Чалавек у форме НКУС загадаў мінаку рыхтавацца да расстрэлу. Як Берасце вярнулі ў сталінскія часы


Шосты год запар гадавіну нападу гітлераўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз улады Берасця ператвараюць у шоу.

На галоўнай пешаходнай вуліцы Берасця – Савецкай – правялі тэатралізаваную пастаноўку «апошняга мірнага дня» ў Берасці пад назваю «Заўтра была вайна». Адбыўся паказ мод 40-х гадоў, танцы пад акампанемент духавога аркестра, канцэрт.

Асаблівасцю гэтага фестывалю сталася вялікая колькасць тэхнікі, якую ў Берасце прывезла расейскае ваенна-гістарычнае таварыства. Былі задзейнічаны два бронеаўтамабілі, легкавыя аўто ваеннага часу, матацыклы.

Людзі ў вайсковай савецкай форме запоўнілі мясцовыя рэстаранчыкі, дзе масава ўжывалі алкаголь. А побач – партрэты Сталіна, савецкая сімволіка, георгіеўскія стужкі, піянеры, танцы і песні.

Людзі ў форме НКУС чыталі вершы ў гонар Сталіна і СССР, «выкрывалі здраднікаў Радзімы», час ад часу скандавалі «Ура, таварышы! За Сталіна!».

Калі хлопец з натоўпу выказаў меркаванне, што не ўсе ў той вайне было так адназначна, чалавек у форме НКУС выклікаў яго на размову, пасля чаго загадаў… рыхтавацца да расстрэлу. Людзі падобныя рэчы ўспрымалі як жарты і працягвалі весяліцца.

Побач хлопчык чысціў абутак расейскаму курсанту, і атрымаў за гэта… 100 беларускіх рублёў. Дарэчы, расейцаў, як і рэканструктараў з розных краінаў, на гэтым фестывалі было шмат, некаторыя ў саколках з Пуціным і расейскімі сцягамі.

Глядзіце таксама: Пачатак Айчыннай вайны ў Берасці. Праз напластаванні міфаў да праўды

СА, Belsat.eu

Стужка навінаў