Чаму гісторыкі сталіся... небяспечнымі для ўлады?


Сярод затрыманых па справе «баевікоў» прынамсі двое – выпускнікі гістарычнага факультэту БДУ. Некаторыя з астатніх захапляюцца гістарычнымі гульнямі. Belsat.eu паразмаўляў са Змітром, выпускніком гістфака БДУ 2011-га году, які асабіста ведае абодвух затрыманых гісторыкаў – Аляксандра Зімніцкага, а таксама хлопца з Бабруйску, імя якога не публікуецца ў медыях па просьбе бацькоў.

Мы запыталіся ў Змітра, чаму галоўны «гісторык» краіны так не любіць сваіх калегаў.

«Гэтым людзям вельмі цяжка ездзіць па вушах. Па дзяржаўным тэлебачанні нясуць лухту, і ў людзей няма альтэрнатывы. Альтэрнатыва ёсць толькі ў тых, хто цікавіцца гісторыяй. І вось гэта для ўлады вельмі небяспечна. Калі ўлада мірная, то такіх людзей лічаць інтэлігенцыяй, ім галаву не задурыш і ўлада гэта ведае. Калі ўлада аўтарытарная, як у нас, то яна ўступае ў супрацьборніцтва з гэтымі людзьмі, якія маюць сваю думку, а таксама могуць яе распаўсюджваць і спрачацца з лухтой з тэлевізара», лічыць Зміцер.

Гісторыкаў не падмануць расказам пра тое, што Беларусь і Расея будуць заўжды сябраваць і дапамагаць адно адному, бо мы браты. Яны ведаюць, што беларусы ваявалі з Масквой кожнае стагоддзе без выключэнняў пачынаючы ад князя Міндоўга і аж да канфрантацый у часы БНР.

«Калі ты ведаеш, чаму рухнуў СССР, чаму прыйшлі да ўлады фашысты, як змяняюцца этапы аўтарытарызму, многа разумееш. Ведаючы, што гісторыя свету спіральная, гісторык добра бачыць, што тут адбываецца насапраўды і можа прадбачыць, як гэта хутчэй за ўсё будзе развівацца. Такія людзі для ўлады рэальна небяспечныя».

Аляксандр Зімніцкі, адзін з затрыманых па справе «баевікоў» , скончыў гістфак БДУ ў 2013 годзе і да затрымання працаваў у Нацыянальным гістарычным музеі. Зміцер распавядае, што падчас палітычных падзеяў 2010-га году Аляксандр быў адным з самых актыўных студэнтаў, хто збіраў дапамогу для затрыманых і адстойваў іх правы.

«Мы хадзілі па інтэрнату, пыталіся, хто і як можа дапамагчы адзеннем, ежай, грашыма. Зімніцкі быў беларускамоўны, апантаны сучаснай гісторыяй. Для яго тое, што адбываецца, было вельмі важна, і ён прымаў актыўны ўдзел у лёсе затрыманых студэнтаў», распавядае Зміцер.

Перад плошчай і пасля яе колішні дэкан гістфака Сяргей Нікалаевіч Ходзін папярэджваў сваіх студэнтаў, каб не хадзілі на Плошчу ды вялі сябе «асцярожненька». Цяпер Ходзін – прарэктар БДУ, а Зімніцкі – у СІЗА КДБ.

29-гадовы бабруйчанін, другі затрыманы выпускнік гістфака БДУ, вучыўся на беларускамоўнай плыні кафедры старажытнай Беларусі, а пазней паехаў за мяжу і пісаў магістарскую працу ў Еўропе па гісторыі ВКЛ. Пасля вучобы вярнуўся ў Беларусь. Падчас ператрусу ў яго дома знайшлі камуфляж і металашукальнік. Хлопец захапляўся археалогіяй і разам з сябрамі ездзіў на раскопкі.

«Калі нехта настроены праафіцыйна то тут канешне адразу ж суадносіцца: камуфляж, металашукальнік. Значыць, хадзіў ставіў бомбы, або шукаў, або што яшчэ. На самой справе гэта не так. У кожнага археолага ёсць камуфляж і металашукальнік», – распавядае Зміцер.

Цяпер гісторык і археолаг з Бабруйску працуе ў лагістыцы. Пасля вучобы за мяжой ён вырашыў выкарыстаць свой досвед і валоданне некалькімі замежнымі мовамі, каб зарабляць грошы. Бо гісторыя ў нашай краіне справа не прыбытковая. І да таго ж, небяспечная.

Гісторыя пра «гісторыка» з паралельнага свету і гістарычны факультэт БДУ

Аднойчы ў пачатку 2000-х на гістарычны факультэт БДУ прыйшоў Аляксандр Лукашэнка і выступаў у актавай залі. Студэнты пісалі пытанні на паперках і перадавалі наперад. Спачатку лісткі браў дэкан, чытаў іх, аддаваў Лукашэнку. Тыя, што нельга было даваць, ён клаў асобна. Пасля выступу Лукашэнка ўбачыў, што засталася асобная вялікая стопка пытанняў, усё згроб да сябе і пачаў чытаць. Моўчкі, і твар яго мяняўся. Прачытаў і спакойна сышоў. Але праз некалькі дзён пасля гэтага дэкан перастаў быць дэканам.

«У нас былі выкладчыкі, якія паказалі нам, якім павінен быць сапраўдны гісторык. Былі вельмі адметныя постаці, асабліва на кафедры беларускай гісторыі. Яны тлумачылі нам, што гісторыя – гэта не факты, не даты і не манаграфіі. З намі размаўлялі не з пазіцыі «вывучыць і расказаць», але адносіцца да ўсяго крытычна, з пазіцыі аналітыкі, нават да сябе. Было, канешне, шмат тых, хто вучыўся для коркі. Але былі і такія тусоўкі, дзе мы збіраліся разам з выкладчыкамі, размаўлялі, цікавіліся і аналізавалі», – распавядае Зміцер.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

 

Стужка навінаў