Бывай, Паша... Успаміны пра Паўла Шарамета


Адзін з Новых гадоў пад канец 1990-ых я сустракаў з сябрамі ў цэнтры Менску. Праз акно, якое выходзіла на праспект Скарыны, мы заўважылі Паўла, які акурат некуды ішоў. Мы памахалі яму, і ён проста прыйшоў і прысеў.

І ён сядзеў там з намі добрую гадзіну, перш чым успомніў, што мусіць ісці туды, дзе яго чакалі разам сустракаць Новы год. Ён быў такім добрым госцем, які з’яўляецца без запрашэння, але ў найлепшы час…

З’явіцца там, дзе трэба і калі трэба, яму ўдавалася таксама як журналісту. А гэта ўжо падабалася некаторым значна менш. Ён, да прыкладу, у 1997 годзе як карэспандэнт расейскага тэлеканалу ОРТ зрабіў матэрыял пра «дзіркі» на мяжы Беларусі з Літвой, праз якія ішлі санкцыянаваныя ўладамі Беларусі кантрабандысцкія шляхі.

Гэта быў проста рэпартаж. У шмат разоў больш небяспечна было на дэманстрацыі апазіцыі ў Менску, калі спецназ і АМАП малаціў усіх без разбору: як дэманстрантаў, так і журналістаў.

«Патрымай мне камеру, – папрасіў мяне на адной з акцыяў Зміцер Завадскі, неразлучны аператар Паўла, які ўзлазіў на бетонную балюстраду дзеля лепшага кадру супрацьстаяння сілавікоў і дэманстрантаў. – Толькі асцярожна, камера каштуе 40 тысяч долараў»

Не ведаю, ці ён адмыслова гэтак пажартаваў, але ад вялікага ўражання я ледзь адразу ж не выпусціў камеру на зямлю.

Аляксандр Лукашэнка ніколі не разумеў жартаў. За рэпартаж пра кантрабанду Паўла і Змітра арыштавалі, абвінаваціўшы ў супрацы з замежнай выведкай. Урэшце іх асудзілі за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы. Праз заступніцтва Барыса Ельцына пакаранне было ўмоўным.

Павел неўзабаве выехаў у Расею, Зміцер застаўся ў Беларусі, але ўвесь час супрацоўнічаў са сваім калегам. Дзіма знік у 2000-ым годзе ва ўзросце 28 гадоў, неўзабаве пасля вяртання з Чачэніі, дзе ён таксама здымаў з Паўлам рэпартаж. Каго ён там спаткаў – мы не ведаем да гэтага часу, але яго схапілі і забілі былыя прадстаўнікі сілавых ведамстваў Лукашэнкі. Перад гэтыя яго, імаверна, жорстка катавалі.

Праз 16 гадоў загінуў Павел. У Кіеве, ад жудаснага выбуху, ва ўзарваным аўтамабілі. Каму ён перашкаджаў?

Мясцовым алігархам, якім абсалютна бескампрамісны журналіст мог ужо паспець перайсці дарогу? Але чаму яны забілі яго… гэтак дэманстратыўна, у стылі, які нагадвае метады расейскай мафіі ў сярэдзіне 1990-х гадоў? Нібыта нехта хацеў паказаць, як высвятляюцца адносіны сёння ў Кіеве.

Але каму? Лукашэнку, які не нікому нічога не выбачае? Нягледзячы на тое, што пасля выезду з краіны Павел гэтак жа лёгка, як ён гэта зрабіў у Беларусі, атрымаў статус медыя-зоркі, спачатку ў Расеі, ён не забываўся пра Радзіму, рэдагуючы незалежны партал «Беларускі партызан». У сваім апошнім тэксце Павел напісаў, што, дзякуючы пераезду ў Кіеў і кантактам з украінскай мовай, ён адчуў павагу да роднай беларушчыны, якою некалі ў духу сталічнага касмапалітызму проста пагарджаў.

Але, магчыма, усё было яшчэ больш жорсткае ў сваёй прастаце. Павел Шарамет менавіта таму выехаў з Беларусі ў Расею дзеля таго, каб, карыстаючыся большай свабодай слова, больш эфектыўна змагацца з дыктатурай у Беларусі і недэмакратычнымі праявамі на новай радзіме. Пазней, калі дыктатура прыйшла ў Расею, ён выбраў месца, дзе мог бы таксама змагацца з ёй, перабраўшыся ва Украіну.

Таму смерць журналіста ў цэнтры Кіева можа быць яшчэ больш ясным сігналам, чымся забойства пад сценамі Крамля Барыса Нямцова – які, да таго ж, быў сябрам Паўла Шарамета.

Калі след вядзе ў Маскву, то гэта азначае толькі адно: у Кіеве не можа пачувацца бяспечным нават той, хто збягае з пуцінскай Расеі і спрабуе ва Украіне ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці, выкрываючы ліхадзействы валадароў Крамля. А тое, што Шарамет быў беларусам? Хай апраўдваецца Лукашэнка.

Недзе каля года таму ў мяне была сварка з Паўлам, які апублікаваў на «Беларускім партызане» відэа «Белсату», не паведаміўшы пра аўтарства матэрыялу. Ён адказаў мне, каб я не чапляўся, бо нібыта мы самі не робім лепш. Так мы дражнілі адзін аднаго.

Разуменне таго, што ўсё гэта было настолькі пустое і малаважнае, як заўсёды прыходзіць занадта позна. Бывай, Паша!

Цэзары Галіньскі, belsat.eu

Аўтар у 1991–2002 гады быў карэспандэнтам у Беларусі польскіх выданняў: «Gazeta Wyborcza», радыё «RMF FM», польская рэдакцыя радыё «Свабодная Еўропа» і рэдакцыя «Бі-Бі-Сі» па-польску.

Стужка навінаў