Чаму дзяўчаты абдымалі сілавікоў каля Дому ўраду? Тлумачаць псіхолагі


Падчас дэманстрацыі на плошчы Незалежнасці 14 жніўня дзяўчаты кінуліся абдымаць і дарыць кветкі байцам унутраных войскаў, якія стаялі ў ачапленні перад Домам Ураду і не нападалі на людзей. Пасля зверскіх дзеянняў сілавікоў 9-12 жніўня фотаздымкі ўдзельніц пратэсту са спецназаўцамі шмат у каго выклікалі абурэнне. Belsat.eu звярнуўся да псіхолагаў па тлумачэнне, чаму дзяўчаты так паводзілі сябе ў гэтай сітуацыі.

Спантанныя падзяк за тое, што не б’юць.
Фота: Belsat.eu

Хворая на гвалт нацыя

Псіхолаг Лілія Ахрэмчык лічыць, што такія паводзіны ўдзельніц пратэстаў можа сведчыць пра наяўнасць у некаторых з іх стакгольмскага сіндрому.

«Гэта феномен далучэння да агрэсара. Калі агрэсар вельмі моцны, а ахвяра вельмі слабая і не можа яму супрацьстаяць, то яна спрабуе неяк далучыцца да агрэсара, каб менш пацярпець ад яго».

Наагул псіхолаг лічыць, што беларуская нацыя «хворая на гвалт».

«Мы былі адносна здаровыя ў 90-я гады. Прынамсі спрабавалі выздаравець пасля СССР – у нас было некалькі гадоў, каб адысці ад прыгнятальнай таталітарнай сістэмы. Але мы не паспелі канчаткова выздаравець, мы вярнуліся да прыгнятання і дыктатуры. Калі параўноўваць з міжасобаснымі адносінамі, то стасункі беларусаў з уладамі вельмі падобныя на таксічныя сямейнымі стасункамі. Тут усё тое ж самае, што адбываецца паміж мужчынам і жанчынай: ідзе цыкл гвалту, а за ім віток паслаблення. Муж прыходзіць з кветкамі, просіць прабачэння: маўляў, даруй, дарагая, пагарачыўся, давай жыць далей, у нас жа дзеці. Прыкладна тое ж самае ўлада нам прапануе цяпер, хоць робіць гэта вельмі няўмела і няшчыра. Менавіта таму людзі ім не вераць. Цяпер мы гэты цыкл праходзім: маўляў, нічога страшнага не адбылося», – кажа яна.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Псіхолаг прывяла ў прыклад учорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён папрасіў сілавікоў «калі ўжо чалавек упаў і ляжыць, яго не трэба збіваць».

«Гэта нават на прабачэнне не падобна. То бок няякасна ўзнаўляецца этап эйфарыі з боку ўлады. Праз гэта ёсць надзея, што перад наступным этапам гвалту мы не дазволім сабе расслабіцца. Таму што яны дрэнна просяць прабачэння. А тое, што такі віток гвалту будзе – гэта 100%», – падкрэслівае суразмоўца belsat.eu.

Рацыянальны крок ці вынік непаразумення?

Аднак, на думку псіхолага, можа існаваць і іншае, больш рацыянальнае тлумачэнне паводзінаў удзельніц пратэстаў. Ахрэмчык не выключае, што яны проста хацелі разжаліць сілавікоў, заклікаць іх да чалавечнасці і абудзіць спачуванні.

Некаторыя рабли сэлфи побач з байцами щнутраных войск. Фота Belsat.eu

«Маўляў, паглядзіце, мы нармальныя, мы жывыя, такія ж як вы. Мы не нейкія купленая лялькі, у якія можна стрэліць. Каб паказаць, што вось яно рэальнае жыццё, а не тое, чым вам мазгі прамываюць. А яшчэ магчыма гэта была радасць у сувязі з тым, што ім паказалася, што сілавікі апусцілі шчыты і нібыта далучыўся да народу і будзе цяпер іх абараняць», – разважае Ахрэмчык.

Сітуацыя каля Дому ўраду магла быць выкліканая ў тым ліку пэўным непаразуменнем. Калі на плошчу Незалежнасці пачалі выбягаць байцы ўнутраных войскаў са шчытамі, сярод пратэстоўцаў адчулася трывога. Некаторыя нават пабеглі ў бок ад Дому ўраду. Але людзі зразумелі, што перад імі ўсяго 15 вайскоўцаў, якія відавочна пры ўсім жаданні не змогуць іх разагнаць. Пачуліся скандаванні «Апускай» (шчыты) і «Прапускай» (да Дому ўраду). Сілавікі ў сваю чаргу паставілі шчыты на зямлю – гэта азначала, што яны не збіраюцца нікога атакаваць. Адзін з байцоў свой шчыт нават выраніў і застаўся з голымі рукамі.

Гвалтоўнага загаду не атрымлівалі. Фота Belsat.eu

Шмат хто з пратэстоўцаў успрыняў гэты інцыдэнт, як сведчанне таго, што сілавікі нібыта пачалі пераходзіць на бок дэманстрантаў. Менавіта пасля гэтага дзяўчаты са слязьмі кінуліся да байцоў абдымацца, дзякаваць ім і дарыць кветкі. «Міліцыя з народам», «Вы – нашыя абаронцы», – радаваліся яны. Байцы не супраціўляліся.

Псіхолаг Святлана Дзядова схіляецца да таго, што паводзіны дзяўчат былі эмацыйным парывам – іх натхніла тое, што сілавікі не перайшлі да гвалтоўных дзеянняў.

14 жніўня адбылася акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ, якія страйкуюць. Фота Belsat.eu

«Варта разумець, што нашыя сілавыя структуры таксама складаюцца з людзей. Мы не ведаем, ці збіваў кожны з байцоў, што стаялі каля Дому ўраду, нашых людзей. Але адбылося дзеянне, якое, па сутнасці людзі, чакаюць – яны чакаюць, што сілавікі не будуць збіваць, не будуць дзейнічаць супраць закону. Фактычна гэта ўчора перад Домам ураду мы пабачылі і гэта выклікала ў многіх эмоцыі радасці.

Тыя дзяўчаты, імаверна, маладыя і эмацыйныя, у іх менш таго негатыўнага досведу стасункаў з АМАПам, які паспелі атрымаць іншыя людзі. Гэта быў эмацыйны парыў. Рэакцыя на тое, што сілавікі дзейнічаюць незвычайным для нашай краіны чынам», – адзначыла псіхолаг Святлана Дзядова.

ІІ Belsat.eu

Стужка навінаў