Чаму ад ініцыятываў прафсаюзаў можа стаць толькі горш?


На разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў і ўраду шэраг прапановаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Пра гэта 28 красавіка распавёў старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

Міхаіл Орда.
Фота: 1prof.by

Гэтак, прафсаюзы прапануюць прапісаць, што па волі наймальніка можа заключацца толькі адзін раз кантракт на адзін год, а на наступны тэрмін са згоды самога работніка павінен заключацца кантракт на максімальны тэрмін. Апроч таго, плануецца стварыць адмысловы страхавы фонд для страхавання рызыкі нявыплаты заробку пры банкруцтве ці санацыі арганізацыі.

Міхаіл Орда таксама спадзяецца, што хутка будзе зацверджаная прапанова па налічэнні пенсійнага стажу маці, якія маюць чатырох дзяцей. Сёння ён налічваецца толькі на траіх дзяцей.

Hавiны
Кантракты на год можна будзе заключаць толькі адзін раз
2019.04.29 09:35

Такія прапановы Міхаіл Орда агучвае ўжо не першы год. Напрыклад, пра страхаванне ад беспрацоўя ён кажа ўжо амаль тры гады – прынамсі з 24 траўня 2016 года, пра доўгатэрміновыя кантракты не менш за 2,5 гады – з 24 кастрычніка 2016-га. А пра страхавы стаж шматдзетных маці кіраўнік ФПБ казаў і год таму – 27 красавіка 2018 года. Але дагэтуль яго словы так і застаюцца словамі.

Адна неблагая мера ды дзве бескарысныя

Больш за тое, упэўнены старэйшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі, гэтыя ініцыятывы могуць толькі нашкодзіць беларускай эканоміцы. Пра гэта эксперт заявіў у каментары belsat.eu.

На яго думку, адзіная неблагая з гэтых трох мераў – увядзенне страхавога стажу для маці чатырох дзяцей, якая да таго ж будзе падтрымліваць нараджальнасць у краіне. Пры гэтым, заявіў суразмоўца, не да канца зразумела, як гэта датычыцца працоўнага заканадаўства. Таксама гэтая мера не глабальная і датычыць невялікай колькасці людзей.

«Не зусім зразумела, чаму тут пазначаныя толькі маці, бо ідзе абмеркаванне ўвядзення дэкрэтнага адпачынку і для бацькаў. Таму тут, хутчэй, трэба выключыць слова маці і ўставіць адзін з бацькоў, які браў шмат дэкрэтных адпачынкаў, бо ў яго шмат дзяцей. Гэта можа быць і дзядуля, і бабуля, і хто-небудзь яшчэ», – адзначыў Леў Львоўскі.

Страхаванне ж ад беспрацоўя на выпадак банкруцтва прадпрыемстваў ён назваў «даволі бескарыснай і не вельмі абгрунтаванай» мерай. Прадстаўнік BEROC адзначыў, што ў Беларусі няшмат банкруцтваў прадпрыемстваў, мала і выпадкаў нявыплаты заробкаў у такіх сітуацыях. Таксама часта прадпрыемствы спраўляюцца з цяжкасцямі ў выніку санацыі.

Дадатковы падатак на бізнес

«Такое страхаванне – гэта толькі дадатковыя выдаткі для бізнесу. Гэта падобна да нейкай дапамогі па беспрацоўі, але дапамога па беспрацоўі – гэта дзяржаўная функцыя. Тут адбываецца перакладванне дапамогі па беспрацоўі з плечаў дзяржавы на плечы бізнесу», – заявіў суразмоўца, нагадаўшы, што ў Беларусі практычна няма афіцыйнай дапамогі па беспрацоўі.

Паводле яго, людзям з прычыны рэдкасці выпадкаў банкруцтва гэта мала дапаможа, а вось кампаніям давядзецца плаціць новы від падатку. «Падобна, што гэтая мера больш за ўсё дапаможа страхавому фонду, які будзе заключаць дамовы», – мяркуе ён.

На яго думку, на выпадак рэальнага банкруцтва прадпрыемстваў лепшае, што можна зрабіць для работнікаў, – гэта стварыць рынак працы, дзе чалавеку можна будзе лёгка і хутка знайсці новую працу. Калі ж прадпрыемства не збанкрутуе, дык яно і само ўсё выплаціць, падкрэсліў Леў Львоўскі.

Патрэбныя меры, якія б стымулявалі бізнес

Hавiны
ЕАБР: У Беларусі паскорыцца рост цэнаў
2019.04.22 17:01

Што датычыць пытання кантрактаў, дык тут, прызнаў эканаміст, сапраўды ёсць прадпрыемствы, якія злоўжываюць кароткатэрміновымі кантрактамі, «каб, верагодна, плаціць менш падаткаў».

«Але ўсе гэтыя меры, апроч страхавога стажу для маці чатырох дзяцей, не дапамагаюць бізнесу, а хутчэй працуюць супраць яго. Гэта дадатковыя падаткі, дадатковае рэгуляванне і гэтак далей. Наша эканоміка зараз не знаходзіцца ў крызісе, але і сказаць, што перажывае свае найлепшыя часы, таксама цяжка», – падкрэсліў старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC.

Увогуле, на яго думку, меры, якія пагаршаюць бізнес-клімат, не вельмі патрэбныя. Замест іх неабходныя меры, якія б стымулявалі бізнес і палягчалі ўмовы яго вядзення. І нават калі ад ініцыятываў ФПБ страты будуць невялікія, гэта ўсё адно будуць страты, а не прыбыткі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў