Былы топ-чыноўнік Нацбанку распавёў, як пагарэў на хабарах


У судовым працэсе супраць Андрэя Уцюрына старшыня праўлення Беларускага міжбанкавага разліковага цэнтру Фелікс Каспяровіч распавёў цікавыя падрабязнасці свайго арышту ў снежні 2018 года.

Раней Фелікс Каспяровіч, старшыня ўпраўлення Беларускага міжбанкавага разліковага цэнтру, распавядаў, што з 2007 года браў адкаты ад прадстаўнікоў камерцыйных структураў за заключэнне дамоваў на пастаўкі банкаўскага праграмна-тэхнічнага забеспячэння. Звычайна грошы ён дзяліў з Андрэем Падгорным (намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогіяў Нацбанка) яны з 2000-х разам працавалі ў Нацбанку. Адной з кампаніяў, якая рэгулярна давала хабары банкаўскім чыноўнікам, была ТАА «Мабільны сэрвіс». Паводле следства, кіраўнік гэтай фірмы Уладзімір Жылін агулам передаў Каспяровічу і Падгорнаму каля $ 500 тысяч. 29 снежня 2018 года падчас атрымання чарговага хабару ад «Мабільнага сэрвісу» Каспяровіча арыштавалі.

Фелікс Каспяровіч. Фота са старонкі Facebook

На паседжанні 13 сакавіка Каспяровіч распавёў цікавыя падрабязнасці свайго затрымання. Паводле былога чыноўніка Нацбанку, за чатыры месяца да арышту ён сустрэўся з прадстаўніцай «Мабільнага сэрвісу» Турчыной (звычайна менавіта гэтая жанчына перадавала яму грошы ад Жыліна). Каспяровіч, які ў канцы 2017 года перайшоў на працу ў Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр (БМРЦ), патлумачыў Турчыной, што іх звычайны парадак працы (адкаты за кантракты Нацбанку) цяпер ужо неактуальны і прапанаваў прыпыніць стасункі. Аднак у снежні Турчына раптоўна пачала «бамбаваць» Каспяровіча прапановамі «закрыць папярэдні перыяд» – то бок перадаць яшчэ адзін хабар за папярэднія паслугі.

Каспяровіч спачатку не хацеў браць грошы.

«Прайшлі і прайшлі [гэты перыяд. – Belsat.eu]. Заробкі цяпер нармальныя, навошта да гэтага вяртацца», – тлумачыў на судзе хаду сваіх думак Каспяровіч.

Аднак Турчына настойвала. Жанчына нават прыйшла на працу да Каспяровіча і напісала яму запіску: маўляў, яна хоча сустрэцца і даць яму грошы. Каспяровіч нарэшце пагадзіўся. «У выніку я тут», – канстатаваў ён на судзе.

Hавiны
Былы кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта прызнаў віну. Падрабязнасці справы Уцюрына
2020.03.11 12:43

29 снежня 2018 года Турчына пад’ехала на ўласным аўтамабілі да дому Каспяровіча. Прадстаўніца «Мабільнага сэрвісу» хацела адразу побач з домам перадаць грошы, але кіраўнік БМРЦ адмовіўся і папрасіў падвезці яго да бацькоў. Калі яны пад’ехалі да дому бацькоў Каспяровіча, Турчына перадала яму дзве празрыстыя пачкі з грашыма (з $ 10 тысячамі ў кожнай). Чыноўнік паклаў грошы ў заплечнік і падняўся ў кватэру бацькоў. У гэты момант яму патэлефанавала Турчына і папрасіла зноў выйсці на вуліцу, бо хацела яшчэ нешта сказаць. Калі Каспяровіч выйшаў на вуліцу, яго затрымалі працаўнікі КДБ.

Самой Турчыной сярод абвінавачаных няма. Нагадаем, у снежні 2018 года таксама былі арыштаваныя кіраўнік «Мабільнага сэрвісу» Уладзімір Жылін і топ-менеджар Аляксандр Броўка.

Што датычна Каспяровіча, то ён адразу пасля арышту напісаў яўку з павіннай на імя старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, актыўна даваў паказанні на іншых фігурантаў справы, а потым заключыў дасудовае пагадненне. Дасудовае пагадненне заключыў і ягоны саўдзельнік Андрэй Падгорны. Каспяровіча і Падгорнага вінавацяць у тым, што, пачынаючы з 2007 года яны набралі адкатаў ад розных камерцыйных структураў на агульную суму ў больш чым $ 860 тысяч.

Грошы з хабараў Каспяровіч адразу пераводзіў у банкаўскія аблігацыі. На момант арышту ў яго было аблігацыі на суму 377 тысяч долараў. На паседжанні суду 13 сакавіка прадстаўнікі пракуратуры таксама агучылі інфармацыю пра маёмасць банкаўскага чыноўніка: ён меў дзве кватэры, лецішча, аўтамабіль і гараж (яшчэ дзве кватэры і аўтамабіль былі зарэгістраваныя на жонку). Пры гэтым свае кватэры Каспяровіч купляў за кошт крэдытаў, прычым часам ільготных. Напрыклад, у 2000-х самы першы крэдыт ён атрымаў пад 5 % як чалавек, «які жыве ў нястачы».

Hавiны
Першы дзень судовага працэсу па справе Уцюрына. Галоўнае
2020.03.10 18:51

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў