Чаму трэба казаць пра камуністычную акупацыю Беларусі?

Усе мы згодныя, што ў 1941-1944 годзе Беларусь знаходзілася пад нямецкай акупацыяй – беларускі народ не кантраляваў сваю тэрыторыю і межы, у якіх ён жыў, дзеянні войскаў, спецслужбаў і паліцыі. Дый проста ў Менску сядзелі прызначаныя ў Берліне немцы, якія і былі тут галоўнымі адміністратарамі і сілавікамі.

Але ж чым гэта прынцыпова адрозніваецца ад той жа перадваеннай БССР, у якой цывільным жыццём кіраваў прызначаны ў Маскве кубанец Панамарэнка, спецслужбамі і міліцыяй – прызначаны ў Маскве грузін Цанава, а межы якой краіў пазногцем па мапе яшчэ адзін маскоўскі горац?

Што такое акупацыя?

У шырокім сэнсе – акупацыя гэта кантроль пэўных уладаў над тэрыторыяй, якая ім не належала да пачатку ваенных дзеянняў. Гісторыкі, філолагі і юрысты не маюць адзінага вызначэння акупацыі – стан акупацыі можа быць і часовым, і не мець часовага абмежавання, адныя лічаць, што слова мае значэнне толькі калі размова ідзе пра адносіны паміж 2 дзяржавамі, іншыя – не. Зусім не ўсе згодныя і з тым, што акупацыя патрабуе абавязковага афіцыйнага стану вайны паміж акупантам і дзяржавай, частку якой акупавалі.

Тэкст Берасцейскай дамовы 1918 года. Нашыя землі «законна» дзеляць немцы, аўстрыйцы і маскоўскія бальшавікі.

Адзначым, што калі беларусы будуць аддаваць зашмат увагі юрыдычным дэфініцыям пачатку 20 стагоддзя, то мы будзем весці бясконцы спор, заглыбляючыся ўсё далей у гісторыю з пытаннямі тыпа «Ці былі правамернымі падзелы Рэчы Паспалітай?» і гэтак далей аж да пытання прэтэнзіяў маскоўскіх Рурыкавічаў на Полацкае княства.

У выніку атрымаецца, што нашыя продкі, а таксама палякі, фіны, прыбалты і ўкраінцы, увогуле не мелі права на нейкую незалежнасць і самастойнасць, бо, сыходзячы з такіх пазіцый, па стане на пачатак 1917 года на тэрыторыі ўсёй Расеі адзінай законнай і міжнародна прызнанай уладай быў Мікалай ІІ Раманаў.

Хто мае права на ўладу ў Беларусі?

Але мы – патрыёты Беларусі, таму мы лічым, што права на ўладу на тэрыторыі Беларусі мае толькі беларускі народ. Хто б што пра гэта не думаў ад Парыжа да Токіо. Калі думаць паслядоўна і лагічна, то робіцца зразумелым, што любы іншы прававы падыход знішчае прававыя і маральныя падваліны існавання беларускай дзяржаўнасці як прававой. Заўсёды знойдзецца нехта, хто палічыць неправавымі альбо падзеі 1917 года, альбо 1991-га.

Гаагская канвенцыя 1907 года, якая дзейнічала ў часы, пра якія мы будзем згадваць, піша проста: «Тэрыторыя лічыцца акупаванай, калі яна рэальна перайшла пад кантроль варожай арміі».

Улётка беларускіх нацыяналістаў 1921 года. Нас зноў «законна» дзеляць

Камуністы ад пачатку трымаліся ў Беларусі на сіле зброі. Праверце самі – ніякіх грамадзянскіх войнаў паміж беларускімі бальшавікамі і беларускімі антыбальшавікамі ў 1917-1920-м гадах не было.

Мясцовыя жыхары проста ваявалі супраць прыведзеных сюды чужых жаўнераў, якія былі кіраўніцтвам бальшавікоў.

Такім чынам, паўстае пытанне – Ці былі камуністычныя карныя органы і войскі варожымі для беларускага народу? Ці варта прызнаваць права расейскіх бальшавікоў, якія захапілі (зусім неправавым чынам) уладу ў Петраградзе і Маскве, ажыццяўляць уладу ў Беларусі?

Здаецца, адказ відавочны – савецкая ўлада ў Беларусі трымалася перш за ўсё на штыках чырвонаармейцаў, наганах чэкістаў і поўнай манаполіі партыйнай прапаганды. Як толькі ў 1980-х гадах стала можна казаць і друкаваць не толькі тое, што ад вас патрабуе камуністычнае начальства з Масквы, як толькі аслабеў ціск рэпрэсіяў, а армія перастала быць інструментам бальшавікоў у палітычнай дыскусіі з унутранымі апанентамі – савецкая ўлада ў нашай краіне пераўтварылася ў пыл.

Але не ўсё так проста. Можа быць 100 год таму маскоўскія бальшавікі цалкам адэкватна рэпрэзентавалі волю беларускага народу, і толькі ў 1980-я беларусы расчараваліся ў іх?

2 сілы – адна з мясцовых, а другая…

Вернемся ў 1917-1918 гады. Тады на агучванне інтарэсаў людзей і ўладу ў Беларусі прэтэндавалі перш за ўсё дзве палітычныя групы.

Першая – гэта беларусы ў выглядзе З’езду беларускіх арганізацыяў і партый, Першага Усебеларускага зʼезду, а таксама арганізацыяў, якія былі абраныя прадстаўнікамі гэтых зʼездаў. Вынікам працы гэтай палітычнай групы стала абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтая група ўключаў прадстаўнікоў усяго беларускага грамадства – ад сялянаў і працоўных да шляхты і святароў.

Удзельнікі Першага Усебеларускага Зʼезду.

Другая – гэта быў Абласны выканаўчы камітэт саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту, Аблвыканкамзах. Тут цалкам кіравалі бальшавікі, а большасць кіраўніцтва не мела ніякага дачынення да Беларусі. Чаму? Проста таму, што гэты орган савецкай улады больш чым на палову фармаваўся не жыхарамі Беларусі, а «Франтавым камітэтам Заходняга фронту», то бок дэмаралізаванымі жаўнерамі расейскай арміі, каля мільёна якіх знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі.

Жаўнеры, набраныя з усіх куткоў былой імперыі, былі на той момант гатовыя падтрымаць хоць чорта лысага, абы закончыць вайну з немцамі і разысціся па дамах. Найхутчэйшы мір абяцалі бальшавікі – вось жаўнеры, абсалютная большасць з якіх не была беларусамі, падтрымалі тут бальшавікоў.

Кіраўнік Аблвыканкамзаха з лістапада 1917 года – Аляксандр Мяснікян, родам з Растоўскай вобласці.

Вось прыклад. Абсалютная большасць беларусаў у той час была сялянамі. Як вы думаеце, колькі асобаў рэпрэзентавалі сялянаў у Аблвыканкамзаху? – 35. А колькі асобаў рэпрэзентавалі там жа жаўнерскі інтэрнацыянал Франтавога камітэту Заходняга фронту? – 100.

Акрамя таго, адзначым, што ў самым прадстаўнічым беларускім сходзе пачатку 20 стагоддзя – Першым Усебеларускім Зʼездзе ўдзельнічалі 1872 дэлегаты з усіх куткоў Беларусі. А Аблвыканкамзах, у адрозненне ад яго, практычна ніяк не прадстаўляў Заходнюю Беларусь, якая тады была занятая нямецкімі войскамі.

Шчыра кажучы, уся гісторыя змагання паміж беларускімі патрыётамі і бальшавікамі ў Беларусі ў 20 стагоддзі – гэта змаганне мясцовых жыхароў за свае інтарэсы супраць мяснікянаў, ланднераў і кнорыных з чужога Беларусі Аблвыканкамзаха.

Ці гэта не акупацыя – калі нейкая замежная палітычная партыя навязвае з дапамогай замежных жаўнераў волю беларускаму народу?

Працяг будзе.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў