«Чалавек года» Крычава прызнана вінаватай у карупцыі і крадзяжы дзяржмаёмасці. Паводле яе, «так робяць усе»


30 студзеня суд Чэрыкаўскага раёна пад старшынствам Аляксандра Краўчанкі паставіў кропку ў гучнай крымінальнай справе былой загадчыцы дзіцячага саду №19 г. Крычава Алы Пастуховай. Яна прызнана вінаватай у перавышэнні службовых паўнамоцтваў з карыслівых інтарэсаў, у злоўжыванні ўладай, у крадзяжы дзяржаўнай маёмасці.

Па сукупнасці артыкулаў суд прыгаварыў Алу Пастухову да 2 гадоў і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 1350 рублёў (50 базавых велічыняў). Асуджанай забаронена займаць кіроўныя і арганізацыйна-гаспадарчыя пасады на працягу 3 гадоў. У прысудзе таксама ўказана, што каштоўнасці і рэчы, канфіскаваныя ў Пастуховай падчас ператрусаў на дачы і дома, пакінутыя пад арыштам да поўнага пагашэння штрафу. Тэрмін знаходжання ў СІЗА і пад хатнім арыштам будзе залічаны ў тэрмін адбыцця пакарання (у СІЗА – дзень за дзень, пад хатнім арыштам – два дні за дзень). На працягу 10 дзён у яе ёсць магчымасць абскардзіць прысуд. Пасля абвяшчэння прысуду Алу Пастухову ўзялі пад варту.

Ала Пастухова ў судзе.
Фота: Алесь Асіпцоў

28 студзеня дзяржабвінаваўца, намеснік пракурора Крычаўскага раёна Мікалай Розанцаў, прасіў прысудзіць абвінавачваную да 4 гадоў пазбаўлення волі ды 13 500 рублёў штрафу і пазбаўлення на 5 гадоў права займаць кіроўныя і арганізацыйна-гаспадарчыя пасады. Просьбу дзяржабвінаваўцы 16 пацярпелых падтрымалі цалкам.

Адвакат Пастуховай прасіў суд апраўдаць абвінавачваную ў сувязі з адсутнасцю ў яе дзеяннях складу злачынства.

Падчас судовых пасяджэнняў высветлілі, што дзеянні Пастуховай як службовай асобы нанеслі шкоду грамадзянам і дзяржаве на агульную суму 10 003 рублі. У прыватнасці, з 2015 да 2018 года праз справавода арганізавала збор сродкаў з надбавак да тарыфных ставак, прэмій і матэрыяльнай дапамогі работнікаў дзіцячага садка. Незаконна сабраныя сродкі выкарыстала ў асабістых мэтах.

Hавiны
Загадчыцу дзіцячага садку ў Крычаве вывелі ў кайданках з працы. Вінавацяць у карупцыі
2019.04.03 11:34

Пастухова давала ўказанні падначаленым на спісанне будматэрыялаў (цэменту, фарбы, шпаклёўкі), прызначаных для рамонту дзіцячага садка, якія пасля прысвойвала. Выкрадзенае знайшлі на ейнай дачы. Будматэрыялы, выяўленыя ў склепе дзіцячага садка, на думку следства і суда, былі падрыхтаваныя для выкрадання.

Па ўказанні Пастуховай некаторыя падначаленыя рэгулярна выязджалі ў працоўны час да яе састарэлага бацькі, адвозілі прадукты, насілі ваду, пераносілі брыкет, выконвалі іншыя працы па гаспадарцы. Дапамагалі рамантаваць кватэру і дачу абвінавачванай.

Таксама ўсталявалі, што адна з падначаленых на ўказанне Пастуховай вазіла ейнай сваячцы (пацярпелыя называлі дачку) у Магілёў харчы і грошы.

Пры гэтым адсутным фактычна на працы ў табель уліку працоўнага часу спраўна малявалі «васьмёркі».Пацярпелыя і шэраг сведкаў сцвярджалі, што кухары на ўказанне Пастуховай гатавалі ёй розныя стравы.

У судзе таксама высветлілася, што пры падпісанні кантракту абвінавачаная ўзяла на сябе абавязак не дапускаць карупцыі ў сваёй працы.

Дзяржабвінаваўца ў сваім выступленні падкрэсліў, што «выкрыць Пастухову атрымалася дзякуючы смеласці падначаленых ёй жанчын».

Партрэт Алы Пастуховай на дошцы гонару. Фота з архіву аўтара

«Так усе робяць»

У апошнім слове Пастухова катэгарычна абвергла выстаўленыя абвінавачанні. Яна адзначыла, што «дом – там, дзе тваё сэрца, а маё сэрца знаходзіцца ў дзіцячым садку №19». Распавяла пра свае заслугі за 45 гадоў дзейнасці на педагагічнай ніве, пра 35 ганаровых грамат і падзяк, у тым ліку ад прэзідэнта, пра прызнанне яе ў 2015 годзе «Чалавекам года» Крычава, пра паспяховую працу кіраўніком мікразоны самакіравання «Камсамольская». «Сіла і дабрыня – мой стыль кіравання», – падкрэсліла яна. Пры гэтым прызналася, што дапускала памылкі ў кадравай працы. Дасталася і дазнаўцам, якія, на яе думку, аказвалі псіхалагічны ціск на яе, прымушалі прызнаць віну і раілі звярнуцца па памілаванне да Лукашэнкі. Ціск, па яе словах, аказваўся і на падначаленых падчас допытаў.

Збор грошай яна патлумачыла той акалічнасцю, што сродкаў, якія выдзяляюцца аддзелам адукацыі на падтрымку іміджу «перадавога саду», бракавала. Ёй даводзілася несці самой пэўныя выдаткі. Па яе словах, справавод прапанавала ёй збіраць грошы з падначаленых, бо «так усе робяць». Нажывацца яна не думала, «прымала столькі грашовых сродкаў», колькі ўкладвала сваіх.

У канцы свайго выступу яна сказала, што перажывае з нагоды смерці былой падначаленай Наталлі Яльцовай, назвала яе блізкім чалавекам, які «хацеў яе абараніць».

Дзіцячы сад №19 у Крычаве. Фота аўтара

Адвакат падтрымаў пазіцыю абвінавачванай, падкрэсліўшы, што следства падводзіла паказанні пацярпелых і сведкаў да патрэбнага ім выніку. На яго думку, доказы віны Пастуховай сумнеўныя, і папрасіў суд апраўдаць падабаронную.

62-гадовую Алу Пастухову затрымалі 27 сакавіка 2019 году на працоўным месцы. Пракурор Крычаўскага раёну Леанід Палевіч, чаму распачалі крымінальную справу і затрыманні загадчыцу садка, пісаў, што «чаша людскога цярпення перапоўнілася».

Да 10 кастрычніка Пастухова заставалася ў Магілёўскім СІЗА, потым меру стрымання замянілі на хатні арышт. Пастухова была сябрай аб’яднання «Белая Русь», рэгулярна ўдзельнічала ў працы ўчастковых выбарчых камісіяў, у апошнія гады – старшынёй.

Падначаленыя кажуць пра сваю былую кіраўніцу як пра чалавека ўладнага, цвёрдага, патрабавальнага. Шмат хто баяўся яе псіхалагічнага ціску, прадузятага стаўлення, пагроз не працягнуць кантракт.

Hавiны
Пасля затрымання загадчыцы дзіцячага садка ў Крычаве цела выхавальніцы знайшлі ў рацэ
2019.04.11 13:33

Смерць Наталлі Яльцовай

Як мы раней пісалі, неўзабаве пасля затрымання Пастуховай 8 красавіка 2019 года ў рацэ Сож знайшлі цела яе 41-гадовай падначаленай Наталлі Яльцовай, якая працавала ў садзе дэфектолагам. Паведамлялася, што ў доме жанчыны, якая патанула, была знойдзена перадсмяротная запіска. Іншыя падначаленыя прызнаваліся, што «Наталля заўсёды панічна баялася Пастуховай, баялася вочнай стаўкі з Пастуховай, спрабавала выгарадзіць яе, у адрозненне ад астатніх, можа, таму, што па просьбе загадчыцы збірала некаторыя сумы з прэміяў».

Наталля Яльцова. Фота з архіву аўтара

Цела 78-гадовай маці Яльцовай, куртку якой знайшлі на беразе ракі, не знайшлі да гэтага часу.

Следчы камітэт адзначаў, што прычынна-выніковай сувязі справы патанулай Яльцовай са справай Пастуховай не выяўлена.

Карупцыйны канвеер

У Крычаве, ужо пасля набыцця моцы ў 2015 годзе новага Закону аб барацьбе з карупцыяй былі асуджаныя за карупцыйныя злачынствы старшыня сельгаспрадпрыемства «Маляцічы-АГРА» Аляксандр Радоўскі, дырэктар камунальнага прадпрыемства «Водаканал» Юрый Рыбчынскі, выканальніца абавязкаў галоўнага бухгалтара агракаледжу Юлія Нікіценка, дырэктарка цэнтру творчасці дзяцей і моладзі «Крэчут» Лаліта Сідарава і яе намесніца Вольга Міхно.

Пакаранні за злачынствы былі даволі мяккія: як правіла, штрафы або прысуды з адтэрмінаваннем, асуджаныя нядрэнна працаўладкаваліся ў горадзе. У мясцовых дзяржаўных СМІ пра гэтыя судовыя працэсы не было напісана ніводнага радка.

Былы генеральны дырэктар ААТ «Крычаўцэменташыфер» Леанід Скоцкі ў 2013 годзе «пагарэў» на паборах з прэміяў падначаленых, атрымаўшы 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргей Няроўны/ІР belsat.eu

Стужка навінаў