Чалавек-сімвал праваабарончага руху. У Маскве развітваюцца з Людмілай Аляксеевай


У маскоўскім Цэнтральным доме журналіста сёння, 11 снежня, праходзіць развітанне з выбітнай праваабаронцай Людмілай Аляксеевай. Яна пражыла 91 год і прысвяціла сябе абароне правоў чалавека не толькі ў Расеі, але і ў свеце. Belsat.eu распавядае гісторыю яе жыцця: ад дысідэнцкага руху 1960-х да ўдзелу ў пратэстах сучаснай расейскай апазіцыі.

На развітанне з Людмілай Аляксеевай прыехаў Уладзімір Пуцін. З гэтай нагоды ўзмацнілі меры бяспекі: ад усіх прысутных запатрабавалі прайсці праз рамкі металадэтэктараў, а журналістаў абавязалі акрэдытавацца пры Федэральнай службе аховы. На раніцу 11 снежня было запланаванае паседжанне Савета па правах чалавека, дзе мусіў прысутнічаць і прэзідэнт Расеі, але пасля смерці Аляксеевай яго перанеслі на вечар. Большасць чальцоў СПЧ прыехалі на паніхіду. Таксама развітальную цырымонію наведалі замежныя дыпламаты, некаторыя расейскія чыноўнікі, дзеячы культуры, апазіцыянер Аляксей Навальны.

Уладзімір Пуцін на развітанні з Людмілай Аляксеевай. Фота Russian Presidential Press

Блізкага сябра і паплечніка Людмілы Аляксеевай – Льва Панамарова, які цяпер адбывае адміністратыўны арышт за ўдзел у пікеце, суд на развітанне не адпусціў. 77-гадовага актывіста пакаралі за тое, што ён выйшаў з плакатам «За нашых і вашых дзяцей», заклікаючы спыніць пераслед маладых людзей, настроеных супраць дзейнай улады.

«Хроника текущих событий» і папярэджанне ад КДБ

Людміла Аляксеева нарадзілася 20 ліпеня 1927 году ў Еўпаторыі. Яе маці была выкладчыцай вышэйшай матэматыкі, а бацька – функцыянерам Цэнтрасаюзу. У сталінскія часы сям’я здолела пазбегнуць рэпрэсіяў. Калі пачалася вайна, Людміла не пайшла ў школу, а папрасіла накіраваць яе на фронт. У выніку яе даслалі на будаўніцтва адной са станцыяў маскоўскага метро.

У 1950 годзе яна скончыла гістарычны факультэт МДУ і паступіла ў аспірантуру. Ужо студэнткай Аляксеева пачала заўважаць несупадзенне паміж афіцыйнай савецкай ідэалогіяй і рэчаіснасцю, у якой жыло грамадства. Працуючы рэдактарам у выдавецтве «Навука», маладая жанчына патрапіла ў дысідэнцкую супольнасць.

У 1966 годзе яна выступіла супраць арышту пісьменнікаў Андрэя Сіняўскага і Юрыя Даніэля, якія хацелі публікаваць свае творы за мяжой у абыход цэнзуры. За ўдзел у праваабарончых выступах у 1968 годзе Людмілу Аляксееву выключылі з КПСС, а КДБ папярэдзіў яе пра крымінальную адказнасць за «антысавецкую дзейнасць». У 1968-1972 гадах, разам з паплечнікамі, выдавала бюлетэнь «Хроника текущих событий», дзе фіксаваліся парушэнні правоў чалавека ў СССР.

Фота eurorussians.com

Эміграцыя і вяртанне

У траўні 1976 гады Людміла Аляксеева ўвайшла ў створаную Юрыем Арловым Маскоўскую Хельсінкскую групу (МХГ), якая стала першай у гісторыі Расеі праваабарончай арганізацыяй. У часы «брэжнеўскага застою» дысідэнтаў масава пераследаваў КДБ: праводзіліся паказальныя судовыя працэсы, людзей саджалі за краты або высылалі на Поўна. Некаторым вядомым дысідэнтам удалося эміграваць. Ад 1977 года Людміла Аляксеева жыла ў ЗША, атрымала амерыканскае грамадзянства. У эміграцыі яна працягвала сваю дзейнасць – кансультавала грамадскія арганізацыі, выступала на «Радыё Свабода» і «Голасе Амерыкі», выдала кнігу пра іншадумства ў СССР.

фота Коммерсантъ

Праз 13 гадоў праваабаронца вярнулася ў Расею, дзе ўзначаліла Маскоўскую Хельсінскую групу, а пазней увайшла ў Камісію па правах чалавека пры прэзідэнце РФ.

У 2009-2010 гадах яна ўдзельнічала ў акцыях у абарону 31-га артыкулу Канстытуцыі РФ, якая гарантуе грамадзянам права на мірныя сходы. Вялікі рэзананс у Расеі і за мяжой выклікала яе затрыманне сілавікамі падчас акцыі на Трыумфальнай плошчы ў Маскве.

фота Коммерсантъ

На дзевяносты дзень народзінаў праваабаронцы яе прыехаў павіншаваць Пуцін. Ён падараваў Аляксеевай кветкі і гравюру з выявай яе роднага гораду – Еўпаторыі. Сябры Аляксеевай палічылі гэта правакацыяй, бо яна крытыкавала анексію Крыма. Палітык Леанід Гозман адзначыў, што замест дэкаратыўнай талеркі Пуцін лепей бы ўзнагародзіў яе «Ордэнам за заслугі перад Айчынай» Першай ступені.

З пачаткам расейскай агрэсіі на Данбасе, Аляксеева падпісала заяву з патрабаваннем «спыніць агрэсіўную авантуру: вывесці з тэрыторыі Украіны расейскія войскі і спыніць прапагандысцкую, матэрыяльную і ваенную падтрымку сепаратыстам на паўднёвым усходзе Украіны».

Праваабаронца была ўзнагароджаная французскім Ордэнам Ганаровага легіёну, з’яўляецца лаўрэткай прэміі імя Андрэя Сахарава, Улафа Пальмэ, і Вацлава Гавэла. Двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію міру.

8 снежня Людміла Аляксеева памерла ў Маскве ва ўзросце 91 года. Яна будзе пахаваная на Траекураўскіх могілках.

10 цытатаў Людмілы Аляксеевай: пра ўрокі вайны, жанчын у палітыцы і Лукашэнку

«Ёсць у мяне адна суперздольнасць: я ніколі не сварылася з людзьмі»

«Жанчын ва ўрадзе і сярод губернатараў у нас раз-два і аблічыўся. У палітыку жанчын па-ранейшаму не пускаюць. Хаця ва ўсім свеце жанчыны даказалі, што даюць рады ў гэтым не горш за мужчын»

«Адмовіўшыся ад савецкай ідэалогіі, я прыняла праваабарончую. Мне ўжо было 38 гадоў на той момант. Але з тых часоў – так, я сваіх поглядаў не мяняла. Я заўсёды сумленная была ў сваіх савецкіх поглядах. Шчыра-савецкая. А потым стала сумленна-праваабарончая. Хлусіць – не магу. Маўчаць – магу»

«Тое, што я дажыву да краху Савецкага Саюза, мне і ў галаву не магло прыйсці… Гэта было пабочным прадуктам нашага этычнага рашэння – застацца прыстойнымі людзьмі»

«Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе сітуацыя з правамі чалавека значна горш, чым у Расеі. Будзе сорамна, калі Еўропа прабачыць Лукашэнку палітычных вязняў і ўсе бясчынствы, якія ён сабе дазваляў»

«Мы павінны з вамі прызнаць, што па меры таго, як мы ўсё далей адсоўваемся ў часе ад урокаў Другой сусветнай, тым з большай доляй цынізму і бестурботнасці новыя пакаленні ставяцца да не вельмі пакуль трывалай сістэмы каштоўнасцяў і інстытутаў, пастаянна і ўсё часцей выпрабоўваючы іх на трываласць»

«Мы павінны працягваць абараняць ахвяр самавольства з боку ўлады, бескампрамісна абараняць адзін аднаго і крытыкаў улады, якія падвяргаюцца пераследу ва ўмовах нарастаючых палітычных рэпрэсіяў»

«Хто б ні сядзеў у Крамлі, людзі не дазволяць абыходзіцца з сабой як з быдлам. У краінах з развітой дэмакратыяй ва ўрадах таксама сядзяць не анёлы, але яны проста не маюць смеласць так сябе паводзіць – ім гэтага не дазваляюць»

«Я хачу развіваць моцную грамадзянскую супольнасць, таму што гэта галоўнае, што нам трэба цяпер. Два няпоратых пакалення, запомніце. А калі іх дзеці стануць дарослымі – у нас будзе ўжо цудоўная краіна. Я не дажыву. Але я ў гэта веру. Гэта не проста фраза. Мне не абыякава, якой будзе гэта краіна, калі мяне не будзе»

«За свабоду плаціць трэба. Бо ў 90-я гг. мы былі вельмі свабоднай краінай, адразу пасля таго, як рухнуў Савецкі саюз. Хіба мы заваявалі гэтую свабоду? Не, яна проста на нас звалілася з неба, а так не бывае. Свабоду трэба ў пакутах і ахвярамі заваёўваць. Вось гэтым цяпер занятае наша маладое пакаленне»

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў