Чаму Шушкевіч у Давосе быў, а Лукашэнка – не?


Першы кіраўнік незалежнай Беларусі прызнаецца «Белсату», што калі ён ехаў у 1992 годзе на Сусветны эканамічны форум у Давос, то быў упэўнены, што нашая краіна пойдзе шляхам суседняй Польшчы. Але «някемлівасць уладаў Беларусі перамагла».

На мінулым тыдні 49-ты раз сабраўся Сусветны эканамічны форум у Давосе, аднак кіраўніка дзяржавы туды не запрасілі. Адзіным афіцыйным прадстаўніком беларускай дзяржавы ў гісторыі форуму дагэтуль застаецца Станіслаў Шушкевіч.

Што значыць тое, што вы дагэтуль застаяцеся адзіным афіцыйным дзяржаўным прадстаўніком нашае краіны на Міжнародным сусветным форуме? Чаму, нягледзячы на пацяпленне стасункаў з Захадам, Давос не запрашае дэлегацыю з Беларусі?

Давоскі форум заснаваны ў 1971 годзе, і ён быў узмоцнены ў 1983 годзе, калі фактычна кіраўнік гэтага форуму, Кляўс Шваб, пачаў туды запрашаць кіраўнікоў дзяржаваў і асобаў, да якіх ставіцца з даверам.

Ён запрашае людзей, якія вылучаюцца кемлівасцю. Па-мойму, у Беларусі кемлівасці няма, бо трэба праводзіць нейкую лінію, а там трэба выказваць уласныя думкі на тыя змены, якіх чакае свет у сувязі з развіццём эканомікі, палітычных дзеянняў і г. д.

Калі мяне запрасілі першы раз, я выступаў, а вёў гэтую праграму Кісінджэр, я нават атрымаў падарунак. У 1992 і 1993 годзе запрасілі зноў з выступам пра тое, як мы будзем развівацца. Тады я думаў, што мы будзем развівацца, як прапісаў Бальцэровіч (Leszek Balcerowicz, былы віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў Польшчы. – Заўв. belsat.eu), але ж вы ведаеце, з гэтым не пагадзілася нашая кааператыўна-калгасная большасць. Яны захоўвалі старыя сувязі, і прывялі да таго, што сёння ў Польшчы ў тры з паловай разы сярэдні аклад большы, чым у Беларусі. Вось вынік такой закасцянелай някемлівасці: някемлівых у Давос не запрашаюць.

Сёлета, аднак, у Швейцарыю паехала беларуска Людміла Батура, якая прэзентуе беларускую філію сеткі моладзевых ініцыятываў «Shapers Club», створаную пад эгідаю Давоскага форуму. Калі б у вас была магчымасць праводзіць яе на самалёт, што б вы параілі ёй рабіць, казаць ці глядзець на форуме?

Ведаеце, я не правяду на самалёт і нічога не параю. Мне падаецца, на такім узроўні прэзентаваць Беларусь на форуме – недарэчнасць. Тут мае быць прынамсі прэм’ер, або кіраўнік Нацыянальнага Банку, або кіраўнік краіны. Але я не ведаю, чаму іх не запрашаюць.

Напярэдадні адкрыцця форуму эксперты Давосу публікуюць справаздачу пра глабальныя рызыкі і пагрозы 2019 года. Калі коратка, то сёлета на першым месцы сярод іх – «эканамічнае супрацьстаянне» найбуйнейшых дзяржаваў, на другім – «разбурэнне шматбаковых гандлёвых пагадненняў і сувязяў», на трэцім – «палітычная канфрантацыя паміж найбуйнейшымі дзяржавамі». Ці пагадзіліся б вы з такім спісам, і як б выглядаў ваш асабісты топ-3 пагрозаў і выклікаў гэтага года?

Прабачце, як жа не пагадзіцца? Ці мы не бачым, што робіцца паміж Кітаем і Злучанымі Штатамі? Ці мы не бачым, якія палітычныя аспекты паўстаюць у сувязі з пазіцыяй Ірану? Ці мы не бачым, што адбываецца ў Беларусі, што адбываецца ў Еўропе? Ці мы не бачым, што робіцца з брэкзітам? Гэта, мне здаецца, добра сфармуляваныя праблемы з дасведчанымі людзьмі. Там эксперты вельмі высокага ўзроўню, таму ім, прабачце, я параіць не магу – гэта яны могуць параіць, чым трэба займацца ў такой сітуацыі. Гэта найвышэйшага ўзроўню эканамічны форум, і добра, што пэўныя асобы з Расеі, на якія накладзеныя санкцыі Злучаных Штатаў, запрошаныя на гэты форум. Я лічу, што нельга праз палітычныя меркаванні абмяжоўваць нечы ўдзел.

Калі такія сусветныя лідары, як Трамп, Макрон і Тэрыса Мэй, адмяняюць свае паездкі на Давос, хто губляе больш – яны ці форум? Наколькі сёння змянілася роля Давосу ў параўнанні з тым часам, калі вы яго наведвалі?

Бываюць экстрэмальныя сітуацыі – і форум лічыць, што сітуацыя экстрэмальная. Напрыклад, 2002 год – форум збіраўся ў Нью-Ёрку ў сувязі з тэрарыстычнымі актамі.

Думаю, губляюць усе праз тое, што найвышэйшага ўзроўню прадстаўніцтва Вялікай Брытаніі ды Злучаных Штатаў не будзе на форуме.

Ёсць пэўныя заўвагі з боку Кітаю да форуму, але заўвагі заўсёды былі, і форум сфармулюе нешта, а гэтыя заўвагі будуць карэктаваць сітуацыю. Крыніца Гурска ў Польшчы, Санкт-Пецярбург, Уладзівасток – думаю, што папраўкі гэтыя будуць. Форум – не дырэктыўны орган, а рэкамендацыйны. Мне падаецца, ён высветліць шмат якія пытанні, бо прадстаўніцтва на ім моцнае. І яшчэ раз падкрэсліваю: нават тых асобаў з расейцаў, на якіх накладзеныя санкцыі, кіраўніцтва форуму вырашыла запрасіць.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Дзяніс Дзюба, Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары