BYSOL: «Нашая галоўная задача – падтрымаць, а не вымыць моладзь з Беларусі»


Фонд салідарнасці абвесціў, што падтрымае адлічаных студэнтаў грашыма і дапаможа ўладкавацца ў замежныя ВНУ і каледжы для працягу навучання. За содні ў BYSOL звярнуліся 30 студэнтаў.

Фонд салідарнасці фінансава падтрымае студэнтаў, адлічаных з універсітэтаў праз сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Гэтая сума прывязаная да сярэдняй стыпендыі па краіне. Кожнаму адлічанаму па палітычных прычынах студэнту мы выплацім 200 еўра – гэта прыкладна стыпендыя за 4 месяцы», – распавёў сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак.

На акцыю салідарнасці выйшлі студэнты і выкладчыкі БНТУ. 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat

Паводле ягоных словаў, новы кірунак дзейнасці BYSOL не запаволіць выплатаў для тых, хто звяртаецца туды праз страту працы: «Мы не падвышаем нагрузку на верыфікатараў фонду, якія працуюць цяпер, а вылучаем асобную групу, што будзе працаваць толькі са студэнтамі. Мы будзем намагацца рабіць гэтыя выплаты яшчэ хутчэй».

Акрамя фінансавага падтрымання фонд таксама абяцае дапамагчы маладзёнам працягнуць навучанне. Цяпер гатовыя прыняць новых навучэнцаў Віленскі ўніверсітэт, ЕГУ, універсітэты ў Латвіі і Славаччыне, а таксама аднавілася польская праграма Каліноўскага. Ідуць перамовы і з ВНУ паўночных краін ЕЗ.

На акцыю салідарнасці выйшлі студэнты і выкладчыкі БНТУ. 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat

«Мы памятаем 2006 і 2010 гады, калі ў Беларусі былі моцныя рэпрэсіі супраць маладых людзей і шмат хто з’ехаў з краіны вучыцца і далучыўся да нашай дыяспары за мяжой, якая шмат што зараз робіць, каб падтрымаць суайчыннікаў. Але так ці іначай гэтыя людзі не вярнуліся ў Беларусь», падкрэсліў Стрыжак. – «Нашая галоўная задача – падтрымаць, а не вымыць людзей з краіны, перанёсшы іх кудысьці, пакінуць іх удома. У 21-м стагоддзі ёсць усе неабходныя ўмовы для дыстанцыйнага навучання, тым больш праз пандэмію шмат якія ўстановы перайшлі ці пераходзяць на онлайнавае выкладанне. Таму, калі чалавеку не пагражае крымінальная справа, яму няма ніякага сэнсу ехаць у тую ж Вільню і сядзець там у інтэрнаце, калі онлайнава ён можа навучацца і з дому. Хаця гэта патрабуе большай самаарганізацыі, вядома».

Як студэнтаў будуць прымаць ВНУ – залежыць ад спецыяльнасці і ўстановы, дзе чалавек вырашыць працягнуць навучанне.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасці 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat.eu

Перад тым, як аказаць дапамогу, чалавека, які звярнуўся ў фонд, правяраюць. «Мы працуем не толькі праз уласную форму, але і праз нашых партнёраў. У нас ёсць вельмі важны момант верыфікацыі – праверка, што чалавек, які звярнуўся да нас, пацярпеў і быў адлічаны менавіта праз сваю палітычную актыўнасць. Бо наша праграма – гэта не інструмент для любога ахвочага з’ехаць за мяжу. Зараз у нас 30 зваротаў», – патлумачыў сузаснавальнік фонду.

Андрэй Стрыжак падкрэсліў, што гэта ўсё робіцца для таго, каб студэнты не адчувалі сябе пакінутымі: «Мы цалкам падтрымліваем усіх студэнтаў, якія зараз выходзяць на пратэсты. Каб яны разумелі, што за імі вялікая грамада, якая падтрымлівае іх. І ад таго, наколькі мы ўсе зараз будзем актыўныя, залежыць, як хутка Беларусь стане дэмакратычнай дзяржавай».

Hавiны
«Віншую, вас адлічылі». У Беларусі масава выганяюць студэнтаў з ВНУ
2020.10.29 17:39
  • Ад 28 кастрычніка ў беларускіх універсітэтах пачалася масавая хваля адлічэнняў. Яны закранулі студэнтаў у самых розных універсітэтах па ўсёй краіне. Вядома пра 18 адлічаных студэнтаў БДУКМ, 20 адлічаных студэнтаў БДМУ і 9 навучэнцаў БрДТУ. Таксама адлічэнні працягваюцца ў БНТУ, ГрДУ, БДУІРы і іншых універсітэтах.
  • Але некаторыя выкладчыкі адмовіліся адлічваць студэнтаў на загад Лукашэнкі. Сярод іх – дэкан факультэту камп’ютарных сістэмаў і сетак Марына Лукашэвіч. Яна напісала заяву на звальненне па ўласным жаданні.
  • Таксама адмовіліся падпісваць загад аб адлічэнні сваіх студэнтаў Алена Бохан, прарэктар па вучэбнай працы БДАМ. Яна заявіла, што яна супраць адлічэнняў за выказванне сваёй пазіцыі.
  • Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам, у якім падкрэсліла, што ганарыцца беларускімі студэнтамі. У заяве яна адзначыла, што адлічаныя студэнты здолеюць працягнуць навучанне за мяжою.
  • Стыпендыяльная праграма Каліноўскага, якая дапамагае вучыцца ў Польшчы, абвясціла пра дадатковыя тысячу месцаў для беларусаў, ЕГУ – 500 месцаў. Таксама стыпендыямі беларусаў падтрымалі чэшскія, славацкія, славенскія вучэльні.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў