Былы чалавек Лукашэнкі на прэзентацыі кнігі пра беларусаў, якія дапамаглі Пуціну акупаваць Крым: «анексія» – гэта надзея


Кніга «Флатаводцы Белай Русі» выйшла накладам у 500 экзэмпляраў у Маскве. Яе прэзентацыя адбылася 9 снежня ў Севастопалі падчас аднайменнай канферэнцыі.

Кніга мае сем раздзелаў:

  • «На флатах імперыі»
  • «Настаўнікі айчыннага ВМФ»
  • «Інжынеры і генералы флота»
  • «Героі вялікай айчыннай»
  • «Адміралы саюзы»
  • «Адміралы падводнага света»
  • «Беларусы, якія вярнулі Крым»

PDF кнігі тут.

У афіцыйнай справаздачы гаворыцца, што ў канферэнцыі ўзялі ўдзел «віцэ-адміралы і контр-адміралы, афіцэры, гісторыкі і публіцысты з РФ і Рэспублікі Беларусь, ветэраны савецкага і расейскага флоту, прадстаўнікі беларускай дыяспары».

Галоўнаю мэтаю арганізатары канферэнцыі называюць, увага, «развіццё расейска-беларускіх адносінаў [канферэнцыя і прэзентацыя праходзілі на анексаваным расейцамі паўвостраве. – Заўв. Belsat.eu], умацаванне кантактаў паміж прадстаўнікамі навуковай супольнасці, ветэранскімі арганізацыямі і інстытутамі грамадзянскай супольнасці двух брацкіх дзяржаваў».

Удзельнікі канферэнцыі

Укладальнік кнігі Мікалай Малішэўскі – беларус, былы загадчык кафедры ідэалогіі і палітычных навук Акадэміі кіравання Беларусі, палітолаг.

Мікалай Малішэўскі

«Белоруссия» дала расейскаму флоту больш за 150 адміралаў і марскіх генералаў. Беларускія маракі падарылі пяць герояў СССР і аднаго героя Расеі. У савецкі час тры ваенныя карабля насілі імя «Минск», былі «Брест», «Орша» і г.д. Але, на жаль, у Беларусі пра гэтых людзей нічога не ведаюць», – адзначыў укладальнік кнігі.

На прэзентацыі таксама прысутнічаў былы намеснік кіраўніка Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, Леў Крыштаповіч.

Леў Крыштаповіч

«Сёння галоўныя героі – жыхары Севастопаля і Крыму. Крым і Севастопаль не проста вярнуліся ў Расею. Яны далі нам надзею, што мы можам аднавіць наша адзінства і пераадолець тую геапалітычную катастрофу, якая адбылася ў пачатку 90-ых, што Расея будзе вялікай дзяржавай. Нам хацелі замяніць нашу гераічную і трагічную гісторыю, пазбавіць нас магчымасці быць сабой. Нам казалі, што трэба пазычаць іншую гістарычную канцэпцыю. Але калі мы адмовімся ад сваіх каранёў, то мы знікнем як народ, як нацыя, як людзі, і ператворымся проста ў біялагічны матэрыял», – заявіў на канферэнцыі былы працаўнік Адміністрацыі кіраўніка Беларусі.

Сярод гасцей канферэнцыі было некалькі ўраджэнцаў Беларусі, якія цяпер займаюць высокія пасады ў ВМФ Расеі. Пасля развалу СССР яны прысягалі на вернасць Украіне, але у 2014-ым перапрысягнулі на вернасць Маскве.

«Яны бралі непасрэдны ўдзел у акупацыі Крыму», – кажа Дзяніс Івашын, рэдактар беларускай версіі праекту «InformNapalm».

Паглядзіце відэа і даведайцеся імёны беларусаў, якія дапамаглі Пуціну анексаваць Крым.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў