Былы дарадца Ельцына: Расея займаецца ядравым шантажом


Чаму Расея ўпершыню ў гісторыі не ўдзельнічае ў міжнародных размовах пра ядравую бяспеку? Чаму не бывае «мірнага атаму»? Чаму навучыў нас Чарнобыль? Пра гэта – інтэрвю з прафесарам Аляксеем Яблакавым, былым дарадцам Барыса Ельцына, аўтарам кнігі «Чарнобыль. Наступствы для чалавека і прыроды».

– Якія краіны сёння пагражаюць ядравай бяспецы і якім чынам?

– Паўночная Карэя – бліскучы прыклад таго, як можна выкарыстоўваць ядравую зброю ў якасці шантажу. Гэтая краіна пагражае ўсяму свету: Японіі, Паўднёвай Карэі, ЗША. Кажа, што можа запусціць ракету наўпрост у Злучаныя Штаты і гэтак далей. І ўсе вымушаныя слухаць яе, хадзіць вакол яе на дыбачках… Іран таксама пагражаў, але цяпер менш, бо эканамічныя санкцыі, якія былі даволі доўга – амаль 20 гадоў, паказалі яму, што лепей з сусветнай супольнасцю не жартаваць, а лепш нейкім іншым чынам вырашаць свае палітычныя праблемы. Насамрэч у яго былі сурʼёзныя атамныя амбіцыі. Ён хацеў, як і Паўночная Карэя, займацца такім ядравым шантажом. Наўрад ці ён хацеў некага адмыслова ўгробіць, хоць ізраільцы лічаць, што Іран хацеў усурʼёз іх загубіць, але я не думаю гэтак. Іран дакладна хацеў займацца шантажом. А цяпер мы займаемся ядравым шантажом. Гэта недастойна нашай краіны. Але мы адмовіліся размаўляць наконт ядравага раззбраення, што адбылося ўпершыню ў гісторыі ўсёй ядравай зброі. У самыя страшныя гады Халоднай вайны ніхто ніколі не адмаўляўся ад размоваў пра наладжванне кантактаў, бо ўсе разумелі: мы адмовіліся – мы тым самым паставілі сябе ў вельмі цяжкае становішча.

– Чаму міжнародная супольнасць забараняе Ірану распрацоўванне мірнага атаму, а іншым краінам можна гэта рабіць?

– Справа ў тым, што ў Іране гэта не проста мірны атам. Праблема ў тым, што мірнага атаму не бывае. Большасць атамных тэхналогіяў – гэта адны і тыя ж. Краіна, якая пабудавала атамную станцыю, пераадолела палову шляху да атамнай зброі. Цяпер пад выглядам развіцця мірнай атамнай энергетыкі ўсе краіны зусім яўна развіваюць ядравыя праграмы. Гэта і Егіпет, і Арабскія Эміраты, Паўднёва-Усходняя Азія заварушылася. Яны ўсе думаюць, што з дапамогай ядравай бомбы можна будзе камандаваць, шантажаваць і гэтак далей. З Іранам такая гісторыя: аяталы, калі прыйшлі да ўлады, заявілі, што іхная мэта – ядравая зброя, што яны будуць камандаваць, змагацца з ЗША з дапамогай ядравай зброі. Потым яны замаскаваліся. Але я дакладна ведаю, што была дамова Расеі з Іранам, дзе Расея ў пачатку ельцынскага праўлення абяцала дапамагаць ім менавіта ў справе атамнай зброі. Потым Ельцын сказаў: «Выкасоўваем ваенную кампаненту з праграмы супрацы з Іранам». Значыць, была гэта ваенная кампанента – нельга адмаўляць. Таму Іран адрозніваецца ад іншых краінаў, бо робіць ядравую зброю.

– Як ядравая зброя можа трапіць у рукі тэрарыстаў і як гэтаму можна перашкодзіць?

– Цяпер гэтае пытанне трэба крыху інакш паставіць. Цяпер ядравы тэрарызм – гэта дзяржаўны тэрарызм. Іран, Паўночная Карэя – вось ядравыя тэрарысты. Ніякі індывідуальны тэрарыст ці маленькая групка людзей нічога не можа зрабіць з ядравай бомбай. Узарваць яе нельга – гэта надзвычай цяжка, адмысловыя коды мусяць быць. Нельга думаць, што сцягнуў бомбу і ўзарваў. Такога не можа быць. Па-другое, «брудная» атамная бомба, якая распыляе радыеактыўныя рэчывы, – гэта страшная рэч. Яна можа сапсаваць жыццё вялікаму гораду на сотні гадоў, але гэта абсалютна нецікава для тэрарыстаў, бо няма хуткага выніку. Эфект ад такой «бруднай» атамнай бомбы будзе праз дзесяцігоддзі, а гэтага ніякі тэрарыст не вытрымае.

– Наколькі саміт у Вашынгтоне можа вырашыць праблему ядравай бяспекі?

– Ніякі саміт ніякую праблему не можа вырашыць. Кожны саміт, і гэты Вашынгтонскі, скіраваны на тое, каб размаўляць і знаходзіць узаемадзеянне. У тым, што Вашынгтон сабраў саміт, ускосна вінаватая Расея, бо тры-чатыры гады таму Расея раптам загаварыла пра магчымае выкарыстанне ядравай зброі. І нават у ваеннай дактрыне пачало праслізгваць: так, мы можам выкарыстаць ядравую зброю не толькі ў адказ на ядравы ўдар, як раней было. Пуцін гаворыць у знакамітым кінафільме, дзе ён кажа пра ўзяцце Крыму, што ён усурʼёз думаў пра гатовасць ужыць ядравую зброю, калі б ў яго нічога не атрымлівалася. Але гэта наагул ні ў якія вароты не лезе. Ніколі такога не было. І Захад, канешне, вельмі занепакоены гэтай рыторыкай. Каб вярнуць сусветныя адносіны зноў у тыя рамкі, якія былі пасля дамоўленасці Рэйгана і Гарбачова, каб вярнуцца да разумення, што ядравая вайна – гэта ядравая зіма і знішчэнне ўсяго свету, – дзеля гэтага і збіраецца саміт. Тое, што Расея на яго не едзе, – гэта самаізаляцыя. Тут можна толькі здагадвацца, чаму: альбо асабістыя амбіцыі Уладзіміра Пуціна, які баіцца, што яго не запросяць на гарбату альбо не выкажуць пашаны, а ён вельмі крыўдлівы чалавек; альбо гэта ядравы шантаж, калі ён кажа: не паеду, у мяне ёсць атамная бомба, то вы і паскачыце вакол мяне.

Больш – у відэаматэрыяле.

Гэта сюжэт з праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» штопятніцу а 21:40. У апошнім выданні: чаму Пуцін байкатуе апошні ядравы саміт Оўбамы; як Расея займаецца ядравым шантажом; чаму згортваюць стыпендыяльную праграму імя Каліноўскага; 20 гадоў інтэграцыі Беларусі з Расеяй – як Менск змарнаваў маскоўскія грошы; «Мальвіны нашыя» – вяртаецца прывід аргентына-брытанскай вайны; з усмешкай на фронт – валанцёры-стаматолагі вяртаюць жаўнераў у шэраг.

Гутарыў Мумін Шакіраў, «ПраСвет»

Стужка навінаў