Былому дырэктару Палаца спорту інкрымінуюць 178 эпізодаў злачынстваў


Следчы камітэт завяршыў расследаванне ў дачыненні да былога дырэктара «Палаца спорту». Паводле следства, 58-гадовы дырэктар з 2012 па 2018 год атрымліваў ад прадстаўнікоў розных суб’ектаў гаспадарання ў якасці хабару грошы за станоўчае вырашэнне пытанняў аб арэндзе памяшканняў і абсталявання прадпрыемства.

Прэс-служба Следчага камітэту паведамляе, што па выніках расследавання ўстаноўлена 178 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці былога дырэктара, сярод якіх і атрыманне хабараў, і махлярства, і іншыя. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, агульная сума незаконна атрыманых узнагародаў склала больш за 78 тысячаў рублёў.

У выніку службовай асобе прадʼяўленыя абвінавачванні па шэрагу артыкулаў: атрыманне хабару паўторна, у буйным памеры, атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, замах на атрыманне хабару, падбухторванне ў дачы хабару, крадзеж, шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, махлярства, здзейсненае паўторна, у буйным памеры.

Следчыя арыштавалі маёмасць абвінавачанага на агульную суму больш за 370 тысячаў рублёў. Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

Былы дырэктар Палаца спорту Сяргей Прановіч быў затрыманы 5 лютага летась у сваім службовым кабінеце. У КДБ распавялі, што ён увесь час браў хабар ад тых, хто хацеў скарыстацца памяшканнямі Палаца спорту. Сумы складалі ад 100 да 1,2 тысячаў долараў – у залежнасці ад чаканай рэнтабельнасці выставы ці гандлёвай кропкі. Грошы паступалі практычна кожны працоўны дзень. Хабар прымаўся не толькі грашыма, але і ў выглядзе інструментаў, мікрахвалевай печы, квіткоў на канцэрт, алкаголем.

Затрыманне Сяргея Прановіча пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся», – распавёў кіраўнік краіны.

Ён таксама падкрэсліў, што не верыць у тое, што тагачасны міністр спорту Аляксандр Шамко не ведаў пра паводзіны Прановіча.

СК, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў