«Бывае памыешся, дык адразу прышчы вылазяць». Жыхары Радзівонішак 4 гады дамагаюцца чыстай вады


Жыхары вёскі Радзівонішкі Лідскага раёну амаль 4 гады перабіваюцца без вады, бо той, якая выцякае з крана, карыстацца страшна. Мясцовыя не наважваюцца ёю нават паліваць агарод і мыць вопратку.

У вёсцы Радзівонішкі на вуліцы Маладзёжнай дамы стаяць каля самай ваданапорнай вежы, аднак толку ад яе мала: амаль чатыры гады жыхары прывозяць ваду з іншых вёсак або просяць у суседзяў, якія маюць калодзежы. Спадарыня Ала адмыслова наліла крыху вады ў кубак.

«Вось, панюхайце», – працягнула посуд жанчына, дзе вада вельмі востра пахне жалезам. – «Прыязджалі з санстанцыі, сказалі, што норма жалеза перавышана ў 17 разоў!»

Узровень жалеза ў вадзе перавышае норму ў некалькі разоў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У вёсцы Радзівонішкі тры з паловай гады назад сапсавалася воданапорная вежа. Aднак пасля рамонту вадой карыстацца стала ўвогуле не магчыма.

«Мы не карыстаемся гэтай вадой. Яна ж брудная, тлустая і смярдзючая. Яе не толькі піць нельга, нельга памыцца або вопратку пасціраць. Сын, калі памыўся, то ўсяго высыпала, усё свярбела. У нас жа дзеці малыя. Тут 14 сем’яў жыве, і ў кожнага малыя дзеці. Ваду прывозім з суседняй вёскі Мажэйкава. Зяць ездзіць, 20 вялікіх бутэлек набірае, каб ужо на тыдзень хапіла», – кажа спадарыня Ала.

«Вада настолькі дрэнная, што псуе нават тэхніку. Імбрык ужо адзін сапсаваны. Пральную машыну ўжо выкінулі адну, другая таксама ўжо не працуе», – дадае дачка Вікторыя.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Вось Віталіку трэба мыцца кожны дзень, на дзеўкі хадзіць і няма ў чым», – знаёміць нас з суседам спадарыня Ала.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Віталь нядаўна вярнуўся з войска, уладкаваўся на працу ў калгас, аднак, каб нармальна памыцца пасля цяжкай працы вымушаны ездзіць да знаёмых у Ліду. Хлопец правёў нас у ванны пакой, дзе ракавіны і ванну зжырае іржа.

Вада, якая цячэ з крана знішчае ракавіны, ванну і прыльныя машыны. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Немагчыма. Бывае, памыешся, дык адразу прышчы вылазяць», – кажа Віталій.

«Страшна нават агарод паліць, – дадае спадарыня Ала. – Калі нальеш у бочку, пена адразу з’яўляецца. Дождж пройдзе – вада чысцюткая празрыстая. Таму дажджавой паліваем. Нават дажджавой часам і галаву памыю».

Жыхар вуліцы Маладзёжная ідзе да суседзяў на іншай вуліцы набраць вады ў калодзежы.
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Вопратку, калі светлую сціраеш, то ўся аранжавая становіцца, – падыходзіць спадарыня Вера, жыхарка чарговага дома па вуліцы Маладзёжнай. – Да мяне дзеці прыехалі на лета, і як тут быць? Ходзім да суседзяў, у каго калодзеж ёсць, просім па чарзе. Вунь бачыце, Віталік з вёдрамі пайшоў. Так і жывём. У мяне ўся плітка ў ванна пачала псавацца, іржой пайшла. Столькі той кіслаты выліваем, што ўжо эмаль сцерлася, а ад іржы не выратавацца ніяк».

Жыхар вуліцы Маладзёжная ідзе да суседзяў на іншай вуліцы набраць вады ў калодзежы.
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

На вуліцы Маладзёжнай 7 дамоў, пабудаваных на 14 семʼяў. Дамы пабудавалі для працаўнікоў мясцовага калгаса «Мажэйкава». Як сцвярджаюць жыхары Радзівонішак, кіраўніцтва калгаса рамантаваць воданапорную вежу не спяшаецца, а на скаргі ўжо 4 гады адказвае, што няма сродкаў на рамонт.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў