Чалец Савету Рэспублікі Сівец не пажадаў распавядаць пра закон, які забароніць «незарэгістраваную» сімволіку


Чалец Савету Рэспублікі Сяргей Сівец раскрытыкаваў незалежныя медыі. СМІ, на яго думку, перашкаджаюць негатывам і ўкідамі працоўным групам, якія рыхтуюць законапраекты. Пры гэтым Сяргей Сівец адмовіўся пракаментаваць «Белсату» ініцыятыву па забароне «незарэгістраванай» сімволікі.

Раней чытачы «Белсату» паведамілі, што cтаршыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савету Рэспублікі Сяргей Сівец прапанаваў забараніць выкарыстанне «незарэгістраванай сімволікі». Пад забарону патрапіць і бел-чырвона-белы сцяг. На думку Сіўца, ягоная прапанова дапаможа «процідзейнічаць дэструктыўна настроеным асобам дэстабілізаваць унутраную абстаноўку ў Рэспубліцы Беларусь».

Праект закону.
Фота: Белсат

У адказ на публікацыю ў рэдакцыю патэлефанаваў Дзмітрый Осік, як прадставіўся юрыстам і распавёў, што інфармацыя пра заканадаўчую ініцыятыву Сіўца можа быць фэйкавай. Юрыст сказаў, што раней працаваў з Сіўцом на кафедры канстытуцыйнага права юрфака БДУ.

Але ў размове з «Белсатам» прадстаўнік парламенту Сяргей Сівец не ўзгадаў юрыста.

– Я такога не ведаю чалавека і скажам, давайце мы не будзем умешвацца ў законатворчую працу, у кампетэнцыі двух палат парламенту. Цяпер вядзецца праца, ці падрыхтоўка Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях да другога чытання, таму любыя інфармацыйныя ўкіды, асабліва тыя, якія робяцца і на вашым сайце, і на іншых інтэрнэт-рэсурсах, аказваюць негатыўны, перш за ўсё, псіхалагічны ўплыў на прадстаўнікоў працоўнай групы, якая непасрэдна на ўзроўні палаты прадстаўнікоў займаецца рыхтаваннем да другога чытання гэтага законапраекту. Я думаю, што ўсе каментары будуць магчымыя пасля таго, як гэты праект будзе прыняты. Тады будуць магчымыя каментары да прынятага нарматыўна-прававога заканадаўства.

Але ці не павінныя законапраекты шырока абмяркоўвацца пры максімальным удзеле грамадскасці?

– На праектным этапе працы законатворчасці любыя каментары не будуць карысныя.

Вось тое, што вы робіце – гэта не дапамагае, а наадварот наносіць шкоду, разумееце. Пасля таго негатыву інфармацыйнага, які распаўсюджваецца праз СМІ, асабліва праз вашую пляцоўку, NEXTA і гэтак далей.

Але NEXTA – не нашая пляцоўка.

– Вы зразумейце, што ўсе жывыя людзі.

Што да непасрэдна да прапановы забараніць бел-чырвона-белы сцяг. Ці гэта сапраўды, як паведамляецца, вашая асабістая ініцыятыва?

– Я не даю інтэрв’ю праз тэлефон, прабачце. Да пабачэння.

Hавiны
«Сенатар» Сівец: Размахванне кулакамі ў грамадскіх месцах не мае дачынення да дэмакратыі
2020.07.11 16:51

СК belsat.eu

Стужка навінаў