Чалавек, падобны на Караева

Чарговы «зліў«, які з’явіўся ў Інтэрнэце, утрымлівае запіс голасу чалавека, падобнага на голас цяпер ужо былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева. І там ёсць выдатны пасаж: «Хай лямантуе ўвесь свет: «Па мяжы, па бязмежжу». Такая пачвара больш небяспечнае, чым усе. Ён больш небяспечны за ўсіх гэтых Бабарыкаў. Ён – разбуральнік дзяржавы. Няма на яго артыкула – трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!»

Аўтар расшыфроўкі лічыць, што гаворка ў пасажы ідзе пра Сяргея Ціханоўскага. Можа. Хай нават пра Міхаіла Самуэлевіча Панікоўскага ішла б гаворка. Гэта да справы не адносіцца. Адносіцца да справы фраза: »Няма на яго артыкула – трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга«. Вельмі характэрная фраза. Практычна супадае па сутнасці з фразай, сказанай іншым чалавекам: »Вы ведаеце, там часам не да законаў«.

Там – гэта ў нас.

Фраза, вымаўленая голасам, падобным на голас Аляксандра Лукашэнкі, і распаўсюджаная телеграм-каналам, падобным на любімую медыя-цацку Наталлі Эйсмант.

Ну, телеграм-канал – гэта такая штука, якая не проста смярдзіць скіслай масандрай, але і сродкам масавай інфармацыі не з’яўляецца, бо не мае ні рэдактара, ні рэгістрацыйнага пасведчання. Суцэльная безадказнасць. Дзякуй, беларускія спецслужбы навучыліся вызначаць іх адміністратараў, так што вылічыць з часам аўтараў і рэдактара гэтай, з дазволу сказаць, памыйніцы можна будзе не толькі па паху. А вось з голасам, падобным на голас Юрыя Караева, сітуацыя некалькі іншая.

Кіраўнік МУС Юрый Караеў.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Справа ў тым, што ў словах «Няма на яго артыкула – трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!» змяшчаецца – на мой неасвечаны погляд – ускоснае прызнанне ў тым, што супраць чалавека, пра якога ідзе гаворка, рыхтуецца свядомая і антызаконная (ну, няма артыкулу!) правакацыя. І што прысуд, выказаны, на першы погляд, у выглядзе эмацыйнага ўсплёску («Хай здохне там!»), па сутнасці ёсць выраз гатоўнасці да забойства чалавека. Прычым да забойства з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў – гэта, вядома, калі не толькі голас падобны на голас генерала Караева, але і твар, і пагоны, і паўнамоцтвы. І рана ці позна, зразумела, чалавеку, чый голас «зліты» быў у інтэрнэт, давядзецца нейкім чынам гэта ўсё пракаментаваць.

Але тут ёсць яшчэ адна загваздка. Голас-та можа быць падобны на голас Юрыя Хаджымуратавіча (зрэшты, тут я не спецыяліст, магу і памыліцца). А вось выказаная ім пазіцыя на пазіцыю генерала Караева па пытанні яго ўласных дзеянняў зусім не падобная. Вось што Юрый Караеў кажа аб самім, прабачце за выраз, сабе:

«Я не арганізоўваў гвалт. Я арганізоўваў ахову грамадскага парадку. Каб арганізоўваць гвалт, трэба рабіць пэўныя крокі, выдаць загад пра гвалт. А я выдаў загад аб арганізацыі аховы грамадскага парадку. Каб функцыянавалі ўсе аб’екты, транспартныя артэрыі, камунікацыі, было нармальнае жыццё краіны».

Акцыя пратэсту ў Менску, 30 лістапада 2020 года.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Ён кажа аб гэтым у інтэрв’ю блогеру Ціха… Цьфу, прабачце, з языка сарвалося! Голікаву, вядома!Вось, звярніце ўвагу на гэты пасаж у інтэрвʼю генерала. Ён не выдаваў загад аб гвалце – ён выдаў загад аб ахове грамадскага парадку. Гэта значыць – на ягоную думку – дзейнічаў у абсалютна законных рамках. А асоба, чый голас падобны на голас Юрыя Караева, заклікае дзейнічаць у адносінах да грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, не названага па імені, не звяртаючы ўвагу на тое, па мяжы або па бязмежжу гэтыя дзеянні будуць ацэньвацца ўсім светам.

Адчуваеце розніцу? І ў вас, паважаныя чытачы, ёсць сумневы ў тым, што абедзве фразы вымаўленыя адной і той жа асобай?

У мяне – ёсць.

Першае выказванне належыць мярзотніку і злачынцу, які ўпэўнены ў сваёй беспакаранасці.

Другое – чалавеку, які ўсведамляе, што пакаранне рана ці позна прыйдзе.

Праўда, паміж гэтымі двума выказваннямі згубілася выказванне ўжо сапраўды міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева аб тым, што ён прымае на сябе адказнасць за ўсё, што адбываецца. Але ў гэты момант, верагодна, усведамленне непазбежнасці пакарання яшчэ не прыйшло…

Hавiны
Вынікі 2020 года: чатыры памылкі Лукашэнкі, якія пазбавілі ягоны рэжым будучыні
2020.12.29 11:34

І неяк усё гэта не занадта падобна на тую рэпутацыю, якая была ў Юрыя Караева ў момант яго прызначэння на міністэрскую пасаду. Рэпутацыю прыстойнага чалавека, якому няма чаго саромецца ў сваёй біяграфіі і няма чаго баяцца.

Хоць, вядома, можа быць, яму і цяпер няма чаго саромецца ў сваёй біяграфіі і няма чаго баяцца. Будзем спадзявацца, што калі-небудзь ён дасць інтэрв’ю і па гэтай тэме.

А галасы… Сябры мае, ці мала ў каго падобныя галасы. Слухаеш запіс, табе здаецца, што гэта Караеў кажа – а раптам не ён, а Кубракоў? І што ты будзеш з гэтпй памылкай рабіць. Ці мала хто падобны на Караева…

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў