Чаму Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску пераўтварылі ў карцар і якая мэта ў сілавікоў?


Па выніках 15-дзённага адміністрацыйнага арышту актывіст партыі «Народная Грамада» і БНК Валянцін Троцкі на Facebook напісаў некалькі нататак пра побыт і сітуацыю ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Актывіст акцэнтаваў увагу галоўным чынам не на ўмовах утрымання, якія былі вельмі жорсткімі, але на тым, як затрыманыя рэагавалі на спробы ціску праз палітычных. Валянцін Троцкі распавёў «Белсату», што ў наступнай нататцы напіша пра тое, як палітызаваліся крымінальнікі.

Валянцін Троцкі.
Фота: facebook

Валянцін Троцкі, актывіст партыі «Народная Грамада» і БНК, прымаў удзел у пікетах па зборы подпісаў за Уладзіміра Няпомняшчых. Пасля акцыяў у апошнія дні траўня яго спрабавалі затрымаць. Гэтак, па дарозе на пікет каля Камароўскага рынку 31 траўня сілавікі ў цывільным запіхнулі Валянціна ў мікрааўтобус. Пасля гэтага затрымання Валянціну стала кепска. Выклікалі хуткую, медыкі дыягнаставалі гіпертанічны крыз. Але пасля кароткага лячэння актывіста выпусцілі з шпіталя. Пазней яго затрымалі на лецішчы.

«Затрымалі мяне 3 чэрвеня. Я быў у гэты час на лецішчы за 15 кіламетраў ад Менску. Раніцай пазваніў суседу, бо ў мяне не было хлеба. Я выйшаў з дому, а мяне там ужо чакалі. 5 асобаў былі ў адным аўта і яшчэ 5 асобаў у мікрааўтобусе. Мяне пільнавалі каля домe і пачалі затрымліваць ажно 10 чалавек. На спробы мяне затрымаць, я пачаў патрабаваць прадставіцца. У выніку з аўтамабіля выйшаў чалавек у форме АМАП і тыцнуў мне пасведчанне. Вядома, што нічога я прачытаць не паспеў, але далей мае патрабаванні прадставіцца ігнаравалі. Таксама не далі мне патэлефанаваць, вырвалі з рук мабільнік», – распавядае «Белсату» Валянцін Троцкі.

Валянцін таксама кажа, што міліцыянты затрымалі нават суседа, да якога ён выйшаў за хлебам. Але ў аддзеле разабраліся і яго вызвалілі. Ён праз паўтары гадзіны быў на працы.

«Агулам сітуацыя мяне вельмі здзівіла. Гэта ж такую працу трэба было зрабіць: знайсці мяне за Менскам, накіраваць туды некалькі аўтамабіляў, задзейнічаць 10 асобаў. Прывезці мяне».

4 чэрвеня Валянціна Троцкага асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Сядзельцы ў ЦІП сталі на бок «палітычных»

«Умовы ўтрымання былі даволі жорсткія. На знак пратэсту я аб’явіў галадоўку. Справа ў тым, што нейкім чынам супрацьдзейнічаць там не ўяўляецца магчымым. Увесь ЦІП пераўтварылі ў карцар. Нас, палітычных, падсаджвалі да крымінальнікаў. Такім чынам спрабавалі нацкаваць на палітычных астатніх сядзельцаў. Спадзяваліся, што нас там пачнуць «душыць». Але гэтага не адбылося. Так, напрыклад, бяздомнік, які сядзеў са мной, сказаў, што не стане на бок міліцыянтаў», – распавядае Валянцін.

Валянцін Троцкі.
Фота: facebook

Актывіст лічыць, што сядзельцы, у тым ліку і крымінальнікі, хутка разабраліся ў сітуацыі і таму сталі на бок праўды.

«На першы погляд катэгорыі, якімі мысляць асуджаныя і кантралёры над імі вельмі падобныя. Таму кантралёры спадзяваліся, што дзякуючы ціску праз палітычных нас будуць прэсаваць іншыя сядзельцы. Але гэтага не адбылося, бо насамрэч каштоўнасці ў іх зусім розныя. Кантралёры адчуваюць беспакаранасць. У нас была жанчына, якая брудна лаялася, сварылася з усімі. А ў яе ж ёсць сям’я, у якую яна вяртаецца пасля працы, ёсць дзеці. Я не разумею яе паводзінаў і яе стаўлення да людзей. Яны катуюць сядзельцаў, здзекуюцца. Я не мог зразумець спачатку, пакуль не пабачыў, што яны проста не разумеюць што робяць, ім падаецца, што яны робяць нейкую працу. Але гэта выглядае на задавальненне сваіх садысцкіх жаданняў. Гэта проста не нармальна».

Кантралёры здзекуюцца з людзей, бо атрымліваюць ад гэтага задавальненне

«Асобы, якія трапляюць у пенітэнцыярную сістэму і выконваюць там нейкія абавязкі – гэта асобы, якія, на маю думку, маюць псіхічныя асаблівасці. Гэта з нараджэння садысты. Я чытаў кнігі пра вайну, канцлагеры і магу сказаць, што пасля разаблачэння культу Сталіна большасць катаў не панесла нейкай адказнасці. Таму яны да гэтага часу нашчадкі гэтых катаў лічаць сябе беспакаранымі і мяркуюць, што так будзе заўсёды. Ім прыносіць задавальненне здзекавацца з людзей. Бо калі ты працуеш у гэтай сістэме, маеш абавязкі, дык выконвай закон. Бо затрыманыя таксама маюць правы. Могуць пісаць заўвагі і скаргі. Але мне не далі такой магчымасці. Я патрабаваў, каб нам выдалі маскі, але кантралёры толькі здзекаваліся з маіх словаў».

«Галоўнае, што я адчуваў, што маё сумленне чыстае. Гэта давала сілы, давала магчымасць глядзець на сітуацыю як бы звонку. Шкада, што ў мяне адабралі 15 дзён жыцця ў такі цудоўны перыяд, калі толькі пачыналася лета. Але праўда на маім баку», – кажа Валянцін.

Праз палітычных сукамернікі ў ЦІП палітызаваліся

«Людзі ў камерах вельмі хутка разумелі, што да чаго і чаму чыніцца такі ціск. Мяне напрыканцы пасадзілі да крымінальнікаў. Я пра гэта напішу ў наступнай нататцы. Калі крымінальнікі пачулі, што я палітычны, я пабачыў у іх вачах цікавасць, але пазней прамільгнула пагарда. Мяне запыталі, маўляў, за што ж мы змагаемся? Я патлумачыў, што хачу, каб краіна стала свабоднай, каб людзі маглі спакойна працаваць і жыць. Адметна, што спачатку ў гэтай камеры я не раз чуў, што іх не цікавіць палітыка. Але насамрэч людзі хутка палітызаваліся. Яны не толькі зразумелі прычыну ціску, але і сталі на наш бок», – падсумоўвае Валянцін Троцкі.

Абноўлена
Сілавікі распачалі перадследчую праверку адносна Валера Цапкалы
2020.06.29 16:23

СК belsat.eu

Стужка навінаў