Былы паліттэхнолаг Трампа Манафорт атрымаў турэмны тэрмін за фінансавыя злачынствы


Экс-кіраўніка выбарчага штаба Доналда Трампа Пола Манафорта суд у ЗША пакараў 3 гадамі і 11 месяцамі турмы за фінансавыя злачынствы. Манафорт таксама з’яўляецца фігурантам справы аб расейскім умяшанні ў прэзідэнцкія выбары, за што заплаціць 50 тысяч долараў штрафу і кампенсацыю ў памеры каля 24 млн.

Манафорт – адзін з абвінавачаных у справе аб магчымай змове каманды Доналда Трампа з Крамлём. «Расейскае расследаванне» вядзе спецпракурор Роберт Мюлер. Зрэшты, абвінавачанні, па якіх паліттэхнолага ў чацвер прысудзілі да турмы, да ўмяшання Расеі ў амерыканскія прэзідэнцкія выбары дачынення не маюць.

Суд Александрыі (штат Вірджынія) некалькі разоў пераносіў дату абвяшчэння прысуду Манафорту, хоць прысяжныя яшчэ ў жніўні мінулага года прызналі яго вінаватым па васьмі пунктах абвінавачвання з 18.

Прычына – другая справа паліттэхнолага, якая разглядалася паралельна ў Вашынгтоне, у судзе сталічнай акругі Калумбія. Па гэтай справе Манафорта вінавацяць у змове супраць дзяржавы, адмыванні грошай, дачы ілжывых паказанняў, утойванні важнай інфармацыі і парушэнні правілаў рэгістрацыі ў якасці замежнага агента – да супрацы з Трампам ён працаваў на экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

Перад судом у Вірджыніі Манафорта ўпершыню паўстаў у кастрычніку 2017 года. Да чэрвеня 2018 года ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, але затым апынуўся ў следчым ізалятары ў Александрыі: следчыя даведаліся пра ягоныя спробы паўплываць на сведкаў, і меру стрымання зрабілі больш жорсткай.

Манафорта абвінавачвалі па 18 эпізодах, сярод якіх недакладныя падатковыя дэкларацыі, утойванне замежных банкаўскіх рахункаў і махінацыі з крэдытамі. Бок абвінавачвання сцвярджаў, што Манафорт не выплаціў падаткі па меншай меры з 15 млн долараў прыбытку. У агульнай складанасці палова абвінавачванняў тычылася банкаўскіх махінацыяў.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў