Чалавек, дзякуючы якому беларускім кіно захапляюцца замежнікі


Дзякуючы яму беларускія рэжысёры трапілі ў Школу Вайды, а фільм Андрэя Куцілы «Сума» перамог на Амстэрдамскім кінафестывалі, які называюць Канамі дакументальнага кіно.

Яцэк Блавут – вядомы польскі дакументаліст. У кіно прыйшоў яшчэ дзіцём – выконваў ролі ў мастацкіх фільмах. Калі вырас, стаў аператарам. Працаваў з вядомымі польскімі рэжысёрамі, у тым ліку з Кшыштафам Кесьлёўскім над ягоным «Дэкалогам». Паралельна пачаў здымаць свае дакументальныя фільмы.

Размаўляем з ім пра поспехі беларускага кіно на міжнародным узроўні.

– У праграму сёлетняга Кракаўскага кінафестывалю трапілі два дакументальныя фільмы, знятыя беларусамі: «Сума» Андрэя Куцілы і «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа. Першы атрымаў узнагароду як рэжысёр найлепшага фільму ў нацыянальным конкурсе. Вы былі мастацкім апекуном абодвух творцаў. Чаму вы пачалі працаваць з беларусамі?

– Некалькі год таму мяне запрасілі ў Менск, каб разам з выбітным беларускім рэжысёрам Віктарам Аслюком правесці майстар-класы па дакументальным кіно для групы маладых беларусаў. Не ведаю, як для іх, але для мяне гэта была вельмі важная сустрэча. У выніку дваіх удзельнікаў, Любу Зямцову і Максіма Шведа, я запрасіў на вучобу ў Школу Вайды. Я думаю, гэта шмат што ім дало: там яны маглі працаваць ва ўмовах, стварыць якія ў Беларусі вельмі цяжка.

Hавiны
Дакументаліст Андрэй Куціла атрымаў прыз як рэжысёр найлепшага фільму на Кракаўскім кінафестывалі
2019.06.02 18:30

– Тады вы ўпершыню трапілі ў Беларусь. Якія ўражанні засталіся ад беларускай рэчаіснасці?

– Каб быць аб’ектыўным, я мусіў бы там крыху пажыць. Але першае, што я заўважыў: людзі вядуць там больш спакойнае жыццё, ходзяць па вуліцах павольней за палякаў. Канешне, нам [палякам. – belsat.eu] падаецца, што беларусы – няшчасныя, бо жывуць у недэмакратычнай дзяржаве. Але можа гэта лухта, і насамрэч няшчасныя – гэта мы? З іншага боку, у Беларусі адчуваецца пэўная механічнасць дзеянняў, пачуццё адасобленасці ад рэшты свету, і такую сітуацыю дакладна нельга назваць пазітыўнай. Карацей, мае эмоцыі былі інтэнсіўнымі, але супярэчлівымі.

– А за што вы палюбілі сваіх падапечных?

Яцэк Блавут (трэці справа) сустрэўся з беларускімі дакументалістамі ў Менску ў 2015 годзе. Фота Януша Гаўрылюка

– Хаця б за вялізную эрудыцыю. Мне падаецца, што маладыя беларускія рэжысёры ведаюць пра кіно нашмат больш за іх польскіх аднагодкаў. Часам падаецца нават, што яны проста дыхаюць мастацтвам. Мне таксама спадабалася, што яны – гэтак жа як мы з маймі калегамі ў студэнцкія часы – гарнуцца да дакументальнага кіно. Сёння гэта рэдкасць, маладых кіношнікаў значна часцей цікавяць мастацкія фільмы.

– Адкуль у беларусаў такая любоў да дакументалістыкі?

– Я спадзяюся, што яны бачаць у ёй нейкую чысціню, але ёсць у гэтым і выключна прагматычныя меркаванні. Рабіць дакументальныя фільмы танней і прасцей, а паколькі беларускі кінематограф – не самы багаты, стварэнне мастацкага фільму для маладых рэжысёраў – задача практычна невыканальная.

– Вы лічыце, беларусы маюць нейкі своеасаблівы падыход у дакументалістыцы?

– Мне падабаецца, што беларускія фільмы, з якімі я сутыкаўся, не маюць нічога агульнага з прымітыўным рэпартажным кіно, якое абмяжоўваецца выключна апісаннем рэчаіснасці. Беларусы адчуваюць, што дакументальнае кіно – гэта мастацтва з вялікай літары, вельмі дбаюць пра форму, іх цягне да эксперыментаў, творчай рызыкі. Такі падыход вельмі мне блізкі.

Шмат у якіх фільмах мне падабаецца свежы аўтарскі падыход да тэмаў, якія падаюцца ўніверсальнымі ды агульнавядомымі. Беларускія рэжысёры – людзі вельмі сардэчныя і, падаецца, шчыра зацікаўленыя лёсам іншых, шмат чым гатовыя дзеля іх ахвяраваць.

– Давайце паразмаўляем пра фільмы, паказаныя на Кракаўскім кінафестывалі. Як вы ўзгадваеце супрацу з Максімам Шведам над «Чыстым мастацтвам»?

Hавiны
Беларускія ўлады ставяць на Малевіча: інтэрв’ю з рэжысёрам фільма «Чыстае мастацтва»
2019.05.28 16:44

– З Максімам мы сустракаліся часта і працавалі вельмі інтэнсіўна. Канцэпцыя фільму змянялася, праект развіваўся, з’яўляліся новыя матэрыялы. Шлях, які прайшоў Максім, быў няпростым, але зрабіць гэта было варта. У ім ёсць рэжысёрскі патэнцыял, у навакольным свеце ён бачыць больш, чым заўважна на першы погляд.

У «Чыстым мастацтве» Максім распавядае пра цяжкія справы вельмі далікатна, каб нікога не пакрыўдзіць. Апрача таго, ён хацеў зрабіць вельмі асабісты фільм, у якім прадставіць арыгінальны пункт гледжання на краіну, у якой жыве, і свет, які яго атачае. Я, у сваю чаргу, мог прыгледзецца да яго звонку, і падаецца, на скрыжаванні дзвюх гэтых перспектываў нарадзілася нешта цікавае.

– А што вы можаце сказаць пра Андрэя Куцілу і ягоны фільм «Сума»?

– Андрэй, з якім я пазнаёміўся яшчэ да прыезду ў Менск, на майстар-класе ў Кіеве, – гэта хлопец з характарам. Ён ведае, чаго хоча, і – што важна – ён вельмі цярплівы і старанны, умее слухаць іншых.

– Памятаю, як ён прынёс першую версію «Сумы». У мяне было шмат заўвагаў, і я баяўся, што Андрэю будзе балюча іх слухаць: кожны малады творца вельмі прывязаны да матэрыялу, які наздымаў. Я дамовіўся з мантажыстам, што мы назавем нашыя заўвагі ўсяго толькі прапановамі. Спачатку Андрэй быў крыху ўражаны іх колькасцю. Але ён праседзеў над імі цэлую ноч і назаўтра сказаў: «Спадарства, маеце рацыю. Пасля прапанаваных вамі зменаў гэта выглядае нашмат лепей». Тады я адчуў, што ён сапраўды пачынае разумець, як робіцца кіно, і «Сума» можа аказацца чымсьці насамрэч выключным.

– Андрэй казаў мне, што першапачатковая версія фільму была 100-хвіліннай. Вы скарацілі яго ажно напалову.

– Колькасць фестываляў, на якіх ён дасягнуў поспеху, даводзіць, што змены пайшлі на карысць. Нас ажно здзівілі ўсе гэтыя ўзнагароды і адзнакі, бо мне падавалася, што заходнія фестывалі тыпу IDFA часам ідуць прасцейшым шляхам, абіраючы фільмы на моцныя, супярэчлівыя тэмы. Аказалася, не ўсё так кепска. «Сума» – фільм тонкі, эфемерны, і ў Амстэрдаме вельмі яго добра зразумелі.

ВІДЭА
Фільм Андрэя Куцілы, зняты пры ўдзеле «Белсату», перамог на адным з самых прэстыжных фестываляў у свеце
2018.11.22 09:20

– На заканчэнне запытаю, што, на вашую думку, павінна адбыцца, каб беларускае кіно развівалася яшчэ лепш, а творцы дасягнулі поспеху ўзроўню Куцілы і Шведа?

– Беларусы павінны стаць яшчэ больш адкрытымі ў адносінах да нас, найбліжэйшых суседзяў. Мы з ахвотаю падзелімся сваім досведам і сродкамі. Дастаткова паглядзець на прыклад Украіны, куды мы ездзім часта і ўжо шмат гадоў, праводзім заняткі ды майстар-класы, шмат з кім супрацоўнічаем. Можна сказаць, мы выхавалі там цэлае пакаленне рэжысёраў. І гэта можна паўтарыць у Беларусі. Вядома, што адзін «Белсат» такога фінансавання не пацягне, патрэбнае падтрыманне з боку Польскага інстытуту кінамастацтва. Спадзяюся, мы і далей зможам на яго разлічваць.

Пётр Чэркаўскі, ІА / ІА, belsat.eu

Стужка навінаў