Чаго чакаць Беларусі ад новага польскага прэзідэнта?


Госць праграмы «ПраСвет» польскі журналіст і публіцыст Міхал Патоцкі не выключае, што новы прэзідэнт Польшчы кансерватар Анджэй Дуда можа шукаць кантактаў з уладамі ў Менску. Але падкрэслівае, што ў беларускіх справах партыя «Права і Справядлівасць» была больш паслядоўная, чымся апаненты з «Грамадзянскай платформы».

«Менавіта «Грамадзянская платформа» прыдумала перазагрузку стасункаў з Расеяй, якая скончылася зусім не перамогаю для Польшчы. Гэта не выпадкова, што такія праекты, як «Белсат» ды стыпендыя Каліноўскага ўзніклі падчас кіравання «Права і Справядлівасці». Можна чакаць, што стаўленне да ўладаў Беларусі адносна захавання правоў чалавека будзе больш жорсткім, – гаворыць Міхал Патоцкі. – Але ёсць адно «але». Геапалітыка. За апошнія 2-3 гады моцна змяніліся паводзіны Расеі ў рэгіёне. Таму я не выключаю, што новы прэзідэнт будзе шукаць шляхі да перамоваў з цяперашняй беларускай уладаю».

Абранне Анджэя Дуды на пасаду прэзідэнта еўрапейская прэса параўноўвала з пагрозамі «Ісламскай дзяржавы» і выхадам Вялікай Брытаніі з Еўразвязу Чаму еўрапейскія медыі гэтак баяцца маладога кансерватара?

Якую замежную палітыку будзе праводзіць Анджэй Дуда? Ці скончыцца «адліга» у стасунках з Менскам? Чаго чакаць беларусам ад кракаўскага юрыста на чале Польшчы? Глядзіце ў праграме «ПраСвет».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў