Былы вязень Аўшвіц: Пад канец вайны я важыў 32 кілаграмы. Мяса з дзяснаў цалкам адпала


Пра гэтае жудаснае месца кожны чуў у жыцці хаця б раз. Баракі, печы, газ… Лагер смерці Аўшвіц. Месца, якое назаўсёды засталося выгаралай плямай на зямлі ды чорнай – у памяці ўсяго чалавецтва. Мар’ян Турскі– былы вязень Аўшвіц, які перажыў два маршы смерці – падзяліўся сваімі ўспамінамі ў эксклюзіўным інтэрвю для «Белсат».

Мой апошні дзень у лагеры быў 18-га студзеня. Адчуваўся ўжо пэўны непакой сярод немцаў, відавочна, праз наступ савецкага войска. Нечакана ў той дзень нам абвесцілі, што ўсіх будуць эвакуяваць. У нашай калоне было 600 асобаў, і нам усім раздалі па дзве лусты хлеба – гэтак я памятаў. Мой жа сябар сцвярджаў, што ўсяго па адной. Усе адразу іх з’елі, але ня ведалі, што наступнае падсілкаванне будзе толькі праз 6 з паловаю дзён. Гэтак распачаўся мой Марш смерці, які ў той час называўся эвакуацыяй. Спачатку маршыравалі 49 км ад Асвенціма да мястэчка Владзіслаў з прыпынкам у Жарах – тады горад называўся Зораў.

Была выключна халодная зіма, мінус 20. Калі мы дабраліся ва чыгуначнага вузла, дзе нас пагрузілі ў таварныя вагоны, ужо памерлі 170 чалавек. Бо той, хто затрымліваўся хаця б на хвіліну, адразу атрымоўваў стрэл у патыліцу. Несумненна, ня толькі таму, што наглядчыкі – эсэсаўцы і звычайныя жаўнеры – былі жорсткія. У той момант іх апанаваў страх – расейцы наступалі на пяткі.

Як мага хутчэй, яны хацелі ўцякаць. А перадусім ня быць разам з вязнямі, бо мы былі доказам іхнага злачынства. Яны вельмі гэтага баяліся. А таму кожны, хто затрымліваў, быў клопатам. Ужо на станцыі ў Владзіславе нас рассадзілі па 120 чалавек у адкрыты вагон. Я за час вайны перажыў некалькі такіх транспартаванняў. Але гэтак цесна ніколі не было. Ішоў снег, і мо гэта было да лепшага, бо можна было глытаць яго.

А ці размаўлялі вы міжсобку ў гэтых вагонах? Ці ведалі, што будзе далей і куды вас вязуць?

Не, не. Усе маўчалі. Але нехта, відаць, з немцаў згадаў, што мы паедзем у іншы лагер. І, хутчэй за ўсё, у Бухэнвальд. Магу расказаць тое, што дакладна памятаю. Ехалі мы літаральна тры з паловаю дні, уначы і ў цісканіне. Чаму гэтак было? Часта нас адстаўлялі на бакавыя каляіны. Бо галоўныя былі патрэбныя, каб прапусціць нямецкіх жаўнераў на фронт. Тыя ехалі на ўсход, а мы – на захад.

Калі мы трапілі ў Бухэнвальд, у маім вагоне са 120 нас засталося 36. У астатніх, думаю, было прыблізна тое самае.

Можа, на 5 менш, можа, на 2 больш. Цяжка сказаць. Але калі пытаецеся, чаму гэта назвалі маршам смерці, – вось вам і адказ.

Адкуль вы чэрпалі сілы, каб выжыць? Была надзея?

Мяне часта запытваюць: як я змог выжыць? Па-першае, каб быць больш дакладным, варта сказаць, што я ледзь не памёр. Набліжаўся канец вайны, і мне выпаў прывілей перажыць яшчэ і другі Марш смерці – з Бухэнвальду, 8 красавіка. Працягвалася гэта прыкладна 14 дзён, мы мусілі трапіць да Тэрэзіна – гэта недалёка, прыкладна 200 км. Але набліжалася расейскае войска, а таму мы хадзілі зігзагамі ды зрабілі кіламетраў 400. Такі безнадзейны маршрут. Не буду пра яго распавядаць.

Але скажу толькі пра наступствы: пад канец вайны важыў 32 кілаграмы. Але нават не гэта было самае горшае. Мяса з дзяснаў цалкам адпала, цынга ды іншае. А да ўсяго гэтага мой арганізм заатакаваў сыпны тыф. Падчас маршу ніколі не мыліся: тысячы, мільёны вошай. А таму, калі пытаюцца, ці выжыў, я адказваю, што амаль. Той факт, што я застаўся жывы, – проста цуд прыроды.

Гэтак, прынамсі, сцвярджаў прафесар з Прагі, які мяне абследаваў. Паводле яго, тыф забіў усе іншыя хваробы, якія мусілі мяне знішчыць. Тыф мусіў мяне дабіць, але казаўся дабрадзейным. Хаця, вядома, яшчэ шмат часу я вяртаўся да здаровага стану. Былі моманты, калі ня верыў, што выжыву. Але калі бачыў страх у вачах немцаў, то быў так задаволены, што ўсё астатняе было няважна. Памятаю, як у дзень, калі немцы ўжо збеглі, а расейцы яшчэ не ўвайшлі, людзі пачалі шукаць па крамах што-небудзь для сябе. І мой сябар, ён быў здаравейшы за мяне, прынёс баначку джэму. А я меў такі стан апатыі, што ўжо нічога не хацелася.

А быў дзень, калі вы адчулі сябе ўрэшце шчаслівым? Вайна скончылася і?

Так, быў такі дзень. Тады я расплакаўся ад радасці! Гэты было, калі я ўпершыню саскочыў з услону, які быў усяго 10 сантыметраў увышыню, на падлогу і зразумеў, што я ў стане гэта зрабіць. У палявым шпіталі ў Тэрэзіне доўгі час я ня мог прастаяць на нагах нават і 5-ці хвілінаў. А тут адчуў, што ўсё ж маю сілы яшчэ на штосьці.

Калі вы адчулі, што можаце ці нават жадаеце наведаць Асвенцім?

Праз 20 гадоў я вярнуўся ў Асвенцім. У 1945-м –1965-м мяне закранула амнезія. Я памятаў толькі некаторыя эпізоды – першы дзень у лагеры. Гэтага немагчыма забыць: і гэтае полымя з печаў, і першыя ўражанні, і што будзе далей. Жыццё штодзённае сцерлася, нават ня згадваў нашых пакутаў. Толькі праз 20 гадоў вырашыў туды паехаць, памяць пачала вяртацца і мая цікавасць. Доўгі час як прафесійны гісторык я пісаў працы, дысертацыі ды кнігі на іншыя тэмы. Але ў 60-я акурат пачаў займацца і тэмаю Галакосту ды Асвенціму.

Ці можна лічыць, што вы адчуваеце пэўную дыстанцыяванасць да гэтага месца?

З аднаго боку, я набраў дыстанцыю да тэмы, з другога – не. Дыстанцыя была таму, што прайшло шмат гадоў, змяніўся пейзаж: баракі спалілі, і засталіся толькі самі печкі. Да таго ж я ўжо быў прафесійным гісторыкам і падыходзіў да гэтага, як да крыніцы інфармацыі. Але… ці я калі-небудзь змог бы адарваць сябе ад месца, дзе атруцілі газам маіх бацьку і брата?

Ці можна ад гэтага дыстанцыявацца? Калі праходзіш там і пракручваеш свае ўспаміны, ці можаш на тое глядзець здалёк? Гэта немагчыма…

Гісторыя паўтараецца часта. Хіба можна дапусціць, каб такія падзеі яшчэ ня раз перажыло чалавецтва?

А ці не паўтарылася падобнае ўжо ў Камбоджы, ва Угандзе, Нігерыі ды ў іншых месцах? Калі былі хунты ў розных краінах? Мушу прызнацца, што як гісторык вельмі часта над гэтым задумваюся. Ці гэтак здараецца, бо гэта іншыя кантыненты, іншы досвед? І адказваю сабе: а Срэбрэныца? А Балканы?

З Мар’янам Турскім размаўляла Вольга Саўле, belsat.eu

Стужка навінаў