Чаму Парашэнка не дае грамадзянства замежным добраахвотнікам?


Пра Украіну за 7 месяцаў перад прэзідэнцкімі выбарамі – інтэрв’ю з украінскаю журналісткай, кандыдаткаю гістарычных навук Аленаю Бабаковай.

Украіна афіцыйна заявіла Расеі, што разрывае сяброўства. Што будзе цяпер?

Мне падаецца, важна сказаць, што міру і сяброўства няма ўжо цягам чатырох з паловаю гадоў, калі не даўжэй. Фактычна гэты вялікая рамачная дамова, якую ў 1997 годзе падпісалі яшчэ Ельцын і Кучма, адмяніла самое жыццё. Агрэсія Расейскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны – спачатку анексія Крыму, потым вайна на Данбасе – зрабілі гэтую дамову абсалютна бессэнсоўнаю. Фактычна цягам апошніх гадоў гэта быў дакумент на паперы, які не працаваў. Першы раз дамову падпісалі тэрмінам на 10 гадоў, і потым мусілі кожныя 10 гадоў аднаўляць. Цяпер прэзідэнт Парашэнка вырашыў гэтага не рабіць. Чаму гэта адбылося менавіта ў цяпер, думаю, слова-ключ – «выбары». Украіна рыхтуецца да прэзідэнцкай кампаніі. Хто стане прэзідэнтам у выніку выбараў увесну 2019-га?

Ці гэткім чынам Парашэнка хоча назбіраць сабе нейкія балы?

Безумоўна. Мы ўжо бачым, што паволі вызначаецца кола асобаў, якія будуць фаварытамі ды галоўнымі ўдзельнікамі выбарчай кампаніі. Натуральна, на першым месцы Пятро Парашэнка. Ён прэзідэнцтвуе толькі першы тэрмін, таму мае права на другі. Мы ўжо бачым, якія будуць галоўныя мэсіджы гэтай кампаніі – тое, білбордамі з чым завешаныя абсалютна ўсе ўкраінскія гарады: войска, мова і царква. Войска – гэта вайна з Расеяй, якая працягваецца і ў якой Украіна стрымлівае агрэсара, – тут прэзідэнт кажа пра свае поспехі. З іншага боку, Парашэнка пайшоў на досыць хітры піар-ход. Яшчэ першы раз на Дзень незалежнасці Украіны, 24 жніўня, а нядаўна ва Украінскім парламенце падчас штогадовага звароту да дэпутатаў ён папрасіў прабачэння, што нягледзячы на ягонае ранейшае абяцанне скончыць вайну хутка вайна дагэтуль не скончылася.

Папрасіў прабачэння?

Так, і ўкраінцы досыць цёпла прынялі такі жэст, бо для іх тое, што палітык просіць прабачэння за нейкае нявыкананае абяцанне, – нешта новае. На маю думку, гэта чысты піар-ход, бо калі паглядзець на сітуацыю цвяроза, то акурат з усіх тых рэчаў, якія ў кампетэнцыі прэзідэнта, – на спыненне гэтай вайны менавіта як збройнага канфлікту Парашэнка меў найменшы ўплыў. Іншая справа, што тыя рэчы, на якія ён мог паўплываць, – барацьба з карупцыяй, рэформа судовай сістэмы, барацьба з алігархатам, – калі не цалкам праваленыя, то поспехі там застаюцца досыць сціплыя.

Калі казаць пра два астатнія пункты – мова і царква, – мы бачым, што Пётр Парашэнка зрабіў вельмі вялікую стаўку на тое, каб Украінская царква атрымала нарэшце незалежнасць ад Маскоўскага патрыярхату. Цяпер ужо кожны прыстойны ўкраінскі грамадзянін ведае грэцкае слова «томас» – грамата, якую выдаюць на аўтакефалію патрыярхатам нейкай памеснай царквы ў незалежнай дзяржаве. Калі яшчэ паўгода таму справа падавалася дастаткова спрэчнаю, было не зразумела, прагнецца ці не прагнецца Канстанцінопаль пад ціскам Масквы, цяпер мы бачым, што з верагоднасцю каля 80 % справа вырашаная. Хутчэй за ўсё Украіна томас атрымае, гэта значыць, ва Украіны будзе незалежная памесная царква, што, безумоўна, аслабіць пазіцыі Масквы ва Украіне.

Што датычыць мовы: таксама бачым, як Пётр Парашэнка ўсяляк падкрэслівае, што толькі ўкраінская – дзяржаўная мова, што ён падтрымае развіццё нацыянальнай культуры і што менавіта мова – гэта шчыт украінцаў у барацьбе з «русским миром». З аднаго боку, прэзідэнт, безумоўна, мае рацыю. Сімвалічнае адмежаванне сябе ад Расеі, ад «русского мира» для Украіны як для дзяржавы вельмі важнае.

З іншага боку, я бачу вялікую праблему, калі за сімвалічным адмежаваннем ідзе адмежаванне сапраўднае, бо «русский мир» – гэта не толькі расейская мова і Маскоўскі патрыярхат. «Русский мир» – гэта «савок» у галаве: гэта карупцыя, падтрыманне карупцыйных практыкаў, гэта барацьба са свабодаю слова, барацьба з дэмакратыяй. І тут мы бачым ва Украіне пэўныя неспакойныя моманты. Напрыклад, нядаўна дзве вядомыя журналісткі, якія займаюцца расследаваннямі, Наталля Сядлецкая і Крысціна Бярдзінскіх, адная з радыё «Свабода», другая з тыднёвіка «Новы час», даведаліся, што Генеральная пракуратура запрасіла і атрымала звесткі з іхных тэлефонаў за апошнія 17 месяцаў, якія датычаць месцаперабывання гэтых журналістак, а таксама іхных СМС. То бок хацелі даведацца, з кім яны сустракаюцца для сваіх антыкарупцыйных журналісцкіх расследаванняў. Гэта абсалютна расейскі ход, гэта недапушчальна, наступ на свабоду слова непрымальны ў любой дэмакратычнай краіне.

Другое – тое, што цяпер прэзідэнт спрабуе правесці закон пра замежных агентах. Сіметрычны закон функцыянуе ў Расеі. І акурат у Расеі ён быў прыняты дзеля таго, каб змагацца з тымі арганізацыямі, якія, як падаецца Пуціну, пагражаюць дзяржаўнаму суверэнітэту. Прэзідэнт усё тлумачыць вайной, што праўда. Але, з іншага боку, мы бачым, што ўкраінская ўлада пачынае забіраць усё больш і больш свабодаў. Гэта, сапраўды, вельмі неспакойны трэнд.

Апроч таго, што мы бачым, як Парашэнка намагаецца ўсяляк паказаць, які ён добры прэзідэнт, але ў яго ёсць сур’ёзныя праціўнікі. Хто тут найбольш яскрава вымалёўваецца? Ці ёсць той чалавек, які мог бы скончыць эпоху Парашэнкі ва ўкраінскай палітыцы?

У першую чаргу, вядома, у галаву прыходзіць несмяротная Юлія Цімашэнка, якая, нібыта Фенікс з попелу, кожны раз адраджаецца. Кожны раз, калі падавалася, такі піар-правал, што Юліі ўжо проста няма чаго рабіць на ўкраінскай палітычнай сцэне, яна знаходзіць сябе, робіць новую фрызуру, абувае новыя абцасы ды ідзе наперад з новаю рыторыкай. Яна нават назвала яе цяпер новы курс, апелюючы тым самым да спадчыны Фрэнкліна Дэланоў Рузвэлта ў Злучаны Штатах. Калі яшчэ нядаўна Юлія Цімашэнка крытыкавала прэзідэнта за ягоныя дзеянні ў адносінах да Вашынгтону і Бруселю, то цяпер Юлія Уладзіміраўна – галоўны флагман еўраінтэграцыі. Яна за інтэграцыю з ЕЗ, яна за інтэграцыю з NATO. Нагадаю, што Юлія Цімашэнка – гэта палітык, у якога абсалютна няма ніякай ідэалогіі. Ейная праграма – гэта дыктатура сацапытанак: куды ўкраінцы, туды і яна. І тут ёсць два ключавыя тэрміны, што яна выкарыстоўвае ў сваёй кампаніі, яны мне асабліва падабаюцца, беларусам, думаю, таксама будуць даспадобы: адзін – «зубожіння», гэта значыць радыкальнае жабрацтва насельніцтва, якое, паводле Цімашэнкі, мае месца ва Украіне. Як чалавек, які толькі прыехаў з Кіева і бачыў чэргі на касах у кіеўскіх супермаркетах, да «зубожіння» яшчэ крыху далёка.

Магчыма, гэта толькі ў Кіеве?

Не толькі, я паездзіла па Украіне таксама. А другое – гэта «тарыфны генацыд» – гэта тое, што ўлада падымае кошты на электраэнергію, на ацяпленне, чым вынішчае ўкраінцаў. «Зубожіння», «тарыфны генацыд», еўрапейская інтэграцыя – з гэтым Цімашэнка ідзе на выбары.

Ёсць шэраг іншых кандыдатаў. Па-першае, кандыдат ад апазіцыйнага блоку, гэта былая Партыя рэгіёнаў, хутчэй за ўсё ад іх будзе Уладзімір Бойка. З ягоным вылучэннем існуе верагоднасць расколу – тое, што будзе свой кандыдат у паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Украіны, які будзе сябе супрацьпастаўляць палітычнай лініі Кіева. І гэтак званыя «кандыдаты шоу-бізнесу». З таго, што я ведаю ад украінскіх паліттэхнолагаў, паволі свой штаб збірае Уладзімір Зялінскі – зорка «95 кварталу», шоўмен, чалавек з выдатным пачуццём гумару, але з незразумелымі палітычнымі талентамі, які ў сіткоме «Слуга народа» сыграў прэзідэнта Украіны. І, напэўна, яшчэ больш вядомы ў Беларусі Святаслаў Вакарчук, фронтмен гурта «Акіян Эльзы». Я была на канцэрце Святаслава ў Кіеве 24 жніўня, было рэальна крута, гэта было супершоу.

Ці ў Вакарчука адчуваліся прэзідэнцкія амбіцыі?

А вось не, ён нічога не сказаў. Ён вельмі рэдка выступае, і былі спадзяванні, што ў канцы канцэрту ён абвесціць пра пачатак выбарчай кампаніі, але не. У Кіеве нядаўна скончыўся YES (Yalta European Strategy) – прэстыжны палітычны міжнародны форум, на якім тым украінскім палітыкам, якія прэтэндуюць на міжнароднае прызнанне, выпадае браць удзел. Вакарчук там быў і выступаў у адной з панэляў.

Мы будзем сачыць за тым, што адбываецца ва Украіне, і яшчэ не раз сустрэнемся, бо выбары абяцаюць быць вельмі насычаныя. Літаральна ўчора прайшлі гучныя пратэсты каля адміністрацыі прэзідэнта, і нашыя добраахвотнікі, беларусы, якія ўдзельнічаюць у баях на Данбасе, прыкоўвалі сябе да плота і прасілі вырашыць іхны статус. Для беларускіх хлопцаў, якія ваююць, гэтае пытанне сапраўды вельмі важнае. Ці магчыма яго вырашыць і чаму ўкраінскія ўлады не развязалі яго дагэтуль?

Украінскія ўлады не развязалі вельмі шмат пытанняў, звязаных з канфліктам на ўсходзе. І правы замежных грамадзянаў, якія ваююць у складзе ўкраінскіх узброеных сілаў ці добраахвотніцкай аб’яднанняў, – гэта толькі адное з гэтых пытанняў, на жаль. Ва Украіне дасюль застаецца каласальная праблема з выкананнем правоў перасяленцаў або з выкананнем правоў тых асобаў, якія жывуць на тэрыторыі акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў.

У Беларусі іх чакае турма…

Як і грамадзянаў Расейскай Федэрацыі, якія далучыліся да гэтага канфлікту з боку Украіны.

Нават іміджава добра было б развязаць гэтае пытанне.

Так, але пакуль што гэтае пытанне не развязваецца, на жаль, на ўзроўні нейкай сістэмы. Няма якога-небудзь заканадаўчага акту, які б гэта рэгламентаваў. Ёсць кропкавыя рашэнні, калі хто-небудзь з украінскіх лідараў меркаванняў ангажуецца з дапамогаю сацыяльных сетак і вядзе кампанію за тое, каб якому-небудзь грамадзяніну Расеі ці Беларусі прэзідэнт надаў украінскае грамадзянства і тым самым дазволіў яму спакойна, легальна функцыянаваць на тэрыторыі Украіны. Але гэта кропкавыя кейсы.

Але ўсё роўна мы чакаем маштабнага развязання…

Але тут варта памятаць, якой рэпутацыяй карыстаецца раней батальён, цяпер полк «Азоў», з якім звязваюць сябе беларускія грамадзяне. Цяпер іх абгрунтавана лічаць правымі радыкаламі, яны будуюць партыю «Нацыянальны корпус», якая сярод украінскіх лібералаў і дэмакратаў не карыстаецца даверам.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Яшчэ ў праграме:

Літва ці Латвія: каго шантажуе Лукашэнка?

Лукашэнка надакучыў Пуціну. Чым Менску плаціць за расейскі рубель?

Глядзі таксама
Каментары