Бывай, прэзідэнцкая рэспубліка! Пакуль у Грузіі



У нядзелю ў апошні раз грамадзяне Грузіі будуць абіраць свайго прэзідэнта наўпроставым галасаваннем. Хутчэй за ўсё, зробяць яны гэта не ў першым туры а ў другім. Такім чынам Грузія развітваецца з постсавецкай традыцыяй. Каментуюць эксперты з Грузіі ды Арменіі.

Лік кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ў Грузіі будзе рэзаць вуха любому беларусу. Міжсобку спаборнічаюць 25 палітыкаў. Галоўнаю фаварыткаю гонкі лічацца 66-гадовая дыпламатка Салёмэ Зурабішвілі з сям’і грузінскіх эмігрантаў у Францыі ды 60-гадовы Грыгол Вашадзэ, які адначасова рэпрэзентуе і апазіцыю і рух былога прэзідэнта Міхэіла Саакашвілі.

«Гэта выбары паміж цяперашнім і будучым Грузіі. Тое, што мы маем цяпер, гэта шлях да знікнення нацыі, а пасля дзяржавы», – кажа кандыдат на прэзідэнцтва Грузіі Грыгол Вашадзэ.

«У пэўным сэнсе гэтыя выбары азначаюць канец савецкай ды постсавецкай эпохі. Мы спадзяемся на пераход Грузіі ў XXI стагоддзі, і я спадзяюся, што буду часткаю гэтага», – адзначае кандыдатка на прэзідэнцтва Грузіі Салёмэ Зурабішвілі.

Суперпрэзідэнцкія рэспублікі – гэта даніна савецкай традыцыі. Ад такой формы кіравання ўжо адмовіліся ў краінах Балтыі, Малдове, Арменіі ды часткова ва Украіне.

На фоне ўсіх палітычных зменаў, якія ідуць у Тбілісі, вага прэзідэнта тут значна зменшылася. І тым не менш канстытуцыйных паўнамоцтваў хапае, каб весці брудную палітычную кампанію, кажуць у Тбілісі.

«Па-першае, прэзідэнт можа накласці вета і аспрэчваць законапраекты. Па-другое, прэзідэнт застаецца галоўнакамандуючым і можа ўплываць на бюджэт войска», – каментуе Паата Шэшэлідзэ, прэзідэнт Новай эканамічнай школы Грузіі.

Але самае галоўнае, нядзельнае галасаванне – апошнія наўпроставыя выбары прэзідэнта ў Грузіі. З 2024 года кіраўніка краіны будуць абіраць адмысловыя выбарнікі з дэпутатаў і прадстаўнікоў мясцовых уладаў. Гэта яшчэ адзін крок Тбілісі ў бок парламенцкай рэспублікі.

«Грузія абірае прэзідэнта краіны ўсеагульным галасаваннем апошні раз. Наступныя выбары [прэзідэнта] адбудуцца ўжо ў парламенце краіны. І парламенцкая большасць зможа выбраць свайго кандыдата. Апроч таго, пасля зменаў Канстытуцыі прэзідэнт быў пазбаўлены сваіх паўнамоцтваў, і Грузія перайшла да парламенцкай мадэлі дзяржаўнага кіравання», – тлумачыць Джоні Мэлік’ян з Цэнтру рэгіянальных даследаванняў (Арменія).

Што да найбліжэйшых выбараў, эксперты ў адзін голас кажуць: абодва фаварыты гонкі, і Салёмэ Зурабішвілі, і Грыгол Вашадзэ не надта папулярныя ў выбарнікаў. Сярод крытыкі, якая гучыць у бок Зурабішвілі, – між іншага, кепскае веданне роднай мовы. Грузію яна наведала ўпершыню ў 86-м, калі ёй было ўжо 30 гадоў. Будзем абіраць паміж кепскім і дрэнным кандыдатамі, кажуць у Тбілісі.

«У выпадку перамогі Салёмэ Зурабішвілі не будзе ніякіх зменаў. У выпадку перамогі Вашадзе будзе першы, няхай і нязначны рэванш Саакашвілі. І паколькі такая імавернасць існуе, гэта можа быць істотнай падзеяй для Грузіі. У тым ліку і таму, што Саакашвілі, які ў Грузіі пад следствам і завочна пакараны, можа быць памілаваны прэзідэнтам, Грыгол Вашадзэ можа гэта зрабіць», – лічыць палітолаг Грант Мікаэльян.

Асноўныя выклікі, якія цяпер стаяць перад краінаю, – эканоміка, аднавіць давер насельніцтва да палітыкі ды адносіны з Расеяй. Цягам апошніх гадоў эканоміка Грузіі расла малымі тэмпамі, а павелічэнне даходаў насельніцтва было ўвогуле на ўзроўні нуля, кажуць адмыслоўцы. Пакуль жа на фінішы кампаніі выбарнікаў у Тбілісі кандыдаты на прэзідэнцтва спакушаюць галасаваць за сябе не толькі абяцаннямі, але і цыгарэтамі з марыхуанаю.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзі таксама
Каментары