Былы працаўнік пракуратуры: улада імкнулася справакаваць масавыя закалоты


Былы працаўнік Менскай гарадской пракуратуры Уладзімір Іваноў звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з патрабаваннем расследаваць факты гэтак званай незабойчай зброі супраць мірнага насельніцтва. Чаму склаў зварот і што агулам думае пра беспрэцэдэнтны палітычны канфлікт грамадзянаў з уладамі, распавёў журналістцы «Белсату» Любові Лунёвай.

Любоў Лунёва: Якія асноўныя абвінавачванні маеце ў дачыненні міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева і ягоных падначаленых?

Уладзімір Іваноў: Я мяркую, што 9-11 жніўня ў спецпадраздзяленняў МУС не было падставаў ужывання сродкаў масавага незабойчага ўздзеяння на грамадзянаў. Там не было масавых беспарадкаў. Людзі былі абураныя вынікамі галасавання, людзі выйшлі бяззбройныя, без якіх-кольвек сцягоў. Людзі былі абураныя вынікамі апублікаваных дадзеных галасавання. Падставаў для ўжывання сродкаў масавага ўздзеяння не было. У выніку ўжывання сродкаў масавага ўздзеяння раненні, у тым ліку пранікальныя, атрымалі больш за 100 чалавек.

На станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Тое, што сродкі выкарыстоўвалі і 9-га, і 10-га, і 11-га гаворыць пра тое, што гэта было ўказанне кіраўніцтва. Калі б гэтага не было, то 10-га ўнутраныя войскі, АМАП скончылі б ужыванне гранатаў, куляў і перасталі б страляць. Аднак, гэтая страляніна працягвалася. Фактычна, улады імкнуліся справакаваць масавыя беспарадкі, імкнуліся ўчыніць у краіне Майдан.

– Мы ведаем, што праз факт арганізацыі масавых беспарадкаў распачалі дзясяткі крымінальных справаў. Вы былі ў складзе следчай групы яшчэ за саветамі ў Сумгаіце ў 88-ым годзе. Тады ўпершыню прагучала гэтае паняцце «масавыя беспарадкі». Ці можна параўнаць тое, што тады адбывалася, з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі?

Гэтыя сітуацыі параўноўваць у прынцыпе немагчыма. Але, калі шукаць нешта агульнае, то ні там, ні тут не было ніякага вонкавага ці ўнутранага кіраўніка, ніякай арганізацыі пратэстаў. Там не знайшлі арганізатараў, і тут ніхто не знойдзе арганізатараў.

– Ці магчымае ў Беларусі расследаванне нейкаю міжнароднаю следчай групай, ці незалежнае ўнутранае расследаванне пры дзейных уладах і дзейнай сістэме следства, пракуратуры, міліцыі?

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Пытанне складанае. Я спадзяюся, што ў праваахоўных органах яшчэ ёсць цвярозыя, сумленныя людзі, якія будуць расследаваць кожны факт гвалту супраць мірных грамадзянаў, якія выказвалі сваё меркаванне. І не заслугоўвалі таго, каб іх прыніжалі, з іх здзекаваліся, іх збівалі.

– Упершыню светлошумавыя гранаты выкарыстоўвалі падчас дэманстрацыі на праспекце Дзяржынскага ў 2006 годзе, калі людзі ішлі на Акрэсціна выказаць сваю салідарнасць з палітвязнямі. Але цяпер ужытыя былі і іншыя сродкі, пасля якіх людзі былі папросту ў шокавым стане. Што гэта?

З боку МУС масава была ўжытая зброя. Агнястрэльныя раненні атрымалі больш за 100 асобаў. Гэта недазваляльнае. Былі парушаныя ўсе інструкцыі аб парадку ўжывання сродкаў незабойчага ўдзеяння. Міністр Караеў – першы міністр, які адказны за такое масавае ўжыванне агнястрэльнай зброі супраць дэманстрантаў.

Кіраўнік МУС Караеў, які аддаваў загады 10-13 жніўня 2020 года. Скрыншот з відэа на president.gov.by

– Калі б у нашай краіне дзейнічалі заканадаўчыя акты, якія ў нас існуюць пакуль толькі на паперы, то якія б былі наступствы для міністра Караева і падначаленых яму сілавікоў?

Спачатку трэба завесці крымінальную справу і расследаваць усе факты перавышэння службовых паўнамоцтваў, нанясення цялесных пашкоджанняў, вызначыць, хто даваў гэтыя каманды. А там ужо будзем глядзець!

Любоў Лунёва, Belsat.eu

Стужка навінаў