Чаму павешанне, а не расстрэл? Міфы і праўда пра два апошнія месяцы жыцця Кастуся Каліноўскага


22 сакавіка спаўняецца 155 год з дня, калі быў страчаны на шыбеніцы адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, суаўтар «Мужыцкай праўды» – Кастусь Каліноўскі. З гэтай нагоды Belsat.eu распавядае пра апошнія два месяцы жыцця беларускага нацыянальнага героя на базе архіўных дакументаў.

Следчая справа Кастуся Каліноўскага, якая захоўваецца ў Літоўскім Віленскім Нацыянальным Архіве

Як здраднік «здаў» Каліноўскага і паўстанцкі пароль

Кастусь Каліноўскі апошнія месяцы свайго жыцця спакойна знаходзіўся ў Вільні, хаваючыся пад псеўданімам Ігнат Вітажэнец. Ён так добра ўмеў канспіравацца, што мог спакойна вячэраць у перапоўненайрасейскімі афіцэрамі карчме. Невядома, колькі б яшчэ царская паліцыя шукала кіраўніка паўстання, калі б не здраднік.

Малады паплечнік Каліноўскага – паўстанцкі камісар Магілёўскай губерні Вітаўт Парфіяновіч. Менавіта ён «здаў» свайго старэйшага таварыша пад час допыту, назваўшы месца жыхарства ды псеўданім Каліноўскага. Між іншым, «дзякуючы» паказанням Парфіяновіча беларусы і даведаліся легендарны паўстанцкі пароль:

– Каго любіш?

– Люблю Беларусь!

– Так узаемна!»

Ён агучыў яго следчым.

Здымак архіўнага дакументу з Літоўскага Віленскага Нацыянальнага Архіву з паролем паўстанца

Дзве роты салдат, каб злапаць Каліноўскага

Здраднік раскаяўся, папрасіў прабачэння і паабяцаў у далейшым аддана служыць «Гасудару і Айчыне». Царскія следчыя, атрымаўшы загад ад генерал-губернатара Мураўёва ўжо былі на шляху да Святаянскіх муроў, рыхтаваліся арыштоўваць «канавода паўстання» Каліноўскага.

Здымак дакументу са следчай справы Вітаўта Парфіяновіч з Літоўскага Віленскага Нацыянальнага Архіву

Каб арыштаваць «палітычнага злачынца» Каліноўскага, адправілі ажно дзве роты царскіх жаўнераў! Парфіяновіч не назваў следчым дакладнай адрэсы Каліноўскага. Увечары 9 лютага 1864 года жандары ачапілі ўвесь квартал у раёне касцёла Святых Янаў. Сам «дыктатар Літвы» Каліноўскі, нічога не падазраючы, знаходзіўся на здымнай кватэры ды займаўся паўстанцкай дакументацыяй.

У гэты час царскія жандары правяралі ледзь не кожную кватэру ў квартале, шукаючы патрэбнага ім «злачынца». Раптоўна Каліноўскі пачуў шум на калідоры, выйшаў праверыць, што там адбываецца, трымаючы ў руках свечку. Праз імгненне ён наткнуўся на жаўнераў. Тыя адразу спыталі прозвішча, Каліноўскі назваў свой псеўданім – Вітажэнец, яго адразу схапілі.

Блытаў следчых, каб не падставіць паплечнікаў

Каліноўскага неадкладна даставілі да Асобнай следчай камісіі па палітычных справах. Адразу распачаўся допыт, на якім кіраўнік паўстання спрабаваў заблытаць следчых ды адмаўляў, што ён і ёсць няўлоўны Кастусь Каліноўскі. Легенда паўстанца развалілася, калі яго апазнала знаёмая жанчына. На наступны дзень, 10 лютага, ён называе сваё сапраўднае прозвішча і агучвае сваю ролю ў паўстанні. Але не перастае блытаць следчых, мяняць паказанні, называе імёны толькі забітых або арыштаваных удзельнікаў паўстання, каб не падставіць сваіх паплечнікаў, што заставаліся на свабодзе. Допыты ды вочныя стаўкі, сустрэчы з царскімі службоўцамі нават высокіх рангаў, заманлівыя прапановы «здаць» сваіх паплечнікаў у абмен на свабоду і добрую пасаду цягнуліся роўна месяц.

10 сакавіка Каліноўскі заявіў, што больш не будзе даваць аніякіх паказанняў, разумее які будзе вынік, але ісці па іншым шляху не можа. У гэты час ён просіць стос аркушаў, чарніла ды пяро ў адміністрацыі вязніцы, каб напісаць тлумачальныя запіскі, якою ён бачыць сітуацыю ў краі.

Здымак часткі дакументу з Літоўскага Віленскага Нацыянальнага Архіву, у якім Кастусь Каліноўскі тлумачыць сваё бачанне палітычнай сітуацыі ў краіне

Некаторыя гісторыкі зараз прыпісваць Каліноўскаму крыважэрнасць, маўляў, заклікаў нават шляхецкіх немаўлят у калысцы забіваць. Аднак, з яго тлумачальнай запіскі вынікае зусім іншае. У апошнім сказе свайго тлумачальнага ліста ён заклікае «не праліваць лішняй братняе крыві».

Здымак апошняга аркуша запіскі Каліноўскага з Літоўскага Віленскага Нацыянальнага Архіву

Замест расстрэлу – шыбеніца

Асобая следчая камісія перадала справу Каліноўскага на разгляд генерал-губернатару Мураўёву, які загадаў скончыць справу за тры дні. 13 сакавіка пачаўся суд над Каліноўскім, дзе ён не стаў сябе бараніць, толькі чарговы раз прызнаў, што быў кіраўніком паўстання ў Беларусі і Літве, а 14 сакавіка ўжо быў вядомы вырак – расстраляць!

Здымак архіўнага дакументу з Літоўскага Віленскага Нацыянальнага Архіву з якога вынікае, што Каліноўскі прыгавораны да смерці праз расстрэл
Здымак архіўнага дакументу з Літоўскага Віленскага Нацыянальнага Архіву з якога вынікае, што Каліноўскі прыгавораны да смерці праз расстрэл

Не дарэмна ў генерал-губернатара Паўночна-заходняга краю Мураўёва была мянушка «вешальнік». Асабістым сваім загадам ад 16 сакавіка 1864 года Мураўёў-вешальнік замяняе расстрэл павешаннем. У тыя часы вешалі за цяжкія злачынствы толькі просты люд, дваранаў жа – расстрэльвалі. Але Мураўёў бачыў, як дробнае дваранства змагалася за сялянскае светлае будучае, таму так часта паўстанцам-шляхцюкам прызначаў пакаранне смерцю праз шыбеніцу.

«Мужык, толькі тады зажывеш ты шчасліва, калі над табой маскаля ўжо не будзе!»

Ведаючы пра свой лёс, Кастусь Каліноўскі пачынае пісаць «Лісты з-пад шыбеніцы» – свой запавет людзям, за якіх ён змагаўся. У гэтых лістах паўстанец заклікае сваіх братоў – беларускіх мужыкоў – працягваць барацьбу за ўласнае шчасце і светлае будучае ды прызнаецца, што не шкадуе аддаць сваё жыццё за свой народ. Каліноўскі скончвае «Лісты…» высновай, якая не губляе актуальнасці і сёння:

«Мужык, толькі тады зажывеш ты шчасліва, калі над табой маскаля ўжо не будзе!».

Ды ставіць подпіс – Яська-гаспадар з-пад Вільні. Адсюль вынікае, што Каліноўскі непасрэдна быў датычны да выдання «Мужыцкай праўды». «Лісты з-пад шыбеніцы» Каліноўскаму ўдалося перадаць патаемна на свабоду.

Стоячы на эшафоце

22 сакавіка 1864 года а 7 раніцы ў камеру Кастуся Каліноўскага прынеслі сняданак. Трохі пазней прыбыў святар, каб падрыхтаваць кіраўніка паўстання да дарогі ў апошлі шлях, але Кастусь ад паслуг святара адмаўляецца. А 9 раніцы Каліноўскага пачынаюць дастаўляць на Лукішскі пляц, дзе паназіраць за экзекуцыяй сабралася ўся Вільня.

А 10-й гадзіне Кастусь стаяў на эшафоце, а царскі службоўца зачытваў яму вырак. Каліноўскі і тут паводзіў сябе дзёрзка, ён пастаянна перабіваў паліцмайстра, сваймі едкімі каментарамі да прысуду. А калі той назваў паўстанца дваранінам, дык Каліноўскі менавіта тады і выгукнуў сваю знакамітую фразу «У нас дваран няма – усе роўныя!». Паліцмайстар быў у шаленстве і заклікаў Каліноўскага спыніць каментары, на што апошні даў згоду.

А 10:30 кат выканаў загад паліцмайстра і Кастуся Каліноўскага не стала. Яго цела засыпалі вапнай ды пахавалі на тэрыторыі Замкавай гары (гары Гедыміна), дзе тады знаходзіўся гарнізон царскіх жаўнераў. Пазней там зробілі пляцоўку для крыкету на якой салдаты «яго Царскай Вялікасці» бавілі вольны час.

Парэшткі Каліноўскага перапахаваюць

Праз 155 год літоўскія археолагі ды гісторыкі правялі эксгумацыю парэшткаў паўстанцаў, якіх пахавалі на Замкавай гары. Некалькі дзён таму літоўскім даследчыкам з верагоднасцю ў 95% удалося ідэнтыфікаваць парэшткі беларускага нацыянальнага героя. Цяпер жа на восень гэтага году плануецца ўрачыстае перапахаванне парэшткаў паўстанцаў на старых віленскіх могілках «Росы». Нарэшце, праз больш, чым паўтара стагоддзі, беларусы змогуць прыехаць у Вільню ды на годным узроўні ўшанаваць памяць кіраўніка вызваленчага паўстання ў Беларусі і Літве Вікенція Канстанціна Каліноўскага.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў