Чаму ў Магілёў не едуць турысты? Разбіраемся з асноўнымі хібамі


Паводле турыстычнай прывабнасці сярод абласных цэнтраў Магілёў займае пятае месца пасля Горадні, Віцебску, Берасця і Гомля. Такую статыстыку агучылі работнікі «Магілёўаблтурыста» на круглым стале, падчас якога абмяркоўваліся пытанні развіцця турызму ў Магілёве. Грамадскасць, бізнес і ўлады сабраліся, каб разам прааналізаваць праблемы ды спосабы іх развязання.

Няма інфармацыйнага цэнтру для турыстаў

Назіраецца тэндэнцыя спаду групавых тураў на 40-50 чалавек. Людзі ўсё болей падарожнічаюць самастойна, з сем’ямі ці сябрамі, а значыць, у іх няма свайго экскурсавода, які ўсё пакажа і распавядзе. Гэтую ролю можа выконваць інфармацыйны цэнтр для турыстаў. На погляд удзельнікаў круглага стала, трэба браць прыклад з суседніх турыстычных цэнтраў – Вільні, Львова, Масквы, дзе абавязкова ёсць інфармацыйны цэнтр для турыстаў з рознымі мапамі і падарожнікамі, а таксама чалавек, які дапаможа разабрацца ў гэтай інфармацыі.

Няма добрай крамы з сувенірамі

«Цяпер рамеснікі выкладаюць свае тавары на сталах на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Так не мусіць быць, нам трэба прыводзіць замежныя групы ў прыгожае месца, дзе яны могуць набыць на памяць пра горад прыгожыя сувеніры, зробленыя магілёўскімі майстрамі», – пагадзіліся ўсе ўдзельнікі сустрэчы.

Беларусы з іншых гарадоў едуць у Магілёў на тэатральны маладзёвы фестываль “Март-кантакт”

Няма аўдыягідаў

Некаму яшчэ патрэбныя папяровыя мапы, а значная частка людзей ужо даўно перайшла на мабільныя прылады. Варта ствараць аўдыягіды як па самым горадзе, гэтак і па музеях. Прычым пажадана, каб яны абавязкова былі ў тым ліку і на англійскай, нямецкай, іспанскай мовах. Звярталі ўвагу і на адсутнасць інтэрнэт-гайдаў для замежнікаў. Блогер Дзяніс Васількоў кажа:

«Турыст, як сляпое кацянё, праз тое, што ён не ведае, куды пайсці, можа нарвацца не на тое. Ад таго і негатыўныя водгукі. У інтэрнэце англамоўная інфармацыя пра Магілёў толькі ўрыўкамі. Электронныя гайды лепей за друкаваныя мапы. А яшчэ гайды лепей распрацоўваць на дзень. Магілёў – ідэальнае месца для падарожжаў выходнага дня».

Няма сюжэтаў

«Пайсці па шляху Львова і прыдумаць сабе прывабныя гісторыі, каб турысты іх запаміналі. Няўжо нельга сказаць, што вось на гэтым месцы забілі апошняга магілёўскага ільва? Ці прыдумаць нешта іншае», – кажа Павел Марыненка з камітэту эканомікі Магілёўскага аблвыканкаму. Яго падтрымлівае і экскурсавод Алег Дзьячкоў, які зазначае, што ў Магілёве любяць казаць пра царскую сям’ю, а не пра магілёўскія асаблівасці. Алег прывёў прыклад, што дрэва ў цэнтры гораду, з якім была звязаная цікавая гісторыя для турыстаў, спілавалі. Хаця ён вельмі прасіў гэтага не рабіць. А самы старажытны люк у горадзе, да якога ён вадзіў групы турыстаў, знік у невядомым кірунку.

Сёння Магілёву не стае цэнтру інфармацыі для турыстаў

Музеі зачыняюцца вельмі рана

Жыхары Магілёва не могуць трапіць у музей. Ведаеце чаму? Калі яны вызваляюцца з працы, музеі ўжо зачыненыя. Адзіная магчымасць трапіць у музей – прыйсці ў выходны дзень.

Інфраструктура ў заняпадзе

«Нам ёсць што паказаць, але добрае ўражанне ад месца разбіваецца праз адсутнасць інфраструктуры. Прыходзіш з замежнымі гасцямі кудысьці, а там дарога разбітая ці яе ўвогуле няма. Мы да гэтага прызвычаіліся, а турыстам яно кідаецца ў вочы», – адзначае Дзяніс Васількоў.

Музеі зачыняюцца вельмі рана і маюць кадравыя праблемы

Падзейны турызм недастаткова развіты

Кіраўнік Цэнтру гарадскіх ініцыятываў Юрый Стукалаў мяркуе, што ў Магілёве дастаткова патэнцыялу, каб запрашаць замежных гасцей наведаць мясцовыя падзеі. Ідэя Юрыя заключаецца ў тым, каб улучаць магілёўскія святы і фестывалі ў турыстычныя туры. Каб турыст атрымаў цэлы комплекс паслуг: наведаў некалькі месцаў, у тым ліку і цікавыя фестывалі.

Гэта быў першы крок – выяўленне хібаў. Сярод іншых называліся: непрыгожыя клумбы, малая колькасць водгукаў на папулярным сайце падарожжаў «TripAdvisor», адсутнасць беларускай кухні ў кавярнях. Па выніках сустрэчы стварылі працоўную групу ў справе турызму пры Цэнтры падтрымання прадпрымальніцтва. У яе абяцалі ўлучыць усіх прысутных.

Вольга Васільева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары