Былы следчы і міліцыянт – пра нестыкоўкі ў версіі аб самагубстве інспектара ДАІ


18 траўня 2019 года. Міліцыянты і жыхары Магілёва на пляцоўцы перад Абласной філармоніяй падчас развітання з Яўгенам Патаповічам. Фота – Дар’я Чульцова/«Белсат»

Пракаментаваць новую версію следчых у справе смерці Яўгена Патаповіча «Белсат» папрасіў былога следчага пракуратуры і падпалкоўніка міліцыі ў запасе.

Былы следчы пракуратуры Фрунзенскага раёну Менску Алег Волчак звяртае ўвагу на блытаніну ў афіцыйнай версіі следства.

«Спачатку яны кажуць, што ён пры выкананні службовых абавязкаў выехаў на ДТЗ, потым усё мяняецца: на нейкай спадарожнай машыне ён едзе рабіць суіцыд. Адзеў кайданкі, зняў штаны – і сышоў з жыцця. Калі меркаваць па каментарах у сацыяльных сетках, у афіцыйную версію не вераць нават 1 %», – кажа Волчак.

Паводле адмыслоўцы, самагубства міліцыянта выглядае вельмі складана:

«З маёй следчай практыкі ў пракуратуры магу сказаць, што суіцыды – простыя: застрэліўся, скінуўся з гаўбца і гэтак далей. Мне даводзілася расследаваць такія справы. Звычайна самазабойцы доўга рыхтуюцца, яны хвалююцца і таму не могуць рабіць складаных камбінацыяў».

Hавiны
Следчы камітэт патлумачыў, чаму загінулы міліцыянт не меў штаноў
2019.05.20 14:25

Эксперт заўважае, што суіцыды ў Беларусі часта становяцца дэманстратыўнымі, калі людзі сыходзяць з пэўным рытуалам – і прыгадвае справу Коржыча.

  • Аляксандр Коржыч – вайсковец тэрміновай службы вучэбнага цэнтру ў Печах. 3 кастрычніка 2017 года ягонае цела знайшлі ў склепе будынку медычнай роты ў пятлі з рэменя з перавязанымі шнурком ад абутку нагамі і нацягнутай на галаву майкай. Паводле суда, жаўнер павесіўся.
Hавiны
Блогер NEXTA адказаў Следчаму камітэту
2019.05.20 14:58

Паводле былога следчага, адным з найважнейшых доказаў аб самагубстве былі б парахавыя газы на руках і вопратцы загінулага. Але пра гэта нічога не гавораць, дадае ён.

«Мяркую, яны зразумелі, што справа будзе нераскрытаю, – кажа Волчак. – Упэўнены, у нас ёсць добрыя судовыя эксперты, спецыялісты і навуковыя супрацоўнікі, якія ведаюць, як збіраць рэчавыя доказы, але за тры дні яны нічога не знайшлі. Месца здарэння добра пачышчанае, то бок працавалі прафесіяналы».

Hавiны
«Калі ўбачыў ягонае фота, я рэальна заплакаў». Забойцаў 22-гадовага інспектара ДАІ пакуль не знайшлі
2019.05.17 09:29

Чарговаю праблемаю Волчак называе пытанне кампенсацыі сваякам загінулага.

«Пахаванне адбылося гэтак, быццам ён быў пры выкананні службовых абавязкаў. І адматаць гэта цяжка. Сваякі могуць зараз падаць пазоў, і, лічу, яны павінныя абараніць імя свайго сына. Ім трэба наняць смелых адвакатаў, якія будуць адпрацоўваць версію забойства пры выкананні службовых паўнамоцтваў. Калі яны дакажуць гэта нават пры ўмове, што забойства не раскрыюць, сваякі не толькі абароняць імя сына, але і атрымаюць сурʼёзную кампенсацыю», – працягвае наш суразмоўца.

Апошняе пытанне, якое чакае адказу, – аблавы на цыганоў па ўсёй краіне.

«Хто прынясе прабачэнні цыганам за незаконнае затрыманне? Хто з дзяржслужбоўцаў панясе адказнасць за гэтую справу?» – пытаецца Волчак.

Следству не вераць, бо не вераць міліцыі

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы і старшыня АГП Мікалай Казлоў лічыць, што людзі не вераць у афіцыйную версію следства, бо міліцыя не заваявала давер у грамадства.

«Нешта канкрэтнае з нагоды гібелі маладога лейтэнанта я сказаць не магу, але ведаю, што сумневы ў людзей з нагоды кідання следчых з адной версіі да другой – гэта дзякуючы рэпутацыі міліцыі, якую яна зарабіла за апошнія гады. Гэта ўсё выклікае недавер, падазрэнні, канспіралагічныя версіі. Што б ні казаў афіцыйна Следчы камітэт, МУС ці Шуневіч, усё падвяргаецца сумневу. Таму што яны столькі разоў падманвалі, што паверыць з паўслова мы ўжо не можам», – кажа Мікалай Казлоў.

ВІДЭА
Следчы камітэт апублікаваў відэа з месца забойства магілёўскага інспектара ДАІ
2019.05.17 10:59

Цела 22-гадовага лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Міліцыя ўвяла план «Сірэна», але падазраваных не знайшла.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу 362 Крымінальнага кодэксу («Забойства працаўніка органаў унутраных справаў у сувязі з выкананнем ім абавязкаў у ахове грамадскага парадку»).

20 траўня на сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі СК і МУС паведамілі журналістам, што галоўная версія следства – суіцыд.

  • Алег Волчак – старэйшы следчы пракуратуры Фрунзенскага раёну Менску ў 1994–1998 гадах. Былы дэпутат Менскага гарадскога савету. Займаецца праваабарончай дзейнасцю.
  • Мікалай Казлоў – падпалкоўнік міліцыі ў запасе. Шмат гадоў прапрацаваў у крымінальным вышуку, але быў адпраўлены ў адстаўку пасля таго, як падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў 2008 года на адным з менскіх участкаў фактычна схапіў за руку кіраўніцтва камісіі на ўкідванні бюлетэняў. Займаецца палітычнай і праваабарончай дзейнасцю. Старшыня АГП.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў