Былы амбасадар Украіны у Беларусі стварае сваю партыю, з якой пойдзе на выбары


Украінскі палітык, экс-амбасадар Украіны ў Беларусі (2010-2011) Раман Бязсмертны заявіў пра пачатак працы па стварэнні сваёй партыі. Раней ён агучыў намер балатавацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах, запланаваных на 31 сакавіка 2019 года.

Пра гэта ён напісаў у маніфесце, апублікаваным на ўласным сайце.

«Я гатовы браць на сябе адказнасць, каб стаць ініцыятарам фармавання партыі новага ўзору. Устаноўчы з’езд палітычнай сілы аднадумцаў прапаную правесці ў канцы студзеня 2019 года», – адзначыў палітык.

Паводле яго, у партыі пакуль няма назвы і лагатыпу – іх Бязсмертны прапануе вызначыць падчас зʼезду аднадумцаў.

Бязсмертны прапануе пазбавіць дзяржаву манаполіі на вытворчасць тавараў абароннага заказу, разарваць эканамічныя адносіны з Расеяй, адмяніць мараторый на продаж сельскагаспадарчых угоддзяў, перайсці на двухпалатную парламенцкую сістэму. Ён таксама прапануе будаваць партыю «па гарызантальным прынцыпе з выкарыстаннем інструментаў электроннай дэмакратыі».

Бязсмертны заклікае «не паразітаваць на веры і не ператвараць царкву ў інструмент дасягнення палітычных мэтаў«. Апошняе выглядае кантрастна ў параўнанні з лозунгам дзейнага ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі – «Армія. Мова. Вера».

Раман Бязсмертны быў амбасадарам Украіны ў Беларусі з лютага 2010 па чэрвень 2011 года. Улетку 2011 года ён дазваляў сабе крытыкаваць дзеянні беларускіх уладаў, якія на незадаволенасць грамадзянаў рэагавалі жорсткімі разгонамі акцыяў пратэсту.

У 2015 годзе Бязсмертны прадстаўляў Украіну на перамовах Трохбаковай кантактнай групы ў Менску.

KA, belsat.eu

Стужка навінаў