«Чакалі, што выйдзе рэктар, але ён не выйшаў». Удзельнікі менскага маршу студэнтаў – пра тое, чаму выйшлі на вуліцы


Марш студентов
Шэсце студэнтаў мінскіх ВНУ. 1 верасня 2020 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Амаль восем гадзін калона студэнтаў галоўных сталічных ВНУ хадзіла па ўсім Менску. АМАП спрабаваў разбіць натоўп увесь час, але здолеў гэта зрабіць ужо ўвечары, калі стомленыя юнакі і дзяўчаты сталі паступова разыходзіцца самі. Дзяніс Дзюба пагаварыў з удзельнікамі маршу і тымі, хто прыйшоў іх падтрымаць.

Першую калону студэнтаў БДУІР і БНТУ разагналі ўжо праз паўгадзіны пасля пачатку шэсця. Ля Плошчы Перамогі да іх павінны былі далучыцца студэнты Менскага іняза, але тых проста закрылі ўнутры ўніверсітэту. Тыя, што засталіся на волі пасля разгону, падышлі да будынку МДЛУ, але там іх зноў чакаў АМАП.

«Адміністрацыя МДЛУ зачыніла дзверы і не давала студэнтам у вучэбны час зайсці ў свой універсітэт. Потым супрацоўнікі ВНУ выйшлі на вуліцу і пачалі размаўляць з людзьмі без апазнавальных знакаў, якія выглядалі як бандыты. Студэнты чакалі, што да іх выйдзе рэктар, але ён не выйшаў. Потым АМАП заявіў, што калі на працягу хвіліны мы не разыходзімся, яны “пачынаюць нас херачыць”. Мы зайшлі ў будынак універсітэту, яны спрабавалі зайсці ўслед за намі, але адзін з супрацоўнікаў зачыніў дзверы на замок», – распавядае Ягор, які вывучае ў БНТУ прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва.

Хлопец планаваў выйсці на пратэст пасля першай пары, але даведаўшыся аб затрыманні кіраўнікоў страйкаму свайго універсітэту, выйшаў з-за парты падчас заняткаў.

«Я не хачу вучыцца і працаваць у краіне, дзе мне не даюць слова сказаць», – кажа Ягор.

На ягоную думку, студэнтаў БНТУ на маршы было няшмат, бо многія навучэнцы прыехалі з рэгіёнаў і хацелі б пасля вучобы застацца працаваць у сталіцы, але іх палохаюць пагрозамі адлічэння.

«Гэта вельмі крыўдна, бо гісторыя паказвае, што менавіта студэнты – рухавікі рэвалюцый», – кажа ён.

Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak.tv

У гэты час да цэнтру ўжо рухаецца калона студэнтаў БДУ, БДТУ і эканамічнага ўніверсітэту. Яе не пусцілі да запланаванага месца збору – Міністэрства адукацыі на плошчы Незалежнасці – і маладзёны былі вымушаныя павярнуць у процілеглым кірунку. З інязаўцамі, якім удалося выйсці з універсітэту праз чорны ход, а таксама з ацалелымі падчас разгону студэнтамі БНТУ і БДУІР яны сустрэнуцца каля цырка.

Калі Ягор чуе ад мінакоў слова «фашысты», то кажа мне, што параіў бы такім людзям вывучаць гісторыю – «тады да нашых нацыянальных сімвалаў не будзе пытанняў».

Гісторыкаў у калоне, паводле саміх удзельнікаў шэсця, больш за астатніх. Насця, якая вывучае дакументазнаўства, кажа што ў чаце «БДУ97» аб удзеле ў маршы заяўлялі толькі 40 студэнтаў гістфаку, але ў выніку прыйшло каля 130 – у тым ліку выкладчыкі. Насця няся плакат «рабі гісторыю», зроблены на кардоннай вокладцы, ададранай ад падручніка гісторыі для шостага класа, ды кажа, што як дакументавода фальсіфікацыя выбараў і дакументаў яе абурае да вар’яцтва.

«Я хачу, каб гісторыя, якая адбываецца на нашых вуліцах 1 верасня 2020 года, захавалася ў сумленных падручніках для нашых дзяцей, – кажа яна. – У гісторыі любой краіны ёсць уздымы і ўзлёты. Цяпер у нас падʼём. Наперадзе – анархія або дэмакратыя, але я схіляюся да другога. Аднак, рана ці позна ўсё будзе добра», – кажа дзяўчына.

На просьбу ўдакладніць, колькі засталося чакаць да гэтага «добра», Насця кажа, што «на аднаўленне эканомікі спатрэбяцца гады, на ліквідацыю тыраніі хопіць аднаго стрэлу».

Актор і музыка Павел Гарадніцкі (у цэнтры, са сцягам).
Фота: Дзяніс Дзюба/ Belsat.eu / Vot-tak.tv

На плошчы Якуба Коласа, дзе знаходзіцца хвост калоны, чацвёра студэнтаў журфаку БДУ садзяцца ў аўтобус, каб прыехаць да пачатку калоны. Заскокваю туды з імі, каб распытаць пра настроі на факультэце, дзе рыхтуюць маіх будучых калегаў.

«Нашыя аднагрупнікі прапанову падтрымаць нас на маршы праігнаравалі. Кіраўнікі стачкама БДУ стварылі пратэстны чат, у якім ужо пяць тысяч чалавек. Калі арганізатараў стачкама затрымалі, з агульнага чата аддзяліліся факультэцкія. У чаце журфаку ўжо каля ста чалавек, але гэта толькі таму, што не ўсе ведаюць пра яго існаванне. Большасць студэнтаў журфаку за перамены, але многія баяцца адлічэння ці проста не ведаюць пра акцыі. Такіх, якія падтрымліваюць існуючы рэжым, – адзінкі».

Калі калона дабіраецца да БНТУ і БДУІР, да іх далучаюцца студэнты Беларускай акадэміі Мастацтваў – многія ў чорным, з залепленымі стужкай ратамі.

«Я прыйшла таму, што немагчыма ні жыць, ні займацца творчасцю, калі ўвесь час над людзьмі здзяйсняецца гвалт, калі няма вяршэнства права, калі пастаянна арганізуюцца нейкія перашкоды і памехі», – распавядае студэнтка, якая вывучае ў Акадэміі мастацкае кіно.

Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak.tvНа скрыжаванні праспекта Незалежнасці і Казлова калону сустракае лідарка гурта «Серебряная Свадьба» Святлана Бень.

«Я прыйшла падтрымаць студэнтаў і выкладчыкаў маёй любімай альма-матэр. Свабода заўсёды была галоўным сімвалам гэтай навучальнай установы, таму што мастацтва і гвалт не сумяшчальныя. У мяне не атрымліваецца цяпер займацца творчасцю. Кажуць, у часы мангола-татарскага прыгнёту фрэскі ў цэрквах былі максімальна светлымі, таму што ў хвіліны цемры нельга цемру пагаршаць. Калі яна адступае, трэба рэфлексаваць і плакаць, а цяпер трэба з усіх ствалоў паліць святлом, якім толькі магчыма», – кажа Бенька.

На пытанне, калі яна апошні раз плакала, артыстка распавядае, што вельмі шмат яе сяброў скардзіліся ў гэтыя дні на сваркі з бацькамі-пажылымі і кансерватыўнымі людзьмі.

«У маёй сяброўкі пасля такой сваркі памерла мама. Яна памерла з-за каронавірусу, але яны не маглі пагаварыць нармальна з-за канфлікту, справакаванага бесчалавечнай хлуснёй. Хлусня на тэлебачанні агідная: яна забівае душы. Яна страшней за тое, што робяць амапаўцы. Кожны зараз павінен прыняць рашэнне не хлусіць», – дадае Бянька.

«Я сам былы студэнт, таму прыйшоў падтрымаць нашу будучыню, амаладзіцца, так бы мовіць» – кажа актор «Свабоднага тэатру» і ўдзельнік калектыву «Разбітае сэрца пацана» Павел Гарадніцкі.

Акурат у гэтую хвіліну Павел заўважае ў натоўпе свайго былога настаўніка, а таксама ўласных студэнтак са студыі «Фортинбрас».

«Падтрымка цяпер патрэбная ўсім. Калі б не было студэнтаў, я быў падтрымліваў кагосьці іншага. Трэба рабіць усё, што можаш», – кажа Павел, ды раіць ад страху лячыцца смехам.

«Вельмі важна высмейваць увесь гэты абсурд. Калі мы над чымсьці можам пасмяяцца, мы адпускаем гэты страх. Усе гэтыя плакаты можна ў музей гумару аддаць», – паказвае ён на людзей вакол.

Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Самы нясмешны нясе выпускніца Акадэміі мастацтваў, дызайнер Дар’я, якая цяпер вывучае анімацыю ў Вышэйшай школе эканомікі ў Маскве. Яе праца – перавернуты афіцыйны сцяг, з чырвонага поля якога, як з мора крыві, бачныя рукі тапельцаў у ім.

«Гэта рукі тых, хто падвяргаўся катаванням, рэпрэсіям і тых, каго дагэтуль не знайшлі. Наш стары сцяг ужо ачарніць крывёю, і рэжым пара ўжо мяняць., – распавядае дзяўчына. – Я зʼехала ў Маскву, у Беларусі няма дзе вучыцца таму, як рабіць мульцікі. Але канікулы я правяла ў Менску – і гэта было, агулам, весела. Я не чакала ад беларускага народа, што ён падымецца і будзе хадзіць на акцыі кожны дзень. Раней мне здавалася, што ў Маскве актыўнасць, а ў Беларусі – соннае царства. А аказалася наадварот: цяпер Масква жыве тым, што адбываецца ў Беларусі. Нават мае настаўнікі рэпосцяць усе мае працы з каментарамі пра тое, што іхная студэнтка змагаецца за свабоду».

У гэты момант калона ўжо прайшла каля 500 метраў па вуліцы Казлова – і куды менавіта цяпер ідзе натоўп, не ведае ніхто.

«У нас няма ніякай каардынацыі, і кірунак натоўпу вызначаюць тыя, хто ідзе ў пачатку калоны», – кажа дзяўчына Ліза, якая прыйшла падтрымаць сваіх былых аднагрупніц з факультэту міжнародных дачыненняў БДУ. Сама яна вывучала там міжнароднае права, але на другім курсе вырашыла кінуць і цяпер вучыцца ў Аўстрыі.

«Вывучэнне юрыспрудэнцыі ў гэтай краіне мне здавалася немагчымым. На першай пары па канстытуцыйным праве нам сказалі, што трэба мець на ўвазе, што мы вучым тое, што не функцыянуе. Таму я наважылася вывучаць паліталогію ў незалежным універсітэце, без ідэалогіі, але абавязкова вяртацца ў краіну», – кажа Ліза.

Па назіраннямі дзяўчыны, у паводзінах адміністрацыі яе былога факультэта «відаць папушчальніцтва».

«Цяпер пратэст набірае сілу, ёсць імавернасць, што ён разаўецца ў нешта большае, таму цяпер універсітэт знаходзіцца ў паветры і дапускае рэчы, якіх бы не дазвалялі раней. Летась, напрыклад, нас заганялі на датэрміновае галасаванне, цяпер жа адміністрацыя дастаткова ліберальная», – кажа яна.

Адправіцца вучыцца за мяжу ніхто з апытаных мною ўдзельнікаў маршу не баіцца: перш за ўсё, дзякуючы ўжо засвоеным ведам, а таксама абяцанай падтрымцы заходніх краін.

«Калі адлічаць – буду вучыць польскую», – кажа дзяўчына, якая вывучае праграмаванне ў БДТУ і стажыроўку ў IT-кампаніі, але ўсё ж не наважылася назваць сваё імя.

Будучыя перакладчыкі Вераніка і Таццяна, якія праходзяць побач, кажуць, што выйшлі на пратэст таму, што падчас выбараў іх галасы скралі.

«Мы хацелі выклікаць на размову міністра адукацыі і назваць нашыя ўмовы: адстаўка дзейнага прэзідэнта, адстаўка ЦВК і новыя выбары. Мы верым у такія метады, хоць разумеем, што працэс будзе доўгім», кажуць дзяўчыны. Дзякуючы веданню моваў яны не баяцца перспектывы адлічэння і ад’езду за мяжу, але ўсё ж хацелі б працаваць дома.

{%CAPTION%}Студэнтка пятага курса інязя Валерыя прызнаецца, што нязгодных у МДЛУ большасць, але выйсці на вуліцу гатовыя нямногія.

«У нас «жаночы» універсітэт, і калі дзяўчаты бачаць, як жорстка вяжуць хлопцаў, ім страшна, – кажа Валерыя. Паводле яе, бацькі ўдзелу ў акцыях не ўхваляюць, але «даводзіцца мірыцца».

Валерыя адлічэнні не баіцца: «У недзяржаўных структурах я змагу знайсці сабе працу нават без дыплома. Выкладаць – маё пакліканне, а хачу працаваць у Беларусі», – кажа яна.

Калона праходзіць трамвайны прыпынак, на якім сядзяць тры пажылыя жанчыны. Адна пачынае гучна выказваць незадаволенасць шэсцем. Каб лепей яе пачуць, падыходжу бліжэй. Адзіны аргумент жанчыны – «вы яшчэ не дараслі».

З-за дзясяткаў трубячых аўтамабіляў яе мала хто не чуе. Ніхто не ўступае ў спрэчку. Калона ідзе далей.

Дзяніс Дзюба/МВ Belsat.eu

Стужка навінаў