Былы міністр абароны Малдовы: Інфармацыйная прастора Расеі – надзвычай таксічная


Віёрэл Чыбатару.
Фота: facebook.com/viorel.cibotaru

Якія галоўныя праблемы ў галіне бяспекі стаяць перад постсавецкімі краінамі ды як ім супрацьстаяць, распавёў у эксклюзіўным інтэрв’ю «Белсату» былы міністр абароны Малдовы і старшыня Ліберал-дэмакратычнай партыі, а сёння дырэктар Еўрапейскага інстытуту палітычных даследаванняў Віёрэл Чыбатару.

Якія галоўныя праблемы бяспекі краін Усходняй Еўропы – унутраныя ці ўсё-такі вонкавыя?

Насамрэч, і вонкавы фактар, і ўнутраны ўзаемазвязаныя. Безумоўна, адной з самых вялікіх праблем з’яўляюцца стасункі з Расейскай Федэрацыяй і з галоўнымі акторамі: як краінамі – ЗША, Нямеччына, Францыя, Індыя, Кітай, так і з аб’яднаннямі – Еўрапейскі Звяз і НАТО. Вета Расеі на ўступ у НАТО і Еўразвяз перашкаджае нашым краінам працягваць свой натуральны працэс еўрапеізацыі ды еўрапейскай інтэграцыі. З другога боку яна кансервуе праблемы, звязаныя з рэгіянальнай бяспекай. А яны, як рассаднік, ствараюць новыя пагрозы. Натуральна, што ў сітуацыі, калі Малдова, Грузія, Украіна з’яўляюцца закладнікамі Расеі праз прамую акупацыю часткі нашых тэрыторый і стварэнне ўмоваў, пры якіх доступ нашых краін да рэсурсаў – фінансавых, тэхналагічных, транзітных – абмежаваны, гэта ўсё гуляе вялікую ролю ў нашым эканамічным развіцці. Безумоўна, гэта змяншае ўнутраны патэнцыял для развіцця дэмакратычнага грамадства, для стварэння функцыянальнай дэмакратыі і якаснага дзяржаўнага кіравання.

Тым не менш, нягледзячы на вайсковыя канфлікты, апошнім часам да ўлады ў краінах нашага рэгіёну прыйшлі, так ці інакш, прарасейскія кандыдаты. Гэта і Ігар Дадон у Малдове, у пэўнай ступені, і Уладзімір Зяленскі ва Украіне ды Салёмэ Зурабішвілі ў Грузіі. У чым прычына гэтага, на вашу думку?

Hавiны
Мядзведзеў пабачыў шанец на паляпшэнне стасункаў з Украінай пры Зяленскім
2019.04.22 10:27

Прычына, перадусім, у захаванні адзінай інфармацыйнай прасторы з Расеяй, якая сёння ёсць надзвычай таксічнай для развіцця, для працягнення нацыянальнага адраджэння. У Малдове яно яшчэ не скончылася. Як і ва Украіне, у пэўнай ступені і ў Грузіі. У нас яшчэ не скончыўся пераходны перыяд ад таталітарнай сістэмы. І насаджэнне старых патэрнаў, «спасибо деду за победу», георгіеўскія стужкі, усе гэтыя агрэсіўныя антыамерыканскі і антыеўрапейскі наратывы, якія прапагандуюцца і фінансуюцца ўсімі магчымымі шляхамі, з’яўляецца вельмі сур’ёзным фактарам для таго, каб частка электарату адчувала сябе адарванай ад рэчаіснасці, у якой яна жыве.

Другое – гэта, канечне, незадаволенасць карумпаванымі палітыкамі ўжо новай фармацыі з еўрапейскай адукацыяй і цудоўным веданнем англійскай мовы, якія сталі ахвярамі ці свядома пайшлі на карупцыйныя схемы ад’ёму бюджэтных грошаў ці стварэння фондаў для захавання сябе любімых ва ўладзе. Безумоўна, гэта спарадзіла незадаволенасць электарату.

Трэці фактар – гэта адсутнасць на сённяшні момант зразумелай і выразнай перспектывы далучэння да Еўрапейскага звязу.

Важна, каб усе краіны будавалі дэмакратыю

На вашу думку, што маглі б зрабіць сёння краіны нашага рэгіёну, каб зменшыць негатыўны ўплыў Расеі?

Перадусім, у нас ужо ёсць усталяваны фармат – гэта Садружнасць незалежных дзяржаў. Мы да канца не выкарысталі ўвесь патэнцыял уздзеяння на Расею. Шырока вядомы выпадак, калі мінулы прэзідэнт Малдовы Тымофці на паседжанні кіраўнікоў краін Садружнасці адкрыта запярэчыў Пуціну. Калі б іншыя краіны падтрымалі такі крытычны тон, гэта было б вельмі карысна.

На вуліцах Малдовы. Фота Reuters

Па-другое, у нас ёсць вельмі добры фармат супрацы ў еўрапейскай праграме Усходняга Партнёрства і ў палітыцы добрасуседства Еўрапейскага звязу, дзе існуюць супольныя мэты і задачы. Гэта вельмі добрая платформа і дастаткова дзейсны, рэсурсны інструмент для таго, каб каардынаваць нашу палітыку ў вельмі многіх пытаннях. І ў супрацьстаянні гібрыдным пагрозам, у фармаванні агульнай пазіцыі краін, якія падпісалі пагадненне пра Асацыяцыю, пра яго каардынаванае выкананне.

Ёсць і двухбаковыя стасункі. Я вельмі рады, што апошнія гады дачыненні паміж Малдовай і Беларуссю паспяхова развіваюцца, асабліва ў эканамічным плане. Гэта заўсёды важна. У Малдове заўсёды існуюць сімпатыі да беларускага народу. Дзякуючы ім, лягчэй фармаваць і давер на палітычным узроўні. Якім бы ні быў урад ці рэжым у Беларусі, якім бы ні быў урад у Малдове, мы існуем геапалітычна ў адной звязцы. Мы існуем у галовах некаторых палітыкаў і палітолагаў, як нейкая буферная зона паміж Усходам і Захадам. І таму нам важна развіваць любыя праекты, якія б дапамаглі нас вывесці з гэтага ўспрыняцця.

Hавiны
Дадон шкадуе, што не можа кіраваць Малдовай, як Лукашэнка – Беларуссю
2018.09.10 20:27

У нас можа існаваць вельмі шмат транснацыяльных праектаў. Напрыклад, Поўнач-Поўдзень. Вельмі многія еўрапарламентары з прыбалтыйскіх краін і Польшчы бралі на сябе абавязкі прасоўваць іх, у тым ліку ў галіне інфраструктуры, што для нас вельмі важна.

Палітычна вельмі важна, каб усе нашы краіны знаходзіліся ў адзіным трэндзе па дэмакратызацыі нашых грамадстваў і стварэнні адзіных кансалідаваных дэмакратычных рэжымаў. Тады нам будзе, канечне, лягчэй супрацьдзейнічаць сумесна палітыцы дамінацыі, ці постімперыялізму Расеі, якая выкарыстоўвае ў ХХІ стагоддзі механізм вайсковай прысутнасці, каб уплываць на стратэгічную палітыку той ці іншай дзяржавы, якая адначасова з табой абвясціла сваю незалежнасць і мае поўнае права скарыстацца гэтым. Тым больш, што Расея выкарыстоўвае падвоеныя стандарты. Яна цалкам пагадзілася з інтэграцыяй балтыйскіх краін і ў НАТО, і ў Еўрапейскі звяз, і чамусьці ставіць вета на ўступ, напрыклад, Рэспублікі Малдова, навязаўшы нам статус нейтралітэту, які сама ж цалкам і скампраметавала.

Hавiны
Выбары ў Еўрапарламент: дзве найбуйнейшыя фракцыі панеслі істотныя страты
2019.05.27 10:45

На днях завяршыліся выбары ў Еўрапарламент. Па выніках якіх для фармавання кааліцыі давядзецца збіраць ужо не дзве партыі, а не менш за тры…

Але гэта ўсе дамоваздольныя партыі. АЛДЕ (Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу. – Заўв. Belsat.eu) – гэта самы надзейны партнёр Еўрапейскай народнай партыі. І сёння АЛДЕ ў пашыраным стане. Так, трошкі складаней будзе скласці большасць з трох палітычных сем’яў, чым з дзвюх. Але АЛДЕ – гэта еўрааптымісты, у рэшце рэшт. Гэта людзі, якія падзяляюць тыя ж каштоўнасці, што і сацыял-дэмакраты, і Еўрапейская народная партыя, і я думаю, што яны знойдуць супольную мову. Так, магчыма, у некаторых пытаннях ім будзе складаней дамаўляцца. Так, магчыма, нешта будзе прабуксоўваць.

Еўразвяз мусіць прарваць вета Расеі

Але што датычыць Рэспублікі Малдова і мяне асабіста, я вельмі мару, каб у Еўразвязе прарвалі расейскае вета на пашырэнне. Для нас надзвычай важна атрымаць гэтую перспектыву. Для нас надзвычай важна атрымаць дапамогу ў змаганні з карупцыяй, папулізмам, псеўдасуверанізмам і сепаратызмам. І я ўпэўнены, што супольныя настроі ў еўрапейскіх краінах і агульны мандат быў на ўмацаванне Еўразвязу, а не на яго аслабленне. Грамадзяне ўсё-такі прагаласавалі за ўніфікацыю Еўрапейскага звязу, за стварэнне больш аб’яднанага Еўразвязу, чым рэгіянальнага.

У часе выбараў ў Еўрапарламент.
Фота: Fabrizio Bensch/REUTERS/Forum

Так, было чакана, што пройдуць і еўраскептыкі ды нават антыеўразвязнікі. Але высветлілася, што ў меншай ступені, чым меркавалася. Яны застаюцца дастаткова раз’яднанымі. І нават прадстаўнікі некаторых сем’яў, напрыклад, зялёныя, як правіла дастаткова салідарныя з сацыял-дэмакратамі, АЛДЕ і ЕНП.

Мы павінны ўсведамляць, што еўрапейская палітыка схільная да прагматызму. І пасля такой дастаткова бурлівай кампаніі, на фоне брэкзіту, трампізму і гандлёвай вайны з Кітаем, на фоне дэмаграфічных праблемаў і праблемаў з міграцыяй, на фоне пэўных эканамічных катаклізмаў і фінансавых цяжкасцяў у некаторых рэгіёнах, усё-такі Еўразвяз паказаў сябе жыццяздольнай канструкцыяй.

У дачыненні Расеі цяжка быць аптымістам

На сёння я лічу вынікі выбараў, калі не бліскучымі, дык абсалютна прымальнымі, зыходзячы з сучасных умоваў. І яны вельмі станоўчыя. І яны даюць адказ галоўным гульцам: Расейскай Федэрацыі, якая жадала развалу Еўразвязу, і Злучаным Штатам, якія чакалі больш ахвярных дзеянняў з боку ЕЗ, што ён захоўвае ў сабе жаданне быць незалежным гульцом у партнёрстве з ЗША, а не супраць. Вымалёўваецца агульная тактычная пазіцыя з ЗША ў дачыненні да кітайскай экспансіі ў эканамічным плане. І гэта дае надзею, што будуць вырашаныя ключавыя праблемы сучаснай міжнароднай абстаноўкі.

На вашу думку, што мусіць змяніцца ў Расеі, каб яна стала больш добразычлівай да сваіх краін-суседзяў?

Я два гады запар удзельнічаў у берлінскім форуме з расейскімі палітыкамі і палітолагамі, якія дастаткова скептычныя ў дачыненні да нейкіх зменаў у Расеі. Таму, быць галаслоўным архіаптымістам і казаць, што я чакаю дэмакратычнага выбуху ці падобных зменаў, не буду.

Hавiны
«Разам з Пуціным ты ператвараеш Расею ў бананавую рэспубліку»: Навальны адказаў кіраўніку Расгвардыі
2018.10.18 14:53

Хочацца, каб Расея была стратэгічна больш вытрыманай. Каб яна зразумела, што пазбаўленне ад старых прыёмаў ХІХ-ХХ стагоддзяў толькі дапаможа ёй сапраўды ўстаць з каленяў, сапраўды быць паважанай. А не краінай, якую б людзі адкідалі праз яе постімперыялістычныя паводзіны.

Але, канечне, вырашаць грамадзянам Расеі. І калі ім падабаецца такі рэжым, то, наўрад ці, мы зможам ім чымсьці дапамагчы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў