Былы гендырэктар гатэлю «Арбіта»: Пасля затрымання на акцыі і арышту я мусіў звольніцца, але ні пра што не шкадую


Андрэй Камінскі амаль 12 гадоў адпрацаваў у сістэме прадпрыемстваў Федэрацыі прафзвязаў Беларусі. На працягу васьмі гадоў Андрэй узначальваў комплекс гатэляў «Арбіта». Нягледзячы на добрую працу і пасаду, ён не змог застацца абыякавым да падзеяў у краіне. Кіраўнік прадпрыемстваў выходзіў на акцыі, адна з якіх завяршылася затрыманнем і арыштам. Пасля гэтага была размова з працадаўцам і звальненне. Але Андрэй Камінскі кажа, што зусім не шкадуе.

Андрэй Камінскі і Ніна Багінская.
Фота: прадстаўленае Белсату

Былы кіраўнік комплексу гатэляў Федэрацыі прафзвязаў Беларусі пагадзіўся на размову з «Белсатам» бліжэй да вечара. Андрэй Камінскі патлумачыў, што днём мае забраць сваю матулю з Маршу мудрасці, які адбываўся ў панядзелак у Менску. Пазней у размове з карэспандэнтам «Белсату» распавёў, што яго матуля першы раз выйшла на акцыю пратэсту.

– Вы ведаеце, у мяне ёсць брат, і мы з ім маем аднолькавыя палітычныя погляды. Мама ведае пра нашую пазіцыю. Раней яна неяк не была актыўным удзельнікам нейкіх акцыяў. Але цяпер, калі яна бачыць, што адбываецца, вырашыла таксама прыняць удзел. Сёння (19 кастрычніка. – Belsat.eu) яна першы раз выйшла на акцыю пенсіянераў. Ёй ужо 70 гадоў, таму ёй складана. Але брат ехаў на працу і падвёз яе. А я ўжо забіраў з акцыі. Мой бацька памёр у 1996 годзе, цяпер мама жыве з іншым мужчынам. Ён таксама даволі актыўны, прымаў раней у акцыях. Цяпер яму каля 80 гадоў, але і ён таксама выйшаў пратэставаць з мамай. Карацей, матуля за апошні час эвалюцыянавала з пасіўнага назіральніка ў актыўнага ўдзельніка палітычных акцыяў.

Hавiны
Марш мудрасці і акцыя прыхільнікаў Лукашэнкі
2020.10.19 15:15

– Кім вы працавалі да таго, як пачалі таксама прымаць удзел у акцыях пратэсту?

– Я працаваў у гатэлі «Арбіта» з 2004 да 2010 і з 2015 па 2020 гады. За гэты перыяд восем гадоў працаваў генеральным дырэктарам. У сакавіку сёлета адбылася рэарганізацыя. Гатэлі «Арбіта» і «Інтурыст» аб’ядналі з УП «Менсктурыст». Але і тут я таксама выконваў абавязкі кіраўніка арганізацыі.

Андрэй Камінскі на акцыі пратэсту ў Менску.
Фота: прадстаўленае Белсату

– Што стала прычынаю і падставай для таго, каб пакінуць пасаду?

– Акрамя размовы з кіраўніцтвам, ніякай падставы для майго звальнення не было. 20 верасня мяне затрымалі амапаўцы пасля чарговага маршу. Даставілі ў Маскоўскі аддзел, потым на Акрэсціна. Тут быў суд праз скайп. Суддзя вырашыла, што мой удзел у акцыі цягне на сем дзён арышту. Мяне адвезлі ў Жодзіна. Там я адбываў пакаранне, а 28 чысла прыйшоў на працу. Мяне запрасілі на размову, падчас якой сказалі, маўляў, ты ж сам разумееш, у такой абстаноўцы і як мы будзем працаваць далей. Я адказаў, каб не хваляваліся і не шукалі нейкіх прычынаў, я сам напішу заяву на звальненне паводле пагаднення бакоў. У той жа дзень я напісаў заяву, а 30 чысла звольніўся.

– Як адрэагаваў на звальненне ваш калектыў?

– З калектывам у мяне заўсёды былі прыязныя стасункі. Нават да слёз горычы дайшло. Я нікому не казаў, што выходжу на акцыі. Мне падаецца, што многія прынялі б удзел таксама, але разумеюць, што могуць застацца без працы. Цяпер турыстычная галіна перажывае надзвычай складаныя часы, у тым ліку і праз каронавірус. Многія працуюць і на дзве траціны стаўкі. У людзей і так не хапае грошай. Таму пагроза застацца без працы для людзей з’яўляецца галоўным момантам стрымлівання.

Hавiны
Пасля перамогі Еўрасаюз акажа Беларусі «значную эканамічную падтрымку»
2020.10.17 16:10

– Але для вас не было такой перасцярогі? Вы ж разумелі што можаце застацца без пасады?

– Мне 48 гадоў. Таму для мяне гэта быў свядомы выбар. Я пачынаў прымаць удзел у грамадскім руху яшчэ ў савецкія часы ў 1988-1989 гадах. Мне былі блізкія ідэі БНФ. Потым быў перапынак звязаны з арміяй. Агулам скажу, што я быў гатовы да арышту і звальнення. Да апошняга было, канечне, спадзяванне, што працадаўца не будзе змешваць паняцці палітыкі з прафесійнымі. Але апынулася, іначай.

– Якія ўмовы ўтрымання былі на Акрэсціна і ў Жодзіне?

– З 20 і да вечару 21 верасня я быў на Акрэсціна, а потым да 28 верасня ў Жодзіне. Нам, магчыма, пашанцавала, бо ніякага гвалту і збіцця не было. Вядома, турма ёсць турма. Але ў цэлым, я чуў, што ў некаторых камерах было больш жорстка, але не ведаю, у чым прычына. Да нас было стаўленне больш-менш чалавечае.

Андрэй Камінскі на акцыі пратэсту ў Менску.
Фота: прадстаўленае Белсату

– Амапаўцы падчас затрыманняў пытаюцца ў людзей пра месца працы, пра прычыны выхаду на акцыі. Якая была рэакцыя ў іх, калі даведваліся, што вы кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства?

– Калі мяне затрымалі, нас падвялі да аднаго буса, потым да другога. Супраціву я не аказваў. Падышоў нейкі старшы, як я разумеў, бо знакаў адрознення ў іх няма. Яны ўключылі відэарэгістратар і запісалі мае звесткі: прозвішча, адрас пражывання, месца працы і пасаду. Больш ніякіх пытанняў у іх не было. І мне падаецца, што ім было ўсё роўна. Мне наагул падалося, што ім ставяць план па затрыманнях, які яны павінныя выканаць. Ужо на Акрэсціна пасля суда былі асобы, якія выклікалі на размову. Гэтак мяне выклікаў начальнік упраўлення АБЭП, праўда, я не зразумеў, ці-то ён кіраўнік нейкага раёну Менску, ці-то гарадскога. Ён тады адзначыў, што маўляў, вось у мяне такая пасада, навошта я выйшаў. З яго словаў прагучала, што калі людзі выходзяць на вуліцу, значыць іх нешта не задавальняе і запытваўся, што мяне не задавальняе, у тым ліку і ў маёй арганізацыі, ці ёсць нейкія факты парушэння заканадаўства. Але я сказаў, што ў цэлым такіх сітуацыяў не заўважаў. Агулам размова цягнулася хвілінаў 10. Яшчэ адзін момант, калі спаслаліся на маю пасаду, падчас другой размовы з некалькімі асобамі, якія не прадставіліся, але я думаю, што гэта працаўнікі КДБ. Яны запісалі мае дадзеныя, якая сям’я, дзе жыву, якая машына ў мяне. Яны таксама запыталіся, якім чынам я патрапіў у турму, на што я распавёў як было. Яны адказалі на гэта, што, маўляў, здараецца.

Расследaванні
Атачэнне Лукашэнкі адмывае грошы праз Літву? Расследаванне
2020.10.15 20:30

– Цяпер тыя асобы, якія пацярпелі ад рэжыму і страцілі працу, могуць атрымаць падтрыманне з боку фондаў, што фармуюцца беларусамі. Ці вы звярталіся недзе за дапамогай у сувязі з стратай працы?

– Так, канечне. Я накіраваў зварот у фонд «BYSOL». Яны вывучылі маю сітуацыю і паведамілі, што мой выпадак як раз з тых, што іх цікавяць. Таму там засталіся фармальнасці, каб аказаць мне дапамогу.

– Што стала каталізатарам для вас, каб выйсці на акцыю пратэсту?

– Я нават не думаў, што выйду на нейкія акцыі. Мне падавалася, што мае гады не дазваляюць прымаць удзел у акцыях. Але падчас гвалту 9 – 13 жніўня я на свае вочы пабачыў, што адбываецца з краіне. Гатэль «Арбіта» недалёка да месца, дзе расстралялі Тарайкоўскага. І я зразумеў, што не магу застацца ўбаку. Я абавязаны быць на акцыях дзеля таго, каб прадэманстраваць, што нас шмат, што выходзіць безліч людзей, якія маюць сваё меркаванне і жадаюць змяніць сітуацыю.

Hавiны
«Салідарныя з Беларуссю». Стыпендыяльныя праграмы для студэнтаў і навукоўцаў
2020.10.15 18:55

СК belsat.eu

Стужка навінаў