Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі: Трэба быць гатовым да самага дрэннага варыянту


Што яшчэ мусіць здарыцца, каб свет расплюшчыў вочы? Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі і былы намеснік амбасадара Польшчы ва Украіне Лешэк Шэрэпка ў інтэрв’ю Аліне Коўшык каментуе агрэсію Расеі супраць Украіны. Польскі дыпламат цяпер працуе ў Цэнтры даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту.

Я б хацела пачаць нашае інтэрв’ю з таго, што сказаў брытанскі аналітык Эдўард Лукас. Ён параўнаў тое, што адбываецца ва Украіне, і рэакцыю Захаду з 1 верасня 1939 года. Што б было, калі б Нямеччына напала на Польшчу, а ўсе таксама маўчалі і заклікалі да міру?

Я не зусім згодны з гэтым, бо вайна ўжо ідзе пяты год. Яна пачалася ў 2014 годзе. Можна называць гэта па-рознаму, гібрыднаю вайною, але гэта сапраўдная вайна. Штодня гінуць людзі. Асабліва на ўсходзе Украіны. І апошнім часам гэтага ніхто не заўважае. Добра, што адбыўся гэты інцыдэнт у Азоўскім моры, бо свет згадаў пра канфлікт вакол Украіны.

Тым не менш цяпер вакол Украіны адбываецца шмат усяго. Пяцігоддзе Майдану, пра што мы ўжо трошкі забыліся ў сувязі з тым, што адбываецца. Томас, практычна прыняты Святым Сінодам: аўтакефальная ўкраінская царква робіцца незалежнай ад Расеі. І вось гэтая агрэсія. Пра што гэта ўсё кажа? Гэта ўсё звёны аднаго ланцуга?

Так, я думаю, што ў Масквы, у Расеі, ёсць нейкі план, звязаны з Украінаю.

Як мінімум Расея будзе імкнуцца ўтрымаць Украіну ў сваёй зоне ўплыву, а як максімум, я думаю, нават праглынуць гэтую краіну.

Вы памятаеце выказванне Пуціна на саміце NATO ў 2008 годзе ў Бухарэсце, калі ён сказаў, што Украіна – дзіўны незразумелы гістарычны выпадак і выпадковая дзяржава?

Як вы ацэньваеце, што Пятро Парашэнка заклікаў NATO ўвесці флот у Чорнае мора і заблакаваць Басфор для расейскіх караблёў? Ён правільна сябе паводзіць?

Я ўвогуле думаю, што ўкраінскія ўлады не да канца паводзяць сябе адэкватна. Яны дасылаюць свету ілжывыя сігналы.

Я думаю, што ў цяперашняй абстаноўцы, калі ёсць неабвешчаная вайна, просты крок – гэта разарваць дыпламатычныя стасункі паміж краінай-ахвяраю і краінай-агрэсарам.

Я не разумею, чаму ўкраінскі бок гэтага не робіць. Тое, што яны кажуць, быццам гэта клопат пра грамадзянаў Украіны, якія жывуць у Расеі, не да канца пераконвае.

Украінцы кажуць, што імкнуцца рабіць усё, каб не нашкодзіць Украіне.

Я ўжо сказаў, што гульня вядзецца за будучыню краіны. Я думаю, што ўкраінскія ўлады не да канца адэкватна разумеюць гэтага сюжэту.

Шмат хто таксама крытыкуе Пятра Парашэнку, што ён увёў гэта ваеннае становішча, што, магчыма, ён грае на руку сабе, спрабуючы нейкім чынам падняць рэйтынг перад прэзідэнцкімі выбарамі. Як вы думаеце: правільна ён зрабіў?

Я думаю, што Украіна павінная была гэта зрабіць пяць гадоў таму. Памятаеце, калі быў кацёл у Дэбальцава, калі загінулі некалькі сотняў украінскіх жаўнераў? Ніхто гэтага не зрабіў. Цяпер здарыўся інцыдэнт, вядома, сурʼёзны, параўнальна. У Азоўскім моры ўлады спрабуюць увесці ваеннае становішча, але гэтая дзіўна, бо цягам аднаго дня прэзідэнт змяняе некалькі разоў свой пункт гледзішча. Спачатку ён сказаў, што яно на 60 дзён, потым на 30, спачатку ўся Украіна, потым толькі частка Украіны. Гэта незразумела.

Мабыць, не ведалі, як сябе паводзіць, нейкае замяшанне. Але чаму гэта выплывае, калі яны не ведалі, як сябе паводзіць? Трэба было прыняць нейкае рашэнне.

Гэта вельмі сурʼёзнае пытанне. Такія пытанні нельга развязваць экспромтам. Калі вы нешта робіце, вы мусіце падумаць, што вы робіце. Бо Расея будзе на гэтым граць. І, як ні дзіўна, гэтая прапанова ўвесці ваеннае становішча ўпісваецца ў тэрміны палітычнай барацьбы ва Украіне, закранаючы тэрміны прэзідэнцкай кампаніі.

Што Захад можа зрабіць, каб фракцыя вайны, якая цяпер бліжэй да вуха Пуціна, стала менш моцная і ўсё ж фракцыя лібералаў трохі больш абрасла перʼем, каб Пуцін стаў менш агрэсіўны? Што ў руках Захаду, Еўразвязу, ЗША?

Трэба зрабіць нейкія крокі. Напрыклад, дапамагчы Украіне ваеннаю тэхнікаю. Больш рашуча сказаць, якія нашы крокі будуць у будучыні, калі Расея перакрочыць нейкую чырвоную лінію.

Але я думаю, што Захад не хоча заўважаць гэтай вайны і ўвогуле не гатовы да вострых бітваў у Еўропе.

Гэта значыць, яны баяцца?

Баяцца. Яны ўвогуле не гатовыя. Пачытайце, напрыклад, пра стан нямецкага войска. І Польшча таксама не гатовая.

Беларусь таксама не гатовая.

І я думаю, што яны страцілі апошнія пяць гадоў, каб лепш падрыхтавацца.

А што мы можам зрабіць, каб падрыхтавацца?

Трэба рыхтавацца да сапраўднай вайны ў гэтай частцы Еўропы.

Перш за ўсё, мы мусім зразумець сурʼёзнасць становішча ў Еўропе, зыходзячы з гэтага рабіць усё, каб спачатку мінімізаваць вынік гэтай вайны ці гэтых падзеяў, а калі гэтага не ўдасца зрабіць – быць гатовым да самага дрэннага варыянту.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Чытайце таксама:

Hавiны
Вось расейская акцыя! Дзе заходняя рэакцыя?
2018.11.30 21:05

Фота: Sergei Malgavko / TASS / FORUM

Стужка навінаў