Чаму Беларусі няма ў Канах, але фільмы беларусаў там ёсць?


Каны – невялікі курортны гарадок на Лазурным беразе Францыі літаральна ажыў цягам апошніх дзён. Адбываецца адна з найважнейшых культурных падзеяў году – Канскі кінафестываль.

Два дзясяткі кінастужак змагаюцца за залатую пальмавую галінку на фестывалі. Перад сябрамі журы сапраўды цяжкая задача – выбраць найлепшага сярод такіх рэжысёраў, як гуру іспанскага кіно Пэдра Альмадовар, амерыканскі класік Джым Джармуш або бельгійцы браты Дардэны.

«Калі мяне ўпершыню сюды запрасілі, я быў вельмі рады ўбачыць усе гэтыя цудоўныя фільмы. А калі сустрэў іншых сябраў журы, я ўсцешыўся яшчэ больш. Гэта вельмі разумныя людзі, захопленыя кіно і вельмі смешныя», – кажа Джордж Мілер, прэзідэнт журы.

Шарліз Тэрон, Джулія Робертс, Стывен Спілберг, Джордж Клуні, Жан Рэно – гэта толькі некалькі канскіх зорак, якія прыцягваюць дзясяткі тысяч турыстаў з усяго свету. Штодня ў Канах працуюць чатыры з паловаю тысяч журналістаў і кінакрытыкаў.

«Чым больш зорак, тым лепш для фестывалю. Не для журналістаў ці крытыкаў, бо гэта толькі раздражняе. Гэта ўзмоцненыя захады бяспекі. Але зоркі – гэта больш журналістаў, спонсараў і грошай», – сказаў Джэй Вайсбэрг, кінакрытык «Variety».

Апроч залатой пальмавай галінкі, тут змагаюцца ў конкурсах «Асаблівы погляд», найлепшы кароткаметражны фільм, студэнцкая праграма Сінефондасьон. Іншая магчымасць прэзентаваць свае працы – паказаць іх у секцыі кароткага метру. У ёй ёсць дзве стужкі беларусаў – Ксенія Ёрш з Галівуду пакажа на наступным тыдні фільм пра порнаіндустрыю.

І малады рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнік, якога ведаюць не толькі ў нашай краіне. У Канах ён пакажа фільм «Адной крыві».

І гэта не ўсе ўдзельнікі з нашай краіны. На польскім стэндзе ў Канах можна знайсці фільмы прадукцыі «Белсату». Да прыкладу, стужка Антося Цялежнікава «Добраахвотнікі», два фільмы Андрэя Куцілы, а таксама працы Віктара Аслюка і Ірыны Волах.

У конкурсе «Асаблівы погляд» свой фільм «Вучань» прэзентаваў расейскі рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў. Праграма нашых усходніх суседзяў тут насычаная, а ў Каны прыехала вядомая расейская акторка Вера Глаголева ды распавяла «Белсату», як даводзіцца працаваць у Расеі.

«Шукаць нейкія тэмы праз якія ты можаш адлюстраваць свой погляд. Прыйшоў час нейкіх зашыфраваных рэчаў. Мы ведаем гэтыя карціны, якія іншасказальна скажуць больш чым наўпрост», – распавяла акторка.

Нацыянальнага павільёну мы сёлета не маем. Беларусь адмовілася ад шанцу паказаць сёлета ўласную кінаіндустрыю. Як патлумачылі ў Міністэрстве культуры, праз адсутнасць грошай. Гэткі павільён каштуе мінімум 30 тысяч еўраў. Але вярнуцца ў Каны для краіны, якая хоць аднойчы адмовілася ад удзелу, будзе ўжо не так проста.

Ганна Любакова, belsat.eu

Стужка навінаў