Чаго чакаюць ад візіту Лукашэнкі ў Кіеве?


Украінскі палітолаг Аляксандр Палій распавёў belsat.eu, чаму на Аляксандра Лукашэнку чакаюць у Кіеве і якія ад яго хочуць атрымаць гарантыі.

Афіцыйны візіт кіраўніка Беларусі ў Кіеў мае адбыцца 20-21 ліпеня – у гэты ж час распачнецца беларуска-ўкраінскі эканамічны форум. Можа падацца, то цэнтральным пытаннем перамоў стане эканоміка. Аднак толькі сляпы не заўважыць, што візіт адбудзецца напярэдадні сумесных беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017», запланаваных на верасень.

Які актуальны парадак дня перамоваў паміж Менскам і Кіевам? Якія чаканні звязвае Украіна з візітам Лукашэнкі?

– Украіна вельмі зацікаўленая ў тым, каб тэрыторыя Беларусі не выкарыстоўвалася для агрэсіі Расеі супраць Украіны. Украіну турбуюць маштабныя вучэнні пры ўдзеле буйной групоўкі расейскіх войскаў, якія неўзабаве пройдуць у Беларусі. Акрамя таго, Украіна вельмі зацікаўлена ва ўмацаванні суверэнітэту Беларусі, хоць, напэўна, сама Беларусь зацікаўленая ў гэтым яшчэ больш.

Таксама важнымі пытаннямі можа стаць эканоміка і паляпшэнне адносін Беларусі з Захадам. Украіна зацікаўлена ў нармалізацыі адносінаў Беларусі з Захадам, у апошні час Беларусь і сама мае пэўныя поспехі ў гэтай сферы.

Палітолаг Аляксандр Палій. Фота з акаунту Facebook

– Ці існуюць сурʼёзныя праблемы паміж краінамі ў эканамічнай супрацы, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў?

– Бадай, не. Асноўны блок праблемных пытанняў узгаднілі падчас папярэдняга візіту прэзідэнта Парашэнкі ў Беларусь. У той жа час краіны маюць нераскрыты патэнцыял эканамічнай супрацы ў шэрагу сфераў, магчыма, ён мае патрэбу ў палітычным імпульсе на вышэйшым узроўні. Але вельмі шмат упіраецца ў пытанне суверэннасці палітыкі Беларусі. Калі ў гэтым пытанні будуць узнікаць сумневы, гэта можа нашкодзіць перспектывам.

– На пасяджэнні аргкамітэту сесіі ПА АБСЕ ў Менску кіраўнік расейскай дэлегацыі Пётр Талстой выказаўся супраць праекту рэзалюцыі па аднаўленні суверэнітэту і цэласнасці Украіны. Афіцыйны Менск не падтрымаў пазіцыю Расеі. Чаму, як вы лічыце?

– Відавочна, Менску не выгадна пазіцыянаваць сябе ў якасці поўнай марыянеткі Расеі, асабліва ў такім адчувальным і для самой Беларусі пытанні, як непарушнасць межаў, тым больш ва ўмовах аднадушнасці ўсіх астатніх краін АБСЕ. Беларусь вырашае складаную задачу – адначасова спрабуе пазбегнуць пераходу ціску з боку Расеі ў сілавы фармат і захоўвае максімальна магчымую свабоду манеўру.

– Падобна, беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Захад-2017» стануць адным з цэнтральных пытанняў на перамовах двух лідараў. Нездарма ж МЗС Беларусі выклікаў на дыван амбасадара Украіны Ігара Кізіма праз выказванні наконт вучэнняў. Ці атрымае дыпламатычны скандал працяг?

– Спадзяюся, не атрымае. Думаю, беларускае кіраўніцтва выдатна разумее і ўсведамляе прычыны занепакоенасці Украіны.

– Якія пагрозы – наўпроставы і ўскосныя – нясуць вучэнні Украіне?

– Наўпроставая пагроза – гэта ўварванне праз беларускую тэрыторыю. Прычым у Беларусі могуць нават не пытацца дазволу. Такой пагрозаю зʼяўляецца і стварэнне на тэрыторыі Беларусі расейскіх баз або складоў расейскай зброі, гэта значыць – фармаванне ўмоваў для доўгатэрміновай пагрозы.

Ускосная, але ад таго не меншая, пагроза – магчымая страта Беларуссю незалежнасці. Напэўна ў свеце не існуе іншай краіны, акрамя самой Беларусі, так зацікаўленай у незалежнасці і стабільнасці Беларусі, якая выключае любое вонкавае ўмяшанне, як Украіна.

– Да вайсковых вучэнняў «Захад-2017» Украіна мае намер у кожным раёне стварыць атрады тэрытарыяльнай абароны. Ці азначае гэта, што Кіеў рыхтуецца да верагоднай ваеннай пагрозы з тэрыторыі Беларусі?

– Было б вельмі безадказна, калі б пасля ўсяго, што адбылося ва Украіне, ваеннае кіраўніцтва Украіны не разглядала ўсе патэнцыйныя магчымасці агрэсіі.

– Расея агітуе краіны СНД (у тым ліку і Беларусь) накіраваць ваенны кантынгент у Сірыю «для міратворчай місіі», афіцыйны Менск набывае 12 расейскіх знішчальнікаў, нарэшце, у верасні пройдуць беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2017». На фоне гэтых падзей ці можа афіцыйны Менск гарантаваць бяспеку мяжы з Украінай?

– Мы б вельмі хацелі, каб Менск мог гарантаваць бяспеку межаў Беларусі, таму што, маючы такога хаўрусніка, як Расея, і ворагаў не трэба. Словам мы не верым, і вам не раім – гэты вельмі дарагі вопыт. Бяспеку ўкраінскіх межаў гарантуюць выключна адзінства ўзброеных сілаў, усіх структур бяспекі і народа нашай краіны, а таксама, у апошні час – адзіная і перспектыўная дапамога нашых саюзнікаў.

Іван Грэкаў, belsat.eu

Стужка навінаў