Чаму ў Берасці працягваюць пратэставаць супраць акумулятарнага заводу?


Belsat.eu высвятляў ва ўдзельнікаў пратэсту супраць заводу АКБ, чаму тыя па-ранейшаму кожную нядзелю выходзяць на галоўную плошчу Берасця.

Акумулятарны завод у Берасці. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Пратэст супраць будаўніцтва (а пазней – увядзення ў эксплуатацыю) акумулятарнага заводу ў прадмесці Берасця стаў адным з самых працяглых у беларускай гісторыі. Людзі пачалі штонядзелі выходзіць на цэнтральную плошчу гораду ажно ў студзені 2018-га: актывістаў рэгулярна затрымлівалі, давалі ім штрафы, а супраць некаторых нават распачыналі крымінальныя справы.

Сёлета напрыканцы чэрвеня паводле абвінавачвання ў карупцыі затрымалі і Віктара Лемяшэўскага – ўласніка «1АКGroup», куды ўваходзіць «АйПаўэр» (якой і належыць завод). Завод нібыта закрыўся, так і не распачаўшы працу. Аднак берасцейцы працягваюць ладзіць вулічныя акцыі.

Традыцыйнае кармленне галубоў у Берасці на знак пратэсту супраць акумулятарнага заводу.
Фота: Belsat.eu

«Да перамогі яшчэ далёка»

У мінулую нядзелю, 28 ліпеня, каля 150 чалавек зноў выйшлі на плошчу Леніна. Напярэдадні намеснік міністра прыроды Андрэй Хмель падчас сустрэчы з адным з лідараў пратэсту Дзмітрыем Бекалюком заверыў апошняга, што адзінае дзейнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы наконт заводу – адмоўнае.

«Тым не менш мясцовыя ўлады спрабуюць па-свойму трактаваць рашэнні, націскаюцца пэўныя рычагі, каб завод не быў закрыты, а проста перайшоў да іншага ўласніка. Цяпер ідзе дапрацоўка праектнай дакументацыі і яе будуць паўторна падаваць на экалагічную экспертызу», – кажа Бекалюк.

Зміцер Бекалюк выступае на сходзе ў Тэльмах.
Фота: «Белсат»

І хаця ў чэрвені кіраўнік Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс падпісаў указ аб спыненні будаўніцтва заводу, паводле словаў актывіста, на самой справе дакумент ігнаруецца.

«Штодня туды па-ранейшаму прыязджаюць 25-30 чалавек рабочых ва ўніформе, робяць нейкія маніпуляцыі, мы не ведаем, што дакладна. Але гэта значыць адно: завод насамрэч не зачынены.

Самае галоўнае для нас сёння – высветліць, якімі метадамі зацікаўленыя бакі будуць ягоную працу аднаўляць. Гэта не перамога і да яе яшчэ далёка, таму людзі і выходзяць пратэставаць», – тлумачыць Дзмітрый.

«Будзем вылучацца на парламенцкіх выбарах»

Берасцейскі блогер і адзін з удзельнікаў пратэсту Аляксандр Кабанаў распавёў belsat.eu, якім чынам актывісты будуць працягваць барацьбу.

Аляксандр Кабанаў заявіў, што праціўнікі запуску акумулятарнага заводу вырашылі выставіць свае кандыдатуры на выбары.
Фота: «Белсат»

«Мы плануем вылучыць некалькі чалавек з ініцыятыўнай групы супраць заводу на парламенцкіх выбарах восенню. Паводле папярэдняй дамоўленасці, гэта могуць быць Дзмітрый Бекалюк, Дзям’ян Лепясевіч і я, але канчатковага рашэння пакуль няма. Разам з тым, будуць працягвацца «кармленні галубоў» па нядзелях. Я ўжо нават не ўяўляю сабе Берасця без гэтага, збор на плошчы ўвайшоў у звычку, стаў для берасцейцаў традыцыяй», – кажа Кабанаў.

Паводле яго, на пачатку пратэсту, паўтары гады таму, збіраліся «усяго чалавек 20, максімум 50». Калі людзі ўбачылі рэакцыю ўладаў – затрыманні, суды, адпіскі чыноўнікаў – гэта матывавала іх на больш масавы пратэст.

«Разумееце, мы не мелі на мэце пасадзіць Лемяшэўскага. Мы хацелі, каб на гэты завод павесілі замок, вывезлі адтуль абсталяванне і перапрафілявалі памяшканне пад нейкую іншую вытворчасць.

Але цяпер дырэкцыя «АйПаўэр» усімі сіламі намагаецца прасунуць дакументы на паўторную экспертызу, каб атрымаць дазвол на эксплуатацыю», – дадае ён.

Разам з тым, актывіст адзначае: ён ніколі не губляе ўпэўненасці, што завод рана ці позна будзе закрыты канчаткова.

Статкевіч: «Калі аслабіць пратэст – усё вернецца на свае месцы»

Берасцейскі пратэст характэрны тым, што да яго амаль не маюць дачыненні вядомыя палітыкі і апазіцыйныя актывісты. Збольшага ўдзел бяруць мясцовыя жыхары, іх арганізуюць найбольш актыўныя і дасведчаныя паплечнікі.

Адзіным палітыкам, які вырашыў падтрымаць пратэстоўцаў, стаў лідар БНК, экс-палітвязень Мікола Статкевіч. Ён двойчы прыязджаў у Берасце, каб выказаць сваю падтрымку праціўнікам заводу. У кастрычніку 2018-га, калі актывісты адмыслова запрасілі Статкевіча ў Берасце, яго за гэта пакаралі адміністратыўным арыштам.

Мікола Статкевіч.
Фота: «Белсат»

Сёння Статкевіч мяркуе, што пратэст у Берасці мае перспектыву, але галоўнае, сцвярджае палітык, каб людзі «не аслаблялі ціску».

«Яны стаяць за сваё, бо сітуацыя з заводам закранае іх персанальна. Калісьці гэтыя людзі за ўласныя грошы збудавалі ў добрым раёне дамы, а потым раптам побач з’явілася гэтая атрутная ўстанова. Далей лёс пратэсту будзе залежыць, натуральна, ад змены сітуацыі ў краіне, але таксама і ад упартасці саміх удзельнікаў.

Я неаднаразова казаў ім, што, калі аслабіць ціск – усё вернецца на свае месцы».

Што датычыць менавіта ягонага далейшага ўдзелу ў берасцейскіх пратэстах, Статкевіч кажа:

«Калі арганізатары запросяць мяне выказаць падтрымку – я зраблю ўсё магчымае, бо гэта пытанне жыцця людзей, жыцця цэлага гораду, тут варта рызыкаваць».

ВІДЭА
«Проста хочацца жыць». Як берасцейцы ўдзень і ўначы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу
2019.05.25 11:43

KA belsat.eu

Стужка навінаў