«Чалавек памірае»: Познер, Звягінцаў, Лунгін і Сакураў просяць Пуціна памілаваць украінскага рэжысёра Сянцова


На сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы» з’явіўся зварот да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з просьбаю памілаваць украінскага рэжысёра Алега Сянцова, які галадае ў калоніі з 14 траўня.

«Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч! Чалавек памірае. Мы не думаем, што ягоная віна настолькі вялікая, каб за яе давалі 20 гадоў. Ён шчыры і сумленны ў сваіх перакананнях – яго бестэрміновая галадоўка гэта даказвае. Неабходна праявіць міласэрнасць, каб выратаваць чалавечае жыццё. Нам трэба змякчаць палітычны клімат у краіне, мірыцца з суседзямі. Памілуйце Алега Сянцова, мы просім Вас», – гаворыцца ў звароце.

Зварот да Уладзіміра Пуціна падпісала акторка Чулпан Хаматава, рэжысёры Канстанцін Бранзіт, Андрэй Звягінцаў, Павел Лунгін, Юрый Норштэйн, Аляксандр Сакураў, Валерый Тадароўскі, Аляксей Учітель, Алексей Фядорчанка, а таксама тэлевядоўцы Уладзімір Познер і Ксенія Сабчак ды кіраўніца «Роскино» Кацярына Мцытурыдзэ.

Украінскі рэжысёр адбывае пакаранне ў расейскай калоніі – яго прысудзілі да 20 гадоў зняволення за падрыхтоўку тэрарыстычнага акту і падпал дзвярэй офісу партыі «Единая Россия» у Крыме.

Паводле праваабаронцаў віна Сянцова не была даказаная.

Алег Сянцоў – украінскі рэжысёр. Ён нарадзіўся ў Сімферопалі ў 1976 годзе. Мае дваіх дзяцей. Аўтар дакументальнай кінастужкі «Гамер». У 2014 годзе Сянцова арыштавалі працаўнікі ФСБ РФ (Крым ужо быў пад кантролем Расеі).

Уладзімір Пуцін пра Сянцова

У 2016 годзе расейскі рэжысёр Аляксандр Сакураў публічна папрасіў Уладзіміра Пуціна «вырашыць праблему Алега Сянцова». Тады Пуцін прыгадаў, што Сянцова асудзілі «не за творчасць».

Падчас апошняга судовага паседжання, на якім быў зачытаны прыгавор, Алег Сянцоў і актывіст Аляксандр Кольчанка (праходзіў па той жа справе) заспявалі гімн Украіны.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары