Царква, пра якую нашчадкі ліцвінаў даведаліся з савецкіх кніг


Пра цуды, якія адбыліся ў іхным жыцці, ды свой шлях да Бога распавялі Belsat.eu вернікі грэка-каталіцкай парафіі святога Язафата ў Лідзе.

Уніяцкая супольнасць адрадзілася ў Лідзе ў 1994 годзе. З таго часу вернікі ў гэтым горадзе маюць магчымасць маліцца па-беларуску ў візантыйскім абрадзе.

Да ўніяцтва праз беларускасць

Адзін з парафіянаў, спадар Антон Пігулеўскі, распавёў, што прыйшоў да грэка-каталіцтва, адкрыўшы сваю беларускасць. Перад гэтым 12 гадоў ён пражыў з жонкаю ў Расеі.

«Мы былі тады ніякія, абсалютна савецкія, але ў душы была нейкая прага свайго, роднага. Калі з жонкаю глядзелі прагноз надвор’я, а там казалі пра Беларусь, то ў жонкі слёзы на вочы наварочваліся, а ў мяне ком у горле рабіўся. Толькі пра тэмпературу паветра гаварылі ў нашых родных мясцінах, а мы ўжо не маглі».

Вярнуўшыся на радзіму, спадарства Пугілеўскія зацікавіліся дзейнасцю БНФ і яго лідара Зянона Пазняка. «Быў такі перыяд, што хацелася нашага, роднага. Яшчэ неяк перад развалам Савецкага Саюзу мы пайшлі на спатканне з прадстаўнікамі БНФ, якія прыехалі ў Ліду. Яны размаўлялі па-беларуску, казалі вельмі слушныя рэчы, якія недзе ў душы ў нас сядзелі. Мы захапіліся тады беларушчынай, гледзячы на патрыётаў», – згадвае спадарыня Валянціна Пігулеўская.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Разам з мужам яна пачала шукаць Бога, бо ўжо не было, як раней, моцнага ціску на рэлігію. «Паколькі хацелася свайго, то хацелася і сваёй Царквы», – кажа спадар Антон. Даведаўшыся, што ў Лідзе ствараецца Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, мужчына пачаў хадзіць туды. Пакуль будавалася святыня, набажэнствы адбываліся ў сутарэннях. З цягам часу, аднак, на супольнасць пачалі ціснуць, каб перадаць недабудаваную святыню Расейскай Праваслаўнай Царкве. «Я выступіў катэгарычна супраць, каб аддаваць царкву. Я лічыў, што царква мае быць беларускай, бо мы – беларусы», – згадвае спадар Пігулеўскі. Аднак хутка, не вытрымаўшы нервовай напругі, памёр святар-незалежнік, а святыню, якая будавалася пад ягоным кіраўніцтвам, асвяціла ўжо духавенства Маскоўскага патрыярхату. Спадар Антон жа ведаў, што ягоныя продкі па бацьку, які паходзіў з Заходняй Украіны, былі грэка-каталікамі, таму разам з жонкаю пачаў хадзіць на ўніяцкія богаслужэнні.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Адказнасць за Царкву

Гісторык Святлана Канапацкая, першая старшыня парафіяльнай супольнасці ў Лідзе, распавяла, што пра Грэка-Каталіцкую Царкву даведалася з падручнікаў у савецкай школе. «Уніяцтва паказвалі ў чорным святле, але я ўмела чытаць паміж радкоў», – адзначыла верніца.

Шукаць свой шлях да Бога, кажа спадарыня Святлана Канапацкая, яе змусіла пытанне яшчэ са школьных гадоў: «Ты якой веры – польскай ці рускай?». «Мне заўсёды гэта абурала. Я казала: «Беларускай».  – А мне ў адказ: «Няма такой веры».

Ужо ў дарослым жыцці яна паспрабавала хадзіць у каталіцкі касцёл, але там незразумелай была польская мова. Праз некаторы час даведалася, што ў Горадні працуе ўніяцкі святар з Расеі Віктар Данілаў, ды разам з групкай іншых лідчукоў пачала ездзіць туды на набажэнствы. Там упершыню спадарыня Святлана пайшла да споведзі.

Праз параду беларускамоўнага ксяндза Ігара Лашука, які служыў у Лідзе, спадарыня Святлана занялася арганізацыяй уніяцкай парафіі. «Нам трэба было першапачаткова сабраць 10 чалавек. Я ведала людзей з Заходняй Украіны, якія былі хрышчаныя ў грэка-каталіцтве. Яны пагадзіліся ўвайсці ў суполку. Сабралася інтэлігенцыя, мастакі – усяго 10 чалавек. Гэта была вясна 1994 года. Тады былі больш-менш свабодныя часы і нам дазволілі адслужыць урачыстую літургію ў музычным вучылішчы», – згадвае спадарыня Святлана. Праз некаторы час супольнасць пабудавала парафіяльны дом з капліцай, а на служэнне ў Ліду прыслалі сталага святара – айца Андрэя Буйніча.

Яшчэ адна з заснавальніц уніяцкай парафіі ў Лідзе – спадарыня Антаніна Залеская – расказала, што пошукі Бога пачаліся з адчування вострай патрэбы духоўнага і гарманічнага жыцця. «Пачала маліцца з Псалтыра, але не рэгулярна. Калі пачала маліцца, прысніўся сон: сіняе мора і белы ветразь на ім. І я на караблі некуды плыву. Тады я зразумела, што малітва вельмі патрэбная ў маім жыцці». З цягам часу яна пачала наведваць богаслужэнні ў каталіцкім касцёле, а пазней усвядоміла, што як асоба, ахрышчаная ў праваслаўі, мусіць узяць адказнасць за Уніяцкую Царкву ў Беларусі. «Я і іншыя мусілі быць адказнымі за гэтую Царкву. Можа, недзе ў іншым месцы нам было б і лягчэй, але на нас ляжала адказнасць», – заўважае спадарыня Антаніна.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Уніяцкая Царква – беларуская з каранёў

З савецкай літаратуры пра ўніяцтва даведаўся яшчэ адзін парафіянін – Тахір Халілуеў, бацька якога – маскоўскі татарын – у савецкія часы быў скіраваны на працу ў Беларусь ды ажаніўся з мясцовай дзяўчынаю. Радня з боку маці настаяла, каб малога Тахіра ахрысцілі ў праваслаўі. Бацька, хоць быў маладым камуністам і вайскоўцам, які пачынаў сваю кар’еру, асабліва не супраціўляўся.

«Я прачытаў пра грэка-каталіцтва ў напаўдэтэктыўнай, напаўмемуарнай літаратуры пра барацьбу савецкіх уладаў з антыкамуністычным супрацівам ва Украіне і Беларусі. Сярод антысаветчыкаў былі і ўніяты. Я думаў тады: якая гэта кепская Царква, якія там былі падступныя святары, што так не любілі савецкую ўладу. Нічога пра дагматыку і гісторыю я не ведаў. Мы мелі толькі тыя крыніцы, якія нам прамывалі мазгі. Праўдзівага слова мы не маглі пачуць нідзе».

Да ўніятаў жа спадар Тахір трапіў праз раду сваёй былой жонкі. «Я быў у жыццёвым крызісе. Цэлы год былая жонка гаварыла пра «ўніятаў», а я з дзяцінства ведаў гэтае слова, але ніяк не мог сабрацца, каб прыйсці. Калі прыйшоў у парафію, то адразу адчуў сябе на сваім месцы», – прызнаўся вернік.

«Грэка-Каталіцкая Царква – гэта нашая нацыянальная Царква, якая з сівой даўніны наша, з каранёў сваіх беларуская», – зазначыў спадар Тахір.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Пачала разумець больш у праваслаўнай царкве, бо хадзіла ва ўніяцкую

Яшчэ адна парафіянка Марыя Саўчанка адзначае, што яна – звычайная рабочая, якая ніколі асабліва не захаплялася беларушчынай. «Я хадзіла ў праваслаўную царкву, але нічога там не разумела. Слоў праваслаўных малітваў я не ведала, нідзе не чытала».

У 1990-ых гадах яе моцна ўразіла, што праваслаўныя святары асвячаюць зброю для вайны ў Чачэніі. «Мяне абурыла гэта ўвогуле, і я зусім перастала хадзіць. Неяк мне з мужам прапанавалі прыйсці на ўніяцкую літургію. А мне перад гэтым родзічы, што жывуць у Жыровічах, расказалі, што цяперашні праваслаўны манастыр у мястэчку некалі быў уніяцкім. Мы прыйшлі, і я засталася. А мужу перашкаджае грыгарыянскі каляндар, бо ён з дзяцінства святкуе паводле юліянскага. Яго маці была вялікай верніцай і яго прывучыла да гэтага. Калі-нікалі са мною, аднак, прыходзіць на літургію і да ўніятаў. А тут я адчула Бога, бо мы молімся, чытаем, песні спяваем. Неяк пайшла з мужам у праваслаўную царкву, і я ўжо разумела, пра што там гавораць і спяваюць. Але я адсюль гэта вынесла».

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Пра цуды

Спадар Тахір Халілуеў мяркуе, што ў цяперашні час людзі дзеляць не толькі Царкву, але і самога Хрыста. Ва Уніяцкай Царкве для яго з’ядналася як сіла каталіцтва, гэтак і праваслаўя. «Наша малітва, магчыма, праз гэта надзвычай моцная. Ёсць шмат сведчанняў, што яна мноству людзей дапамагала».

У Лідзе, да прыкладу, маліліся за клерыка Андрэя Гайдукевіча, які на апошнім курсе навучання паламаў руку, прычым пералом быў настолькі складаным, што пасля некалькіх аперацыяў хлопцу казалі, што рука будзе недзеяздольнай. Лекары правяралі адчувальнасць рукі электрамагнітнымі прыладамі, а яна зусім не рэагавала на імпульсы. «Мы ўсёй Царквой маліліся, і наша парафія ў адмысловы спосаб, і ў іншых парафіях. І рука цяпер здаровая – усё цудоўна, можна граць на музычных інструментах», – адзначае спадарыня Святлана Канапацкая. «Калі распытаць, то ў кожнага з парафіі адбыўся нейкі цуд», – кажуць вернікі.

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

Грэка-Каталіцкая, альбо Уніяцкая, Царква зрадзілася з Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года. Грэка-каталіцтва захоўвала ўсходнюю абраднасць і традыцыі, але прымала каталіцкае веравучэнне. У 1791 г. на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўніяты складалі 75 % насельніцтва. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай уніяцтва на беларускіх землях забаранілі, а вернікаў гвалтам перавялі ў праваслаўе. Былі спробы адраджэння ўніяцтва ў міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, але пасля ўваходу туды савецкіх войскаў, грэка-каталіцтва было знішчанае.

Нашчадкі ліцвінаў

Спадарыня Святлана Канапацкая таксама згадала, што ейная бабуля з-пад Турава гаварыла: «Вось там жывуць палякі, там маскалі, а мы – не яны. Цяпер нас беларусамі называць, а даўней мы былі ліцвінамі».

Спадар Тахір жа дзівіцца са свайго знаёмца: «Той памятае, як дзед яму казаў, што мы – ліцвіны. А сам падтрымлівае Расею і грэбліва кажа пра ўкраінцаў. Адкуль такое ў чалавеку бярэцца?»

Спадарыня Валянціна Пігулеўская адзначае, што царква мае вялікі ўплыў на свядомасць: «Мая старэйшая сястра цягнецца да расейцаў, бо ходзіць у расейскую царкву. У яе зусім іншае разуменне. Мы жывем нібыта па розныя бакі мяжы. Пра «Крымнаш» увогуле не можам гаварыць, бо яна мяне пачынае амаль выштурхоўваць з хаты».

«Хоць нас і перараблялі ў савецкія часы, беларускасць драмала ў нас, – дзеліцца спадар Антон Пігулеўскі. – Пазней яна абудзілася. У Савецкім Саюзе і тое было больш беларускага на радыё, тэлебачанні – нешта ў людзей адкладвалася ў галовах. А цяпер поле беларушчыны заасфальтавалі. Нічога няма. Застаецца спадзявацца, што нейкія парасткі з часам прабюцца».

Уся надзея – на моладзь, падкрэсліваюць лідскія ўніяты.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў