Чаго баяцца замежныя турысты ў Беларусі


Немцы не ўпэўненыя ў нашых дарогах, брытанцам не раяць лятаць «Белавіяй», а расейцаў стала ў 10 разоў менш – цяпер ім дорага адпачываць нават у Беларусі.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Паводле Белстату, летась Беларусь арганізавана наведалі 137,4 тысячы турыстаў. Гэта на 0,5 % больш, чым у 2013 годзе. Абсалютная большасць наведнікаў – расейцы.

А для грамадзянаў Заходняй Еўропы, гледзячы па ўсім, Беларусь застаецца «чорнай дзірой». Якой яны ўяўляюць нашу краіну, карэспандэнт Belsat.eu паглядзеў на сайтах МЗС некаторых еўрапейскіх дзяржаў.

Дыпламаты – турыстам: не лятайце «Белавіяй»

Нямецкае МЗС не раіць ездзіць аўтамабілем ноччу «з-за часткова дрэнных дарогаў». «Стаўленне ў шпіталях часта не адпавядае нямецкім стандартам, але тэрміновая дапамога аказваецца», – напісана пра беларускую медыцыну. Ваду ж з-пад крану нямецкія дыпламаты піць не рэкамендуюць. Як, дарэчы, і французскія.

Французскае МЗС, спасылаючыся на міліцыю, сцвярджае, што ў беларускіх абласных цэнтрах і ў сталіцы не варта «свяціць» дарагімі рэчамі. І дае пару словаў пра якасць паліва на беларускіх запраўках:

«Пастаўкі паліва з’яўляюцца задавальняльнымі, за выключэннем неэтыліраванага бензіну, які не размяркоўваецца за межамі сталіцы. Якасць дызелю – пераменная».

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Брытанскае міністэрства замежных справаў піша, у нашай краіне турысты з Вялікай Брытаніі могуць сустрэць «падставовую тэрарыстычную пагрозу» з «хаатычнымі атакамі», у тым ліку ў месцах, якія наведваюць замежнікі.

Апісваючы палітычную сітуацыю, брытанскія дыпламаты кажуць, што суайчыннікам трэба быць пільнымі і пазбягаць любых дэманстрацыяў і мітынгаў, якія ўжо калісьці разганяліся з ужываннем сілы.

Цікава, што на старонцы МЗС вісіць і парада пазбягаць фатаграфавання адміністратыўных будынкаў, вайсковых аб’ектаў і асобаў у форме – гэта можа скончыцца нават штрафам. Відаць, беларускіх турыстаў, якія зрабілі здымак бібліятэкі і ЗАГСу ў Іўі, за што пасля тлумачыліся перад міліцыянтамі, не было каму папярэдзіць.

«Мясцовыя авіялініі могуць не выконваць адпаведных працэдураў па тэхнічным абслугоўванні. Дзеля вашай бяспекі, дзе гэта магчыма, вам неабходна ляцець міжнароднымі рэйсамі кампаніяў, што паходзяць не з былога СССР», – зазначаюць у брытанскім знешнепалітычным ведамстве.

З пачатку года расейцаў стала ў 10 разоў менш

Наведвальнасць нашай краіны не ўражвае.

«Для такой краіны, якая абставілася гатэлямі і якая не ведае, што з імі рабіць – гэта можа і добрая колькасць гасцей. Для той краіны, якую сёння маем, якая неўладкаваная ў плане турызму: калі турыст прыедзе ў невялікі горад, ён нават не можа там паесці. А тут яшчэ нейкія абставіны вылазяць: фатаграфаваць нельга”, – кажа галоўная рэдактарка газеты „Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік.

Вышэйзгаданых расейцаў летась да нас прыехала 113,2 тыс. чалавек. Праз эканамічныя праблемы, з якімі яны сутыкнуліся, для іх цяпер стала дорага адпачываць нават у Беларусі. Лілія Кобзік агучвае статыстыку некаторых турфірмаў: раней у першыя месяцы года ад расейскіх групаў прыходзіла па 30-40 заявак, сёлета ж яны звярталіся ў 10 разоў менш.

Да нас не спяшаюцца, затое ў Вільні мы першыя

Менск у мінулым годзе наведалі 76 151 замежнік паводле статыстыкі Белстату.

Дзякуючы Чэмпіянату свету па хакеі ў нашай краіне пабывалі на 7 тысячаў больш гасцей, чым у 2013-м.

Паспяховы прыклад таго, як прывабліваць як мага больш гасцей, зусім побач – у суседняй сталіцы Вільні. Хоць і лічаць колькасць турыстаў там інакш – вызначаюць не арганізаваныя групы, якія прывезлі турфірмы, а колькасць начлегаў, якімі скарысталіся замежныя госці. У Віленскім турыстычным інфармацыйным цэнтры Belsat.eu паведамляюць, што беларусы заставаліся на ноч часцей за ўсіх іншых – 134 219 разоў. Гэта на 13,9 % больш, калі глядзець на лічбы пазамінулага года. На другім месцы расейцы, якія начавалі 109 143 разоў. На трэцім – немцы, на шостым – брытанцы, якія, маглі б паехаць і ў Беларусь, але, магчыма, іх напужалі падказкі МЗС пра нашу краіну.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў