Чаму Лукашэнка спяшаецца паказаць кулак амерыканскім танкам

Амерыканскія танкі прыбываюць у краіны Балтыі: INTS KALNINS / Reuters / Forum

Менск старанна хмурыць бровы з нагоды з’яўлення ў суседняй Літве амерыканскіх ваенных з бронетэхнікай. Аляксандр Лукашэнка даручыў людзям у пагонах распрацаваць план мерапрыемстваў у адказ. І вось ужо праўладны ваенны эксперт праз дзяржагентства вяшчае, што размяшчэнне амерыканскіх танкаў ля мяжы з Беларуссю – гэта «несяброўскі крок, і яго нельга пакідаць без увагі».

На самай справе амерыканскі батальён з 30 танкамі Abrams і 25 БМП Bradley, які прыбывае на паўгода для сумесных з літоўцамі вучэнняў, рэальнай пагрозы для Беларусі не ўяўляе. Па дадзеных на 2018 год, беларускае войска мела 1317 танкаў Т-72 розных мадыфікацый.

Hавiны
Танкі, БМП і 500 амерыканскіх жаўнераў за 15 км ад мяжы з Беларуссю
2019.09.25 18:03

Карціннае здзіўленне з нагоды Defender Europe

Між тым беларускі прэзідэнт загадаў, каб ужо на наступным тыдні Савет бяспекі і Мінабароны паклалі яму на стол «наш адказ Чэмбэрлену».

Крыху раней, 11 кастрычніка, на саміце СНД у Ашхабадзе Лукашэнка карцінна абураўся запланаванымі на вясну будучага года манеўрамі Defender Europe:

«NATO чамусьці вырашыла праз літаральна некалькі месяцаў правесці ў нашых межах буйнамаштабныя вучэнні і задзейнічаць столькі тысяч, колькі ніколі не задзейнічала. Гэта Польшча і краіны Балтыі. Гэта ненармальна… Гэта незразумелыя вучэнні».

Hавiны
Мінабароны Беларусі прадумае, што рабіць з войскамі ЗША ў Літве
2019.10.22 21:21

Перад гэтым беларускі кіраўнік артыстычна здзіўляўся з той жа нагоды на форуме «Менскага дыялогу».

Можна падумаць, што Расея з Беларуссю ніякіх вучэнняў, у тым ліку недалёка ад межаў NATO, не праводзяць. Ды і што незразумелага? Арганізатары Defender Europe адкрыта кажуць, што мэта манеўраў – павышэнне гатоўнасці ўнутры NATO і стрымліванне магчымых супраціўнікаў.

А хто паставіў на вушы палякаў і прыбалтаў?

Так, зусім не сакрэт, што краіны Балтыі і Польшча просяць кіраўніцтва NATO (і перш за ўсё грае там першую скрыпку Вашынгтон), каб усходні фланг альянсу лепш прыкрылі ад пагрозы з усходу. Але трэба бачыць першапрычыну: Вільня, Рыга, Талін, Варшава былі пастаўленыя на вушы расейскай агрэсіяй супраць Украіны.

Пры гэтым ЗША не асоба хочуць дражніць рускага мядзведзя. У прыватнасці, Дональд Трамп так і не клюнуў на ідэю стварыць у Польшчы амерыканскую базу, хоць яе прапаноўвалі назваць не як-небудзь несамавіта, а «Форт Трамп».

Hавiны
У Літву прыбылі амерыканскія танкі і баявыя машыны пяхоты
2019.10.21 19:01

Але нейкія сімвалічныя крокі, каб супакоіць усходніх саюзнікаў, амерыканцы вымушаныя рабіць. Адсюль і жменька «Абрамсаў» на час у Літве.

Паказать Маскве, што мы самі з вусамі

Чаму ж Лукашэнка так старанна малюе заклапочанасць і спяшаецца з нейкімі захадамі ў адказ?

Справа не ў тым, што ён такі ўжо мілітарыст або жадае моцна спадабацца Уладзіміру Пуціну. Беларускаму афіцыйнаму лідару выгадна як раз такі выглядаць міратворцам, ён на гэтым у апошнія гады зарабіў вялікі палітычны капітал – перш за ўсё ў выглядзе размарозкі адносін з Захадам.

Публічна ж патрабуючы ад падначаленых распрацаваць «наш адказ Чэмбэрлену», Лукашэнка апярэджвае Маскву, пакуль тая ізноў не паставіла пытанне аб узмацненні сваёй вайсковай прысутнасці ў Беларусі.

Hавiны
Амерыканскія самалёты адбамбаваліся каля расейскай мяжы
2019.10.24 16:12

У 2015 годзе беларускі кіраўнік пайшоў на скандал, але адбіўся ад размяшчэння расейскай авіябазы ў Бабруйску. І, мяркуючы па ўсім, не хоча рэцыдываў.

Пры гэтым, на думку незалежнага беларускага ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, наўрад ці варта чакаць маштабных рухаў беларускіх войскаў непасрэдна ў сувязі з размяшчэннем амерыканскага батальёна ў раёне Пабрадзе, хоць «не выключана, што на час правядзення натаўскіх вучэнняў да беларуска-літоўскай мяжы будуць вылучаныя часткі і падраздзяленні падвышанай баявой гатовасці».

Карацей, для Менску важна проста пазначыць уласную рэакцыю, у тым ліку паказаць Маскве, што мы самі з вусамі.

Чаго на самой справе баіцца беларускі прэзідэнт?

Зразумела, што магчымасці такога лавіравання не бязмежныя. Калі ў рэгіёне пачнецца гонка ўзбраенняў (да чаго падштурхоўвае, у прыватнасці, разбурэнне дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці), то адбаярыцца ад размяшчэння расейскіх частак Лукашэнку будзе пякельна цяжка.

І вось яшчэ што заўважце: прыбалты і палякі зазываюць да сябе Амерыку, а вось Менск рукамі і нагамі адбрыкваецца ад баз саюзніка. Чым патлумачыць парадокс?

Фішка ў тым, што краіны ўсходняга пасу NATO відавочна не баяцца амерыканскай акупацыі. А вось беларускае кіраўніцтва, асабліва пасля Крыму, відавочна не давярае Крамлю. Базы ў нейкі час «Ч» могуць стаць плацдармам для ўстанаўлення кантролю над Беларуссю.

Да таго ж беларускае кіраўніцтва напэўна не верыць у агрэсіўныя планы Паўночнаатлантычнага альянсу, у вар’яцкі паход трыццаці «Абрамсаў» з Пабрадзе на Менск. Так што Лукашэнка, па-першае, паказвае кулак NATO чыста для праформы, а па-другое, катэгарычна не хоча падмогі з усходу.

Мнения
Лукашенко балансирует на краю пропасти — Кремль будет дожимать
2019.07.18 19:17

Масква і так ужо ўзяла за горла «паглыбленай інтэграцыяй», якая можа стаць шляхам да ціхага паглынання Беларусі нават без танкаў, ціхай сапай.

Трагікамізм сітуацыі ў тым, што ў душы прэзідэнт Беларусі, верагодна, гэтак жа (ці амаль гэтак жа) асцерагаецца расейскай пагрозы, як літоўцы ці палякі.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў