоднымі маментальна, што гэта – доўгая праца. І што не трэба адчайвацца. Ні нашай апазіцыі, якая часам расчараваная ва ўласным народзе. Ні нашым людзям, якія расчараваныя ў апазіцыі. Трэба ведаць, што нельга быць свабоднымі адразу. Варлам Шаламаў, які прасядзеў 17 гадоў, дакладна заўважыў, што «лагер разбэшчвае і ката, і ахвяру». Мы ўсе выйшлі хворымі і траўмаванымі з той эпохі. Мы не адразу вызвалімся.

«Мы не можам выскачыць з мінуўшчыны»

Які дыягназ вы маглі б паставіць сучаснаму беларускаму грамадству?

Я лічу, што гэта «немагчымасць выскачыць з мінуўшчыны». Мы настолькі да яе прывязаныя… Я б нават не сказала, што гэта татальны страх улады, што ўсе баяцца Лукашэнкі і ягоных людзей. Так, гэта прысутнічае, бо людзі губляюць працу, дзяцей выганяюць з універсітэтаў. Але я думаю, што ў большасці людзей ёсць страх перад жыццём: яно занадта не падобнае на тое, як жылі іх бацькі, як яны жылі. І яны не хочуць мяняць штосьці для сябе і для дзяцей. Адзінае, на што яны могуць вырашыцца – выпхнуць дзяцей за мяжу.

А вы асабіста не баіцеся, што вас пачнуць прэсаваць і вам прыйдзецца зʼехаць з краіны?

Я толькі вярнулася з-за мяжы, дзе магла застацца. Але я не хацела, я хачу жыць дома. Гэта мая краіна. Чаму я павінная зʼязджаць? Няхай яны зʼязджаюць. Дзе іх багацці? Няхай едуць туды, дзе яны гэта ўсё трымаюць, дзе іх банк.[/vc_column_text][vc_column_text]Вы пішаце на такія складаныя, пакутніцкія і балючыя тэмы… Нобэль, па сутнасці, абʼяднаў людзей, абʼяднаў усіх беларусаў, якія цешацца з вашай перамогі, з нашай агульнай перамогі. Ці можна сказаць, што наша сіла – таксама і ў пазітыўных падзеях?

Нобэль абʼяднаў усіх беларусаў, якія цешацца з вашай перамогі, з нашай агульнай перамогі. Ці можна сказаць, што наша сіла – таксама і ў пазітыўных падзеях?

Я думаю, што такія сімвалы нам патрэбныя. Калі перамагла Дарʼя Домрачава, нашая выбітная біятланістка, я памятаю, як людзі пра гэта казалі, наколькі гэта было радасна: што мы – беларусы, што мы – ёсць, што пра нас даведаліся. Я аднойчы ехала ў таксоўцы, і мне кіроўца кажа: «Уяўляеце, быў у Польшчы, у Нямеччыне – усе ведаюць Домрачаву, ведаюць, што яна з Беларусі». І ён гэта казаў з гонарам. Нам, канешне, патрэбныя такія рэчы.

А што свет можа даведаецца пра Беларусь з вашых кніг? Што скажа ім той вобраз, які вы намалявалі?

Я спадзяюся, што ўсе кнігі, якія я пісала сорак гадоў, гэтая энцыклапедыя чырвонай утопіі, растлумачаць людзям, чым мы ёсць, хто мы, чаму мы так жывем, чаму замест свабоды мы зноў выбіраем няволю. Спадзяюся, што кнігі растлумачаць, што карані гэтай хваробы – вельмі глыбокія. Памятаю, што на сустрэчах у Заходняй Еўропе ў мяне ўсе пыталіся: што, як, што там за людзі? Пасля маёй апошняй кнігі ў людзей на вачах слёзы, яны плачуць,: «Мы разумеем, якая ў вас гісторыя, як вам цяжка праз усё гэта выйсці ў новае жыццё».

«Дыктатары сыходзяць, а мы застаемся»

У Беларусі ўсе чулі пра Алексіевіч, але чытала вас не так шмат людзей. Што трэба зрабіць, каб беларусы пачалі чытаць вас больш? Зараз «Таварыства беларускай мовы» прыкладае намаганні, каб вашыя творы ўключылі ў школьную праграму. Ці не за рана?

Быў час, калі «У вайны не жаночы твар» і, падаецца, «Цынкавыя хлопчыкі» былі ў школьнай праграме. Цяпер – не ведаю. Кажуць, нават настаўнікі вядуць барацьбу за гэта, і шмат хто ўжо дае дзецям чытаць мае кнігі. Адна студэнтка напісала мне, што настаўніца дала чытаць ёй мае кнігі, калі рабіць гэта ўжо было нельга. І калі пад час уступных іспытаў ва ўніверсітэце яна назвала маё прозвішча і пачала расказваць пра мае кнігі, экзаменатар сказаў ёй, што не трэба прыводзіць у прыклад «фашыствуючых» пісьменнікаў. Аднак, усё ж такі паставіў ёй добрую адзнаку, бо гэта была разумная дзяўчына. Шмат што залежыць ад кожнага чалавека ў нашым грамадстве. Нельга сказаць, што гэта павінна зрабіць апазіцыя. Яна не можа зрабіць усю працу па вызваленні нас, кожны павінен зрабіць гэтую працу сам. Па-першае – сам з сабой. Па-другое – з тым месцам, якое яму належыць. Бо гэтая настаўніца магла не даць сваім вучням і той дзяўчыне прачытаць [мае кнігі], але яна дала. А ў таго выкладчыка – зусім іншыя пазіцыя. А тое, што не чытаюць… Калісьці я чытала, што нейкая мікраскапічная колькасць людзей чытала Пушкіна ў часопісах пры ягоным жыцці. У той жа час Пуцін зрабіў усю расейскую нацыю. Ой, не Пуцін, а Пушкін – агаворка паводле Фрэйда!

Спадзявацца, што кожны мяне прачытае – нерэальна, канешне. Але я думаю, што цяпер шмат хто чытае мае кнігі. Справа не ўва мне, а ў тым, што нам трэба прадумаць сваё мінулае. Мы яго праскочылі, і думаем, што пабяжым далей, а апынулася, што не атрымоўваецца. Таму аб усім гэтым трэба падумаць.

Як вы ставіцеся да таго, што вас называюць «Салжаніцыным у спадніцы»?

Салжаніцын столькі сядзеў, столькі пакутаваў… Я не бяруся браць на сябе такія параўнанні.

Яшчэ да таго, калі вы атрымалі Нобэлеўскую прэмію, на адной з сустрэчаў з журналістамі вы казалі, што заўсёды хацелі быць найлепшай. Ці зараз ёсць у вас такое адчуванне, што вы ўсяго дасягнулі?

Не, не «найлепшай». Я заўсёды казала, што маім дэвізам у маладосці былі словы Льва Талстога: «Трымайце курс вышэй за тое месца, куды вам трэба – інакш знясе». Я не была самалюбнай, я проста была чалавекам, які робіць усё на мяжы сваіх сілаў, на мяжы сваіх магчымасцяў.

Вы думаеце, што Нобэль можа даць магчымасць сказаць, што – усё, у жыцці няма чаго больш рабіць? Не, жыццё ідзе, на стале ў мяне новага кніга, і ўсё пачынаецца зноў: перада мной – вялікая праца. Ніводная прэмія нічога не змяняе.

Вы можаце звярнуцца да нашых гледачоў з якімі-небудзь словамі – нас глядзіць вельмі шмат людзей.

Так, часы – вельмі цяжкія, складаныя часы. Ні ў кожнага з нас ёсць мужнасць супрацьстаяць абставінам. У кожнай аўтарытарнай сістэме супрацьстаяць абставінам вельмі складана таму, што мы не разам, мы заўсёды падзеленыя. Але не трэба адчайвацца, а спакойна і годна рабіць сваю справу. Калі зло нельга перамагчы, то трэба як мага меней у ім удзельнічаць. Гэта кожны з нас можа выбраць і рабіць. Растуць дзеці – значыць, трэба радавацца жыццю. Моладзі абавязкова трэба атрымоўваць добрую адукацыю. Быць на вуліцы і змагацца – гэта, канешне, добра, але я не хацела б, каб мне шылі сукенку або лячылі зубы рэвалюцыянеры, якія займаліся ўсё жыццё толькі бунтам. Я б хацела мець справу з добрай краўчыхай і добрым стаматолагам. Таму станавіцеся добрымі прафесіяналамі. Ніводная аўтарытарная ідэя – ня вечная. Дзе цяпер Сталін, Кадафі і дзясяткі іншых дыктатараў? Іх няма. А жыццё і мы, маленькія людзі, застаемся.

Стужка навінаў