Чаму важна ведаць свой ВІЧ-статус

Інфаграфіка

Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Фота REUTERS/Navesh Chitrakar

Беларусь увайшла ў тройку краінаў паводле тэмпаў заражэння ВІЧ у Еўропе, падняўшыся з шостай пазіцыі, згодна статыстыцы ААН, усяго за чатыры гады. Першага пацыента з ВІЧ-інфекцыяй у Беларусі выявілі ў 1987-ым. На пачатак 2019 года, паводле звестак Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, у краіне жывуць 26 979 чалавек з станоўчым ВІЧ-статусам. А асноўны шлях распаўсюджання – палавы гетэрасексуальны кантакт.

Праз чатыры месяцы бюракратычных затрыманняў нарэшце ўхвалілі грант Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. Спачатку дакументы доўга разглядала Міністэрства эканомікі, пасля Савет Міністраў. У лютым дзесяць недзяржаўных арганізацыяў адправілі ліст прэм’ер-міністру Румасу з просьбаю хутчэй ухваліць міжнародную дапамогу, бо прафілактычныя праграмы ВІЧ амаль цалкам залежыць ад грантаў. За такія парушэнні тэрмінаў грант мог быць адкліканы, а праца профільных НДА паралізаваная на некалькі гадоў.

Прагрэс у лекаванні ВІЧ-інфекцыі

У сакавіку 2019 года ў Лондане ўдалося зліквідаваць ВІЧ з крыві пацыента. Але гэта не значыць, што цяпер можна вылекаваць кожнага: перамагчы хваробу ўдалося толькі другі раз у гісторыі. Першага пацыента выявілі ў 2007 годзе, з таго часу дактары неаднаразова спрабавалі паўтарыць вынік, і шторазу іхныя спробы канчаліся няўдачаю.

Сусветная эпідэмія ВІЧ-інфекцыі вядзе адлік з чэрвеня 1981 года, калі навукоўцы выявілі першы выпадак імуннага збою ў арганізме чалавека. У перыяд з 1981 да 1984 года выйшлі некалькі навуковых працаў, якія злучаюць імавернасць развіцця СНІДу з анальным сексам або з уплывам наркотыкаў. Хвароба гомасексуалаў і наркаманаў – такі цэтлік доўга вызначаў хворых, дыскрымінуючы іх у грамадстве. Але статыстыка апошніх гадоў даказвае, што гэтак званай групы рызыкі ўжо не існуе, асноўны шлях перадачы сёння – неабаронены гетэрасексуальны палавы кантакт.

Хто такія ВІЧ-дысідэнты

Разгубленыя, даведаўшыся дыягназ, некаторыя людзі бачаць выхад у адмаўленні існавання хваробы. Галоўным аргументам робіцца неблагі стан уласнага здароўя, бо першыя месяцы ды нават гады ВІЧ-інфекцыя можа працякаць бессімптомна. У сярэднім чалавек з ВІЧ, калі ён не прымае АРВ-прэпаратаў, зможа пражыць не больш за 10 гадоў, што праўда, некаторыя могуць не пражыць і трох гадоў.

Тэорыя, што ВІЧ мае псіхасацыяльнае паходжанне, упершыню выказаў псіхіятр Каспэр Шміт у 1984 годзе. Праз дзесяць гадоў Каспэр памёр ад СНІДу. Але і сёння ў ВІЧ-дысідэнтаў ёсць прыхільнікі сярод паважаных людзей, медыкаў, існуюць шматлікія групы «Укантакце». ВІЧ-дысідэнты адмаўляюцца ад тэрапіі, называючы прэпараты атрутаю, для падтрымання імунітэту рэкамендуюць папіць нейкія траўкі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота REUTERS/Rupak De Chowdhuri

Шмат хто пераглядаюць свае погляды, ідуць у СНІД-цэнтр і атрымліваюць тэрапію. Заражэнне ВІЧ не смяротны прысуд, але без лекавання хвароба хутка прагрэсуе, імунітэт высільваецца, і чалавек памірае. Існуюць групы ў сацыяльных сетках, дзе распавядаюць пра вынікі дзейнасці ВІЧ-дысідэнтаў і збіраюць рэальныя гісторыі.

Крымінальны пераслед за перадачу ВІЧ

У выпадку свядомай перадачы вірусу чалавека могуць асудзіць паводле артыкулу 157 Крымінальнага кодэксу і пакараць пазбаўленнем волі на тэрмін да 13 гадоў. Некаторыя мяркуюць, што крыміналізацыя можа быць спосабам барацьбы з распаўсюджаннем ВІЧ. Але на справе гэта вядзе да зніжэння цікавасці да высвятлення свайго ВІЧ-статусу. Страх робіцца барʼерам для добраахвотнага тэставання. Закон аб наданні сексуальнай адукацыі ў межах агульнаадукацыйнай школьнай праграмы можа стацца больш дзейснаю прыладай у захаванні грамадскага здароўя.

Крыміналізацыя ВІЧ асабліва шкодзіць жанчынам

Жанчыны з большай імавернасцю будуць прыцягнутыя да адказнасці, бо яны часта першыя ў стасунках даведваюцца свой статус праз звычайнае тэставанне на ВІЧ падчас цяжарнасці. Жанчын з ВІЧ могуць асудзіць за перадачу вірусу свайму дзіцяці ва ўлонні або падчас кармлення грудзьмі, што звужае іхны рэпрадуктыўны выбар і права.

Палітыкі мяркуюць, што такая захада пакарання дапаможа знізіць рост распаўсюджання ВІЧ, але крыміналізацыя ВІЧ не абараняе жанчын ад прымусу або гвалту.

Стэлтынг – новы від гвалту

Прэзерватыў пры правільным выкарыстанні – надзейная абарона ад ВІЧ. Прэзерватывы робяцца паўсюдна даступныя, але нават у выпадку абароненага кантакту не заўсёды можна цалкам кантраляваць сітуацыю.

Валанцёры ў белых масках з чырвонымі стужачкамі на кашулях, бяруць удзел у імпрэзе па павышэнні ўзроўню інфармаванасці аб ВІЧ напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Фота Reuters

Усё часцей сустракаецца тэрмін «стэлтынг» (stealthing) – гэта зняцце прэзерватыва падчас сексу без інфармавання партнёра. Мужчыны, якія практыкуюць зняцце прэзерватыва, лічаць гэта часткаю мужчынскай прыроды і правам, нават калі мэтаю стэлтынгу не ёсць зачацце дзіцяці. Фактычна гэта гвалт і пазбаўленне жанчыны магчымасці абараніцца ад ВІЧ.

Дыскрымінацыя і стыгматызацыя ВІЧ-інфікаваных

ВІЧ – вельмі няўстойлівы вірус, для заражэння ён павінен абавязкова трапіць у крывацёк, прычым у вялікіх колькасцях. Не перадаецца праз ручнікі, адзенне, пасцельную бялізну, посуд, пры супольным прыёме ежы, у басейне або ў лазні, пры цялесным кантакце, пацалунках, абдымках. Заразіцца ВІЧ у побыце практычна немагчыма, бо па-за чалавечым целам вірус гіне.

Пры супольным перабыванні здаровых і ВІЧ-інфікаваных дзяцей рызыка заражэння адсутнічае. У сліне замала вірусу, каб ён перадаўся праз укус. Праз ранкі ці драпіны ВІЧ таксама не перадаецца. За ўсю гісторыю эпідэміі ВІЧ не было ніводнага выпадку заражэння дзяцей такім шляхам.

Аднак дыскрымінацыя людзей з ВІЧ адбываецца паўсюдна. Гэта грамадская рэакцыя страху існуе ўва ўсім свеце. Кожная краіна мае стварыць аптымальныя ўмовы, каб ніхто не баяўся здаць тэсту на ВІЧ, не баяўся звяртацца па дапамогу і лекаванне. Гэта можа быць новая палітыка ці кодэкс, якія забяспечаць, каб у першую чаргу ўсе медычныя ўстановы сталіся свабодныя ад дыскрымінацыі.

90-90-90

Беларусь працуе і над глабальным заданнем, пастаўленым на нарадзе ў межах Генеральнай Асамблеі ААН, – спыніць эпідэмію СНІДу да 2030 года. Для гэтага неабходна зрэалізаваць праграму 90-90-90: 90 % людзей ведаюць свой ВІЧ-статус, 90 % атрымліваюць лекаванне, у 90 % з іх – невызначальная вірусная нагрузка.

Медсястра дае чырвоную стужачку жанчыне, каб адзначыць Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Фота REUTERS/Nacho Doce

Шматгадовая практыка лекавання хваробы паказвае, што чаканая працягласць жыцця ВІЧ-станоўчых большая, чымся здаровых людзей. Бо яны раз на паўгода робяць абследаванне, здаюць аналізы. Рызыка развіцця цяжкай анкалогіі ніжэйшая, бо хваробу атрымоўваецца выявіць на ранніх стадыях. І ў цэлым людзі з ВІЧ больш уважліва ставяцца да свайго здароўя.

Дасягненне мэты 90-90-90 не канец СНІДу, гэта першы значны этап. Таму не менш важна ўзмацніць на дзяржаўным узроўні прафілактычныя праграмы. І непадпісанне праграмы «Умацаванне нацыянальнай сістэмы прафілактыкі, лекавання, догляду і падтрымання ў сувязі з ВІЧ і сухотамі ў Рэспубліцы Беларусь» ідзе ўразрэз з заяўленымі мэтамі дзяржавы.

Які ваш ВІЧ-статус?

Шмат хто адчуваюць страх зрабіць тэст на ВІЧ, і гэты страх зразумелы. Выяўленне хваробы зменіць жыццё. Але калі вы ўжо заразіліся, то змяніць гэта немагчыма. Калі інфекцыя сапраўды пранікла ў кроў – ужо няважна, будзеце вы абследавацца ці не. Працэс запушчаны ды ідзе сваім шляхам. І калі гэта здарылася, то давядзецца прыняць факт і мяняць сваё жыццё ды свае планы.

Зрабіць тэставанне, у тым ліку ананімнае, можна ў любой паліклініцы. З красавіка мінулага года экспрэс-тэсты на ВІЧ з’явіліся ў аптэках, што робіць працэс вызначэння свайго статусу яшчэ прасцейшым.

ЛП belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары