«Чакаем больш людзей, чым 7–8 снежня». Апазіцыя распавяла пра наступную акцыю супраць інтэграцыі


Арганізатары акцыяў супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй паведамілі план пратэстаў на 20 і 21 снежня.

Паводле іх, акцыя распачнецца на Кастрычніцкай плошчы 20 снежня а 18:00 і працягнецца не менш за тры гадзіны. Пра гэта заявіў сустаршыня БХД Павел Севярынец сёння падчас адмысловай прэс-канферэнцыі.

«Калі плошча будзе адкрытая і нам дадуць там сабрацца, то да 18.20 мы чакаем удзельнікаў, потым ідзем да месца правядзення мітынгу, дзе плануюцца ў тым ліку масавыя спевы нацыянальных гімнаў – «Магутны Божа», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Далей плануецца шэсце па праспекце Незалежнасці», – сказаў Севярынец.

Мітынг у абарону незалежнасці. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Шэсце плануюць правесці да Нямігі і па вуліцы Зыбіцкай вярнуцца назад на Кастрычніцкую плошчу. Там чакаецца, што ўдзельнікі ўстануць у «жывы ланцуг» уздоўж праспекту.

«Мы чакаем, што людзей будзе больш, чым было 7 і 8 снежня», – прагназуе палітык.

Алена Анісім, Анатоль Лябедзька, Юрась Беленькі, Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Алесь Арэстовіч. Фота belsat.eu

Павел Севярынец распавёў, што 17 снежня а 12.00 арганізатары перададуць у Менгарвыканкам паведамленне аб намеры правесці акцыю 20 снежня.

«Мы не рыхтуем ніякіх гвалтоўных дзеянняў, гэта мірныя пратэсты і міліцыя сама павінна быць зацікаўленая ў размове», – патлумачыў ён.

Паводле Севярынца, у арганізатараў пратэстаў існуе і «план Б» на выпадак, калі ўлады будуць перашкаджаць збору людзей, аднак агучыць яго журналістам адмовіўся «з меркаванняў бяспекі». Палітык дадаў, што на плошчы будзе працаваць «група бяспекі», якая пастараецца забяспечыць парадак, але колькасць «ахоўнікаў» таксама не назваў.

Абноўлена
Удзельнікаў пратэстаў супраць інтэграцыі пачалі выклікаць у міліцыю
2019.12.13 18:06

Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі заявіў, што працяг пратэсту адбудзецца а 14.00 21 снежня, папярэдне – на Кастрычніцкай плошчы. Магчыма, і пра гэтую акцыю арганізатары афіцыйна папярэдзяць гарадскія ўлады, адзначыў ён.

Мітынг у абарону незалежнасці. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным не дазваляюць пратэстоўцам падняцца на прыступкі Палацу рэспублікі. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Сярод іншых захадаў плануецца зварот да беларускіх сілавікоў, які агучаць на гэтым тыдні. Таксама неўзабаве стане вядома, што плануюць рабіць прадстаўнікі беларускіх дыяспараў у свеце. Кіраўнік «Еўрапейскага дыялогу» Анатоль Лябедзька дадаў, што акрамя непасрэднай падрыхтоўкі да акцыі, аргкамітэт патрабуе «тэрміновай сустрэчы» з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам.

На думку старшыні ТБМ і экс-дэпутаткі Алены Анісім, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мусяць распавесці грамадскасці ўсё, што вядома па змесце перамоваў паміж Менскам і Масквой. «Гэта было б нармальным падыходам уладаў да небяспекі, якая паўстала перад краінай» – сказала яна.

Напрыканцы Павел Севярынец паведаміў, што яму вядома пра позвы ў міліцыю і суды «як мінімум 15 удзельнікам акцый 7-8 снежня». Ён заклікаў усіх, хто зазнаў пераслед, звяртацца да арганізатараў па дапамогу.

Мітынг у абарону незалежнасці. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu
  • 7 і 8 снежня ў цэнтры Менску праходзілі самыя масавыя несанкцыянаваныя акцыі з часоў «антыдармаедскіх» пратэстаў 2017 году. Людзі пратэставалі супраць аб’яднання з Расеяй і падпісання «інтэграцыйнай» праграмы дзвюма дзяржавамі. Чакалася, што праграма будзе падпісаная на паседжанні найвышэйшага Савету Саюзнай дзяржавы ў Маскве 8 снежня, аднак гэтага не адбылося, бо напярэдадні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін не прыйшлі да кансэнсусу па шэрагу пытанняў. Наступная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў адбудзецца 20 снежня.
  • У аргкамітэт пратэстаў супраць інтэграцыі ўваходзяць 15 беларускіх апазіцыйных партый і рухаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў