«Быў нават падпалкоўнік». Больш за 1000 сілавікоў звярнуліся па дапамогу валанцёраў


Чалавеку выплачваюць пад’ёмныя, а ў выпадку пагрозы дапамагаюць з’ехаць за мяжу і перавучыцца.

З пачатку дэананімізацыі сілавікоў у Фонд BySol звярнулася больш за 1000 чалавек. Паступаюць запыты ад вайскоўцаў з розных структур і пасад.

Як распавёў Belsat.eu заснавальнік фонду BySol Яраслаў Ліхачэўскі, заявак зараз вельмі шмат:

«На мяне проста сыплюцца паведамленні. З пачатку дэананімізацыі агулам звярнуліся больш за тысячу чалавек. Але гэтыя звароты яшчэ трэба правяраць. Бо сярод іх можа быць спам ці тыя, хто не звольніўся, а проста хоча, каб мы выключылі іх з базы. Зараз 108 з іх прайшлі першы этап верыфікацыі. Да нас звяртаюцца людзі з МНС, з унутраных войскаў, з пракуратуры, участковыя, быў нават падпалкоўнік».

Яраслаў Ліхачэўскі.
Фота: асабісты архіў

«Я не магу сказаць, ці звяртаюцца да нас людзі, якія рабілі злачынствы. У нас пакуль няма ніводнага пацверджанага кейсу. Таму, калі нехта мае інфармацыю пра злачынствы канкрэтных людзей, я заахвочваю падзяліцца з намі», – паведаміў Ліхачэўскі.

Менск, Светлагорск, Берасце, Горадня, Наваполацк – пішуць з розных гарадоў. Дапамога ад BySol сілавікам не адрозніваецца ад таго, як дапамагаюць іншым людзям, якія згубілі працу праз палітычныя акалічнасці: ім таксама выплочваецца 1 500 еўра «падʼёмных», калі чалавеку пагражае небяспека, яму дапамагаюць выехаць за мяжу, а калі ён мае жаданне памяняць прафесію – дапамагаюць у перакваліфікацыі.

«У нас шчыльныя сувязі з рознымі праектамі. З перападрыхтоўкай дапамагае ByHelp, базай дадзеных займаецца «Чорная кніга Беларусі» і «Дэанон». Калі да іх звяртаецца чалавек, каб яго выключылі са спіса, яму распавядаюць пра нас. Але не кожнаму патрэбна дапамога і падтрымка, – падкрэсліў Ліхачэўскі. – Я думаю, што хваля будзе расці. Выклалі першую тысячу ўсіх і тысячу берасцейскіх. «Дэанон» добра працуе. Таму, чым больш будуць «дэаноніць», тым больш да нас будзе зваротаў. Пасля таго, як 1000 апублікалі [злітыя дадзеныя сілавікоў. – Belsat.eu], да нас прыйшлі 200 – гэта прыгожа гучыць, але гэта не 200 з тысячы, а 200 з усіх сілавікоў».

Марыя Грыц Belsat.eu

Стужка навінаў