Чаму пенсіянеры паміраюць на блокпастах у Данбасе


Толькі з пачатку гэтага году падчас перасячэння лініі размежавання ў Данецкай і Луганскай абласцях памерлі дзевяць пажылых людзей. Большасць з іх ехала на падкантрольную тэрыторыю, каб прайсці праверку і атрымаць сваю пенсію.

Пра выпадкі смерці пенсіянераў паведамляюць у справаздачах Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ, прэс-цэнтры штаба Аперацыі аб’яднаных сілаў і дабрачынным фондзе «Права на абарону», супрацоўнікі якога сочаць за сітуацыяй на кантрольных пунктах уезду-выезду. Усе дзевяць пенсіянераў памерлі натуральнай смерцю, пакуль стаялі ў чарзе або праходзілі праверку на падкантрольных сепаратыстам блокпастах або на дзяржаўных пунктах пропуску. Паводле інфармацыі Упраўлення па каардынацыі гуманітарных пытанняў ААН, за ўвесь мінулы год падчас перасячэння лініі размежавання памерлі каля 50 чалавек.

«У большасці выпадкаў пажылыя людзі паміраюць ад захворванняў сэрца, часцей за ўсё гэта адбываецца летам ці ўзімку, калі вельмі горача або вельмі холадна. Перасячэнне лініі размежавання займае ад чатырох да васьмі гадзін, і пенсіянерам неабходна пераадольваць гэтыя перашкоды, каб атрымаць свае законныя пенсіі, – кажа «Белсату» менеджэрка праграмы «Дарадца па пытаннях ўнутрана перамешчаных асобаў» Валерыя Вяршыніна. – Неабходна пазбавіць людзей ад неабходнасці перасякаць лінію размежавання так часта – зрабіць большым інтэрвал, з якім пенсіянеры ездзяць на праверкі, ці ўвогуле адмовіцца ад яго на карысць больш тэхналагічных метадаў праверкі. За пяць гадоў дзяржава павінна была вырашыць гэтую праблему».

Пенсіянеры стаяць у чарзе на кантрольным пункце ўезду-выезду «Наватроіцк» ў Данецкай вобласці. Фота прадстаўлена дабрачынным фондам «Права на абарону».

Даведка для пенсіянера

Механізму выплаты пенсій жыхарам непадкантрольнай тэрыторыі да гэтага часу не існуе. Пенсіянеры, якія стала жывуць у «ДНР» або «ЛНР», становяцца на ўлік як ўнутрана перамешчаныя асобы, пры гэтым у даведках указваюць адрасы, куды яны нібыта пераехалі. Пасля рэгістрацыі пенсіянеры вяртаюцца дадому і не радзей за адзін раз на два месяцы перасякаюць лінію размежавання, каб пацвердзіць сваё пражыванне на падкантрольнай тэрыторыі і атрымаць пенсію.

«Менавіта гэта мы зрабілі механізмам для таго, каб людзі [з непадкантрольнай тэрыторыі – Заўвага Belsat.eu] маглі атрымліваць пенсію», – у эфіры« Громадське телебачення» заявіў Мікалай Шамбор, намеснік міністра сацыяльнай палітыкі Украіны. Ён лічыць, што вырашыць праблему з выплатай пенсій можна толькі праз «выкананне Мінскіх пагадненняў і пераход тэрыторый пад кантроль Украіны».

Паводле інфармацыі Міністэрства сацыяльнай палітыкі, да пачатку канфлікту на тэрыторыі, якую цяпер займаюць самаабвешчаныя рэспублікі, пражывалі каля 1,2 мільёна пенсіянераў. Толькі каля 700 тысяч з іх аформілі статус ўнутрана перамешчаных асоб і атрымліваюць ўкраінскія пенсіі.

Дзяржаўная палітыка для «нябачных» грамадзян

У ліпені 2017 году ў Вярхоўнай Радзе Украіны зарэгістравалі законапраект №6692 «Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Украіны адносна права на атрыманне пенсiй асобным катэгорыям грамадзянаў». Ён прадугледжвае выплату пенсій жыхарам непадкантрольнай тэрыторыі без даведкі ВПЛ. Як будзе выглядаць сам механізм, павінны прапісаць пасля прыняцця закону. Але калі гэта здарыцца, невядома – законапраект прайшоў усе неабходныя камітэты, быў уключылі ў парадак дня сесіі парламенту, але яго разгляд пакуль адкладзены.

«Тое, што законапраект да гэтага часу не вынеслі на галасаванне, з’яўляецца часткай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да жыхароў акупаванай тэрыторыі, – лічыць Валерыя Вяршыніна. – Калі б у дэпутатаў было разуменне таго, што ў акупацыі засталіся такія ж грамадзяне Украіны, закон ужо даўно б прынялі».

Пенсіянеры перасякаюць кантрольны пункт уезду-выезду «Мар’інка» ў Данецкай вобласці. Фота прадстаўлена дабрачынным фондам «Права на абарону».

Тэма выплаты пенсій жыхарам непадкантрольнай тэрыторыі абрасла міфамі. У адным з іх гаворыцца пра тое, што Украіна не атрымлівае падаткі ад самаабвешчаных рэспублік і, адпаведна, не можа плаціць пенсіі тым, хто там жыве.

«Але яны зарабілі пенсіі сваёй працай, яны гэтак жа, як і ўсе грамадзяне Украіны, плацілі ўзносы ў Пенсійны фонд», – адказвае на гэта Валерыя Вяршыніна.

ВИДЕО
Потомки поляков умирают за Украину. Их семьи просят посольство Польши о помощи
2019.01.28 18:00

Непазбежныя чэргі

«Па дадзеных нашага рэгулярнага апытання на кантрольных пунктах уезду-выезду, большасць з тых, хто перасякае лінію размежавання, сапраўды жыхары непадкантрольнай тэрыторыі. І хоць апытанне не з’яўляецца рэпрэзентатыўным, яно ўсё ж такі паказвае асноўныя тэндэнцыі. Больш за палову апытаных – людзі ад 60 гадоў. Найбольш частымі прычынамі паездак яны называюць пытанні, так ці інакш звязаныя з пенсіямі», – кажа «Белсату» Юлія Захарчанка, галоўны аналітык кансалідаванай інфармацыі дабрачыннага фонду «Права на абарону».

Пенсіянерка з непадкантрольнай Горлаўкі Данецкай вобласці, якая амаль кожны месяц ездзіць па пенсію ў суседні, але падкантрольны Бахмут (былы Артёмаўск – Заўвага Belsat.eu), у размове з карэспандэнткай «Белсату» абурылася не самай сістэмай атрымання пенсій, а чэргамі на лініі размежавання. Яна хоча, каб праверка на падкантрольным «ДНР» блокпосце была такой жа хуткай, як і на дзяржаўным пункце пропуску.

Паводле інфармацыі аналітыка «Права на абарону» Юліі Захарчанка, пункты абагрэву, пітная вада і прыбіральні ёсць на ўсіх пяці дзяржаўных пунктах уезду-выезду (чатыры з іх – у Данецкай вобласці, адзін – у Луганскай). Два пункты пропуску адрамантавалі ў мінулым годзе, яшчэ на трох працягваюцца працы.

«Пасля рамонту ўмовы значна палепшыліся, гэта адзначаюць і самі людзі, якія перасякаюць кантрольныя пункты ўезду-выезду, – кажа Юлія Захарчанка. – На дадзены момант вострай праблемай для ўсіх пунктаў пропуску з’яўляецца стан дарогі. Умовы надвор’я змяняюцца, і гэта стварае дадатковыя цяжкасці. У маразы – слізка, калі плюсавая тэмпература – растае снег і ўтвараюцца вялікія лужыны, затым вада зноў замярзае. Нашы маніторы не раз назіралі падзенне і траўміраванне людзей, у тым ліку і пераломы».

У Луганскай вобласці працуе ўсяго адзін кантрольны пункт уезду-выезду «Станіца Луганская». Фота прадстаўлена дабрачынным фондам «Права на абарону».

Тым не менш дзяржаўныя пункты пропуску працуюць у нармальным рэжыме.

«Нягледзячы на вялікую колькасць людзей, працэдура кантролю ажыццяўляецца ў добрым тэмпе, чэргі прасоўваюцца досыць хутка», – адзначае аналітык «Права на абарону» Юлія Захарчанка.

Вінаватыя сепаратысты

Цяжкасці на блокпастах ствараюць баевікі самаабвешчаных рэспублік, лічаць у штабе Аперацыі аб’яднаных сілаў.

«Штучнае стварэнне доўгіх чэргаў і неарганізаванасць у працы пунктаў пропуску ў халодную пару году з боку расейска-акупацыйных войскаў у каторы раз падвяргае небяспецы мірнае насельніцтва, сярод каторага ў асноўным пажылыя людзі, – заяўляе Украінскі бок Сумеснага цэнтру кантролю і каардынацыі. – Украінскі бок СЦКК заклікае акупацыйную адміністрацыю і ўзброеныя фармаванні Расеі не грэбаваць нормамі міжнароднага гуманітарнага права па забеспячэнні спрыяльных умоваў для здароўя і жыцця грамадзянскага насельніцтва».

Чытайце па тэме:

Новости
Сколько белорусов прошли через войну на Донбассе? Расследование «Белсата»
2018.02.27 08:05

Ганна Сакалова/АА, belsat.eu

Стужка навінаў