«Быццам бы незалежны»: эксперт пра стварэнне новага эканамічнага суда


Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёю Вярхоўнага Суда Валянцінам Сукалам стала вядома, што ў Беларусі плануюць стварыць незалежны эканамічны суд, піша БелТА. Чаму гэта немагчыма зрабіць без дэцэнтралізацыі ўлады, belsat.eu патлумачыў эканаміст Яраслаў Раманчук.

У Беларусі створаць адзіны эканамічны апеляцыйны суд, які будзе размяшчацца ў Менску і разглядаць усе апеляцыі па эканамічных справах. Як распавёў Валянцін Сукала, там будуць працаваць каля 20 найбольш дасведчаных суддзяў, якія дагэтуль працавалі ў абласных эканамічных судах. Перавод інстанцыі ў сталіцу абгрунтаваны тым, што, паводле статыстыкі, прыкладна 75% апеляцыйных скаргаў разглядаюцца ў Менску і Менскай вобласці.

Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка і старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала. Фота http://president.gov.by

Стварэнне такога суду, на думку Сукалы, «павысіць якасць разгляду эканамічных спрэчак і дазволіць завяршаць правасуддзе на апеляцыйнай стадыі».

Новы суд ствараецца на базе існуючых плошчаў і штатнай колькасці судовай сістэмы, без дадатковых выдаткаў. Размяшчацца ён будзе, хутчэй за ўсё, у будынку, дзе цяпер працуюць суды Першамайскага і Савецкага раёнаў Менску, а яны ў наступным годзе пераедуць у новы будынак.

Belsat.eu запытаў у эканаміста Яраслава Раманчука, наколькі эфектыўны падобны захад.

Яраслаў Раманчук. Фота belsat.eu

«Незалежны суд немагчыма стварыць у краіне, якая не мае базавага раздзялення ўладаў, у сітуацыі, калі аўтарытарная ўлада прызначае і суддзяў, і дэпутатаў. Няма дэцэнтралізацыі – гаворка толькі пра тое, каб стварыць гэты суд пад крылом Вярхоўнага суду на чале з чалавекам, які амаль 30 гадоў забяспечвае функцыянаванне сістэмы. Думаць, што такім чынам узнікне нешта незалежнае – гэтак як думаць, што лепшым сябрам кураў будзе воўк», – мяркуе Раманчук.

На думку эксперта, кіраўніка дзяржавы задавальняе тое, што чынавенства негатовае прапанаваць рэальныя змены, у тым ліку ў судовай сістэме.

«У выніку атрымаецца быццам бы незалежны суд, які будзе незалежным толькі ў плане асобнага рахунку, а распараджэнні будзе атрымліваць з той жа, адзінай крыніцы. Крыніца не змяняецца, і сітуацыя не зменіцца, пакуль цэнтр не зразумее, што праблема менавіта ў гэтым – улады клапоцяцца выключна пра тых, хто мае ў руках 22 мільярды рублёў бюджэту, прызначанага для органаў дзяржкіравання», – рэзюмуе Яраслаў Раманчук.

КА belsat.eu

Стужка навінаў