Былога топ-менеджара Упраўлення справамі кіраўніка краіны асудзілі на 9 гадоў


Праваахоўнікі паведамілі пра выкрыццё буйной карупцыйнай схемы.

Амаль два гады таму супрацоўнікі УБЭЗ ГУУС Менгарвыканаму затрымалі выконваючага абавязкі першага намесніка начальніка «Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення» Упраўлення справамі кіраўніка Беларусі Уладзіміра Рэентовіча.

Таксама была затрыманая ягоная былая жонка ды два заснавальнікі ТАА «ПКБ-Плюс» Аляксандр Пікулік і Грыгорый Вецер.

Аператыўнікі ўсталявалі, што з 2013 па 2015 гады Пікулік і Вецер групай асобаў па папярэдняй змове перадалі Рэентовічу хабар на агульную суму 100 млн недэнамінаваных рублёў. Грошы Уладзімір Рэентовіч браў праз пасярэдніка – былую жонку.

Супраць Рэентовіча, Пікуліка ды Вецера распачалі 14 крымінальных справаў.

«Людскія справы» пра карупцыю

У лістападзе 2015 года, пасля таго як Рэентовіч быў арыштаваны, у межах крымінальнай справы, якая расследавалася, быў выяўлены яшчэ адзін факт атрымання ім хабару на агульную суму больш за мільярд недэнамінаваных рублёў.

У снежні 2016 года суд Менскага раёну вынес прысуд, згодна з якім Уладзімір Рэентовіч за перавышэнне службовых паўнамоцтваў ды атрыманне хабару быў асуджаны на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Таксама яму забаранілі цягам 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-загадчых і гаспадарчых абавязкаў, са штрафам у памеры 1000 базавых велічыняў і з пастановай спагнаць з асуджанага звыш за Br 110 000 у прыбытак дзяржавы.

Ягоная былая жонка атрымала 4 гады пазбаўлення волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – за пасярэдніцтва ў хабары.

За дачу хабару Аляксандру Пікуліку прысудзілі 3 гады абмежавання волі, Грыгорыю Вецеру – 4 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У 2017 годзе на рашэнне суда была пададзеная апеляцыйнай скарга. Менскі абласны суд, разгледзеўшы яе, 17 траўня 2017 года вынес рашэнне пакінуць усё без зменаў, акрамя былой жонкі Рэентовіча. Яе прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў