Чаму прапанова Лукашэнкі пра новую Канстытуцыю сабатуецца? Бо пытання транзіту ўлады няма ў парадку дня

Аляксандр Лукашэнка не збіраецца аддаваць уладу і адкрыта сабатуе рэалізацыю канстытуцыйнай рэформы, якая была адным з галоўных патрабаванняў Масквы ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі.

Гісторыя пытання

Ідэя чарговай змены Канстытуцыі (асноўны закон ужо змянялі ў 1996 і 2004 гг.) цяпер успрымаецца як адказ Лукашэнкі на масавыя пратэсты і глыбокі палітычны крызіс у Беларусі. Але насамрэч размовы пра канстытуцыйную рэформу распачаліся задоўга да выбараў 2020 года.

Яшчэ ў кастрычніку 2016-га Лукашэнка заявіў, што «трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць асноўны закон». Амаль 1,5 года ён да гэтай тэмы не вяртаўся, а ў сакавіку 2018-га паведаміў, што Беларусь неўзабаве прыйдзе да абмеркавання зменаў у асноўны закон краіны. Пры гэтым дадаў: жыццё можа скласціся такім чынам, што трэба будзе хутка, цягам года, зрабіць новую Канстытуцыю. Аднак у красавіку 2018 года, на фоне перамогі рэвалюцыі ў Арменіі, Лукашэнка патлумачыў, што цяпер няма патрэбы спяшацца з канстытуцыйнай рэформай, бо «будзе як учора ў Арменіі».

Аляксандр Лукашэнка падчас выступу перад Нацыянальным сходам, 24 красавіка 2018 года. Фота: president.gov.by

Таптанне на месцы вакол ідэі новай Канстытуцыі працягвалася і ў наступныя гады.

У сакавіку 2019-га Лукашэнка заявіў журналістам, што даручыў суддзям Канстытуцыйнага суда распрацаваць праект новай Канстытуцыі, і яны неўзабаве «нешта прапануюць».

«Я схільны сёння да таго, што новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць», – падкрэсліў ён.

Аднак публічна Канстытуцыйны суд ніякіх прапановаў не агучваў, а ў наступны раз пра сваю ідэю Лукашэнка ўзгадаў толькі ў красавіку 2020 года. «Мы ў новай пяцігодцы, хутчэй за ўсё, будзем мець новую Канстытуцыю», – туманна паабяцаў ён.

У чэрвені 2020 года Лукашэнка распавёў, што яму ўжо накіроўвалі некалькі варыянтаў абноўленай Канстытуцыі, але прапановы падаліся яму «недастаткова рашучымі».

Пасля выбараў 2020 года ідэя змены Канстытуцыі набыла зусім новае гучанне.

На фоне масавых пратэстаў у Беларусі сваю даўнюю ініцыятыву Лукашэнка пачаў выкарыстоўваць як доказ, што ён ідзе насустрач грамадству, вядзе дыялог і праводзіць рэформы. Цяпер ужо ён сцвярджаў, што змены мусяць абмяркоўваць не толькі юрысты Канстытуцыйнага суда, а студэнты, працоўныя калектывы, ветэранскія і прафсаюзныя арганізацыі. У пачатку верасня Лукашэнка нават заявіў, што пасля зменаў Канстытуцыі ён гатовы правесці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, што было адным з патрабаванняў апазіцыі і пратэстоўцаў.

Аляксандр Лукашэнка ў СІЗА КДБ. Фота: «Пул первого»

Абмеркаванне зменаў у Канстытуцыю стала галоўнай тэмай сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка. У нядаўнім інтэрв’ю Наілі Аскер-задэ ён фактычна прызнаў, што да гэтага неардынарнага кроку яго падштурхнула Расея. І гэта цалкам лагічна, бо Крэмль неаднаразова заяўляў пра неабходнасць канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі. Праўда, змест і мэты гэтай рэформы ў Менску і Маскве відавочна бачаць па-рознаму.

Чаго хацеў Лукашэнка?

За чатыры гады размоваў пра Канстытуцыю Лукашэнка так і не сфармуляваў, якія канкрэтна нормы ў асноўным законе краіны ён хоча змяніць. Гаворка ішла толькі пра вызначальныя кірункі зменаў: Лукашэнка казаў пра неабходнасць пераразмеркаць частку прэзідэнцкіх паўнамоцтваў паміж парламентам і ўрадам. Аднак наўрад ці можна паверыць у тое, што Лукашэнка раптам вырашыў абмежаваць свае прэзідэнцкія паўнамоцтвы, каб лібералізаваць палітычную сістэму.

Лукашэнка з сынамі ўскладае кветкі на плошчы Перамогі. Менск, 9 траўня 2019 г. Фота: Natalia Fedosenko / TASS

Хутчэй ягоная мэта іншая: падкарэктаваць палітычную сістэму такім чынам, каб спрасціць транзіт улады да свайго пераемніка, калі сам Лукашэнка фізічна ўжо не зможа кіраваць дзяржавай. Гэта тлумачыць, чаму праект новай Канстытуцыі развіваецца настолькі млява – для Лукашэнкі ён пакуль проста неактуальны. Пытання транзіту ўлады цяпер няма ў парадку дня.

Ускосна Лукашэнка сам гэта прызнаваў. «Вы гэта назвалі транзітам улады. Я на гэта шырэй гляджу. Гляджу, якой будзе наша Беларусь, каму яна дастанецца. Гэта вельмі цяжкае, вельмі складанае і вельмі важнае для ўсіх пытанне», – казаў ён наконт Канстытуцыі ў сакавіку 2019 года.

У лістападзе 2020 года Лукашэнка заявіў, што новая Канстытуцыя будзе рабіцца не пад яго, а пад новага прэзідэнта. «З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзідэнтам працаваць не буду», – падкрэсліў ён.

Прычым нават у гэтым кантэксце Лукашэнка не збіраецца моцна абмяжоўваць прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Як ён прызнаваўся расейскім журналістам у верасні, «прэзідэнт мусіць захаваць кантроль за сітуацыяй у краіне, за галінамі ўлады». Фактычна самая вялікая саступка, якую Лукашэнка публічна дапусціў, – гэта дазвол фармаваць раённыя і абласныя суды «на месцы».

Падобныя выказванні наводзяць на думку, што пераразмеркаванне паўнамоцтваў наагул мае другаснае значэнне ў ініцыятыве Лукашэнкі.

Хутчэй за ўсё, размовы аб абмежаванні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў мусяць проста схаваць з’яўленне ў Канстытуцыі тых механізмаў, якія дапамогуць будучаму пераемніку Лукашэнкі бесперашкодна атрымаць уладу з ягоных рук.

Чаго хоча Крэмль?

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

У адрозненні ад Лукашэнкі, Крэмль пачаў выказваць зацікаўленасць у канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі толькі пасля выбараў 2020 года.

Мяркуючы з усяго, змена Канстытуцыі стала адной з галоўных умоваў Масквы, на якіх Расея была гатовая падтрымаць Лукашэнку падчас масавых пратэстаў. Уладзімір Пуцін яшчэ ў жніўні прызнаваў, што крызіс у Беларусі паўстаў не на пустым месцы, і ў краіне «праблемы, вядома, ёсць».

Як заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, аптымальнай платформай для пераадолення гэтых праблемаў будзе канстытуцыйная рэформа ў Беларусі, якую трэба правесці ў дыялогу з грамадзянскай супольнасцю. Потым Лаўроў неаднойчы нагадваў пра зацікаўленасць расейскага боку ў мадэрнізацыі палітычнай сістэмы Беларусі.

Публічна Масква не агучвала пажаданняў наконт зместу канстытуцыйнай рэформы, але зразумела, на які вынік расейскае кіраўніцтва разлічвае. Крэмль хоча зрабіць беларускую палітычную сістэму больш стабільнай, прадказальнай і кантраляванай. Больш за тое, Крэмль, мяркуючы з усяго, зыходзіць з таго, што Лукашэнкі ў абноўленай палітычнай сістэме зусім не будзе.

У снежні выданне The Insider апублікавала дакументы з Адміністрацыі прэзідэнта РФ, падрыхтаваныя ўпраўленнем, якое ўзначальвае генерал Службы вонкавай выведкі Уладзімір Чарноў. Гэтыя дакументы прысвечаныя праблеме захавання і пашырэння расейскага ўплыву ў Беларусі. Сярод іншага, там закранаецца і тэма канстытуцыйнай рэформы.

Пратэст 20 снежня 2019 года. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

У сваім выступе на нарадзе ў Крамлі 3 кастрычніка Чарноў адзначаў, што ў Беларусі «расце масавае і глыбіннае непрыманне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое ўсё мацней захоплівае адміністрацыйныя пласты». Пратэсты, няглядзячы на пэўны спад, распаўсюджваюцца «ўглыб і ўшыркі».

Таму Чарноў раіў расейскаму кіраўніцтву прымусіць улады Беларусі вызначыць дакладныя тэрміны для правядзення рэферэндуму аб новай Канстытуцыі, а таксама час датэрміновых выбараў. Менавіта гэта, на думку генерала, дазволіць стабілізаваць грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. А ўжо пасля канстытуцыйнай рэформы Расея мусіць атрымаць прарасейскую большасць у новым беларускім парламенце, «што зробіць унутраную і вонкавую палітыку краіны больш вызначанай».

Хутчэй за ўсё, генерал Чарноў разлічвае, што на гэтым этапе Лукашэнка ўжо не будзе мець рэальнай улады, інакш планы наконт прарасейскай большасці ў парламенце проста губляюць сэнс.

У канцы 2020 года газета «Коммерсант» са спасылкай на свае крыніцы ў расейскіх дзяржструктурах адзначала, што Масква зацікаўленая ў найхутчэйшым транзіце ўлады ў Беларусі. Паводле выдання, наконт механізму транзіту існуюць розныя пункты гледжання. Адныя лічаць, што транзіт мусіць базавацца на канстытуцыйнай рэформе з узмацненнем ролі парламенту (варыянт генерала Чарнова). А іншыя перакананыя, што такія рэформы не патрэбныя, і паўнамоцтвы прэзідэнта мусяць заставацца без зменаў – «проста Аляксандру Лукашэнку трэба адысці ўбок». Аднак Лукашэнка аддаваць уладу наагул не збіраецца.

Канстытуцыйную рэформу спускаюць на тармазах

У інтэрв’ю Наілі Аскер-задэ Лукашэнка заявіў, што праект новай Канстытуцыі будзе гатовы да канца 2021 года, пасля чаго адбудзецца рэферэндум.

Цікава, што паводле РБК у верасні ўлады Беларусі абяцалі Маскве і АБСЕ зрэалізаваць канстытуцыйную рэформу да 2022 года, а потым адразу правесці прэзідэнцкія выбары.

Апошняя заява Лукашэнкі сведчыць пра тое, што выконваць сваіх абяцанняў афіцыйны Менск не збіраецца: калі праект новай Канстытуцыі з’явіцца толькі напрыканцы 2021 года, то прыняць яе да 2022 года дакладна шанцаў не будзе. А пра датэрміновыя выбары Лукашэнка цяпер зусім не ўспамінае.

А. Лукашэнка выступае перад сваімі прыхільнікамі на мітынгу. 16 жніўня 2020 г. Менск, Беларусь. Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Лукашэнка адмыслова адцягвае рэалізацыю канстытуцыйнай рэформы, бо лічыць, што ў цяперашніх умовах яна можа паставіць пад пагрозу рэжым ягонай асабістай улады.

Краіна перабывае ў глыбокім палітычным крызісе, пратэсты ў Беларусі не былі задушаныя, катастрафічная для ўлады электаральная сітуацыя нікуды не знікла. Рэферэндум у такіх умовах можа стаць дадатковым фактарам мабілізацыі, прывесці да новага выбуху пратэстаў і калапсу ўсёй сістэмы.

Акрамя таго, Лукашэнка цудоўна разумее, чаго хоча дамагчыся пры дапамозе канстытуцыйнай рэформы Крэмль.

Паказальна, як змянілася рыторыка Лукашэнкі наконт магчымых зменаў у Канстытуцыі ў пытанні ролі палітычных партыяў. У 2018 годзе ён заяўляў, што шматпартыйнасць трэба замацаваць у асноўным законе краіны, у 2019-м дапускаў змену выбарчай сістэмы з мажарытарнай на партыйна-прапарцыйную. А ў верасні 2020 года фактычна выключыў такую магчымасць, адзначыўшы, што ў беларусаў няма запыту на партыі, дый сапраўдных партыяў у краіне не існуе. Хаця менавіта на парламент і прарасейскія партыі прапаноўваў рабіць стаўку генерал Чарноў у сваім крамлёўскім дакладзе.

Натуральна, тыя матывы, якія падштурхнулі Лукашэнку яшчэ ў 2016 годзе загаварыць пра новую Канстытуцыю, нікуды не падзеліся. Імаверна, Лукашэнку дагэтуль хвалюе, хто стане ягоным пераемнікам пасля таго, як ён сам ужо не зможа кіраваць дзяржавай, што будзе тады з ягонай сям’ёй і блізкім атачэннем.

Аднак цяпер яго хвалюе толькі тое, як захаваць уладу ў дадзены момант. Сыходзіць ён не збіраецца.

Пуцін і Лукашэнка ў Сочы. Фота: http://kremlin.ru/

Галоўнае пытанне – як на відавочны сабатаж сваіх патрабаванняў будзе рэагаваць Крэмль.

Не варта разлічваць, што гэтая сітуацыя сама па сабе падштурхне Пуціна да рашучай змены лініі паводзінаў адносна палітычнага крызісу ў Беларусі. Аднак калі Лукашэнка цяпер сутыкнецца з новай хваляй масавых пратэстаў, Масква наўрад ці будзе спяшацца дапамагчы свайму хаўрусніку.

Ігар Ільяш belsat.eu

Hавiны